Проста Статкевіч

Мікалай Статкевіч

Чаму адзіным кандыдатам мусіць быць Мікола Статкевіч.

Па-першае, гэта проста прыгожа. Асымэтрычны адказ уладзе, якая знаходзіцца па-за межамі этыкі й эстэтыкі. Ва ўмовах адсутнасьці выбараў працуюць не апэляцыі да коштаў камуналкі ці вывядзеньня расейскіх вайсковых баз, а толькі глябальныя і зразумелыя апэляцыі да Прыгожага і Добрага. Калі ўся палітыка ў краіне прадстаўленая адным артыстам, супрацьстаяць яму можа толькі артыст, які прадстаўляе ўсю этыку і эстэтыку. Няма ілюзіяў адносна перамогі, бо гэта ўсяго толькі спэктакль пра адвечнае супрацьстаяньне дабра і зла. І чым больш зразумелы ён будзе шырокай публіцы, тым лепш ён будзе ўспрыняты і тым больш у ім будзе сэнсу для будучыні.

Па-другое, гэта проста сумленна. Калі кандыдат ад мінулых выбараў сядзіць у турме толькі за тое, што ён кандыдат, а не фігляр, паводле ўсіх законаў маралі й лёгікі, ён застаецца кандыдатам, і «тыя» выбары ня скончыліся. Пытаньне пра тое, што законы маралі й лёгікі «не такія простыя, як здаецца», пакінем унукам, роўна як і ацэнку нашых дзеяньняў. З адлегласьці такія рэчы выглядаюць вельмі проста.

Па-трэцяе, проста яму няма альтэрнатывы. Мноства людзей галасавала за яго мінулы раз і асабіста я ні разу ня чуў, каб нехта расчараваўся. Пра іншых кандыдатаў чуў і чую такое на кожным кроку. Наадварот, многія пашкадавалі, што галасавалі не за яго.

Падкрэсьлю, гаворка ня йдзе пра выбары ці пра тое, якім бы Статкевіч быў прэзыдэнтам. Вядзецца проста пра тое, як можна згуляць гэты спэктакль з карысьцю для нацыі і краіны.

Проста.