Інтэрнэт-галасаваньне на бранскім сайце выявіла, што каля 70 працэнтаў яго ўдзельнікаў хацелі б, каб Бранск стаў беларускім. Але арганізатары апытаньня лічаць, што яго вынікі маюць мала супольнага з рэчаіснасьцю.
Беларусь лідзіруе ў папярэдніх выніках апытаньня на бранскім сайце. У суботу бранскае інтэрнэт-выданьне «ГородБ» запусьціла апытаньне сярод сваіх чытачоў, які варыянт дзяржаўнай прыналежнасьці гораду Бранску яны б абралі.
Чытачы сайту гэтак расставілі свае прыярытэты:
Бранск у складзе Расеі — 16.29% (548 галасоў)
Бранск у складзе Беларусі — 69.95% (2353 галасоў)
Бранск у складзе Ўкраіны — 5.74% (193 галасоў)
За Бранскую Народную Рэспубліку — 4.93% (166 галасоў)
Калі б у Бранску сапраўды адбыўся рэфэрэндум, то пераважная большасьць прагаласавала б за захаваньне рэгіёну ў складзе Расеі. Але варыянт далучэньня да Беларусі ўсё ж такі атрымаў бы ня 70, а ўсяго толькі некалькі адсоткаў галасоў.
Такую думку ў інтэрвію Радыё Свабода выказаў рэдактар бранскага інтэрнэт-выданьня «ГородБ» Дзяніс Пятрэнка.
На дадзены момант далучэньне Бранску да Беларусі падтрымалі больш за 70%. Пры гэтым рэдакцыя «ГородБ» у камэнтарыі да апытаньня адзначае, што больш за 42% удзельнікаў апытаньня галасавалі зь Беларусі.
Рэдактар бранскага інтэрнэт-выданьня «ГородБ» Дзяніс Пятрэнка адзначае, што зусім не чакаў такога рэзанансу. Паводле яго, апытаньне было проста жартам, да якога шмат хто паставіўся занадта сур’ёзна.
— Як наагул нарадзілася ідэя гэтага апытаньня?
— У суботу днём я праглядаў навіны і наткнуўся на падборку самых яскравых выказваньняў Аляксандра Лукашэнкі зь мінулай прэс-канфэрэнціі, сярод якіх трапілася і пра Бранск. Таму я ўдакладніў, што менавіта так гэта і прагучала, напісаў інфармацыю, а потым вырашыў прыляпіць да гэтага апытаньне — сьмешна ж. Цяпер шмат хто ў сеціве думае, што гэта правакацыя — ці то КДБ Беларусі, ці то ФСБ Расеі — але насамрэч мяне ніхто на гэта не правакаваў. Гэта зрабіў я і без аніякіх задніх думак. Тым больш, наш рэсурс «ГородБ» — ён наагул ня вельмі сур’ёзны, ён у прынцыпе іранічны. Мы не займаемся нейкімі вялікімі прапагандысцкімі праектамі.
— Якая была рэакцыя на гэтае апытаньне?
— Рэакцыя была пацешная. Наагул нельга казаць, што ў нас мэгапапулярны рэсурс. У выходныя для нас нармальная колькасьць унікальных наведнікаў — 500–600 чалавек. І гэтае галасаваньне спачатку пайшло як звычайна: за нейкі варыянт 15 чалавек прагаласавалі, за нейкі — 7. А потым — бах — статыстыка пачала расьці, і рэзка варыянт далучэньня да Беларусі пачаў набіраць абароты. Першая думка была, што нехта гэтае апытаньне накручвае, бо я ж усё жыцьцё жыву ў горадзе... Я, зразумела, ведаю, што, напрыклад, бабулькі сьвята ўпэўненыя ў тым, што ў Беларусі жыцьцё значна лепшае, чым у Расеі (яны думаюць, што будуць атрымліваць там расейскую пэнсію і шчасьліва жыць). То бок, чаго хаваць: любяць у нас, вядома, Аляксандра Рыгоравіча, але пэўна не да такой ступені. Таму я спачатку быў перакананы, што апытаньне накручваюць. Гляджу — не, усё чыста. Але потым пачаў глядзець, адкуль заходы, і тут шмат што праясьнілася. Вядома, заходы былі ў асноўным зь Беларусі.
— А ці была нейкая рэакцыя з боку ўладаў? Вядома, што ў Расеі жорстка ставяцца да праяваў сэпаратызму...
— Адна размова з прадстаўніком уладаў была, але ня тых уладаў, што ў пагонах, а цывільных. Ніякае ФСБ на мяне не выходзіла, ды я і ня думаю, што нагода ёсьць. І гэтая размова была не «ах ты, сволач, што ты зрабіў». Гэта было проста такое зьдзіўленьне: як так, мы ж разумеем, гэта пэўна ня могуць быць нашы бранскія?! І сапраўды ня могуць, гэта відавочна. То бок было зьдзіўленьне і трывога, зь якім тварам мы можам апынуцца на міжнародным узроўні. То бок рэакцыя была, але яна была адэкватная.
— А калі ўявіць сабе, што ў Бранску сапраўды б адбыўся такі рэфэрэндум, якім, на вашу думку, быў бы яго вынік?
— Тут, вядома, няма сумневаў, што варыянт «застацца ў Расеі» перамог бы. Але на другім месцы адназначна быў бы варыянт далучэньня да Беларусі (апытаньне на сайце прадугледжвала таксама варыянт далучэньня да Ўкраіны і стварэньня Бранскай Народнай Рэспублікі. — РС), і, безумоўна, гэта была б не 0,1%. Зразумела, я гэтую лічбу бяру нават не са столі, а з чыстага неба, але я думаю, што пара адсоткаў, або нават трохі больш, маглі б усур’ёз за гэта прагаласаваць. Тут таксама ня трэба забываць: у нас, як і ў вас, вельмі дысцыплінавана ўсе галасуюць.
Але любяць у нас Беларусь. Любяць, і ня толькі бабулькі. Мы ж побач з вамі знаходзімся, усе часта бываюць у Беларусі. Людзям падабаецца, што чыста на дарогах, што неяк усё па-добраму. І, вядома, асноўная фраза: «Вось „бацька“ прыйдзе і парадак навядзе».
— А калі б Аляксандар Лукашэнка балятаваўся ў прэзыдэнты Расеі, ці змог бы ён скласьці канкурэнцыю Ўладзімеру Пуціну?
— Цікавае пытаньне. Ведаеце, яшчэ нейкі год таму, ну, ня тое каб канкурэнцыю, але нейкі непакой яго асоба магла б выклікаць. Але цяпер Пуцін адназначна кумір. То бок гэтыя 86% (падтрымкі Пуціна. — РС), або каля таго, якія рэгулярна выдаюцца нашымі дасьледчыкамі, — я думаю, што яны сапраўды блізкія да праўды.