Расейскі мастак адрэзаў сабе мочку вуха на знак пратэсту супраць карнай псыхіятрыі

Пецярбургскі мастак Пётр Паўленскі

Пецярбургскі мастак Пётр Паўленскі правёў новую акцыю ў Маскве пад назвай «Аддзяленьне». У нядзелю, узьлезшы на дах Інстытуту імя Сэрбскага, Паўленскі на вачах у дзясяткаў людзей адрэзаў сабе мочку вуха.

Фотаздымкі акцыі апублікавала ў Facebook журналістка Аксана Шалыгіна.

Як вынікае з заявы мастака, яго акцыя зьяўляецца пратэстам супраць выкарыстаньня псыхіятрыі ў палітычных мэтах.

«Нож аддзяляе мочку вуха ад цела. Бэтонная сьцяна псыхіятрыі аддзяляе таварыства разумных ад вар’ятаў хворых. Вяртаючы выкарыстаньне псыхіятрыі ў палітычных мэтах — паліцэйскі апарат вяртае сабе ўладу вызначаць парог паміж розумам і вар’яцтвам»,— заявіў Паўленскі.

Зьняць мастака з даху змаглі толькі супрацоўнікі паліцыі, якія прыбылі на месца падзеі, пасьля чаго яму аказалі мэдычную дапамогу.

Паўленскі вядомы сваімі скандальнымі акцыямі. У 2013 годзе ён прыбіў сваю машонку да бруку на Краснай плошчы ў Маскве. Годам раней мастак зашыў сабе рот на знак салідарнасьці з удзельніцамі панк-гурту Pussy Riot. У лютым Паўленскі быў затрыманы каля храма Спаса-на-Крыві ў Пецярбургу за падпал аўтамабільных пакрышак ў падтрымку ўдзельнікаў Майдана ва Ўкраіне. У пачатку кастрычніка Сьледчы камітэт прад’явіў Паўленскаму за гэтую акцыю абвінавачваньне ў вандалізме.

Мастака за апошнія некалькі гадоў не раз адпраўлялі на псыхіятрычную экспэртызу, але кожны раз яго прызнавалі здаровым.

У інстытут імя Сэрбскага, каля якога адбылася акцыя, 13 кастрычніка даставілі для правядзеньня псыхіятрычнай экспэртызы ўкраінскую лётніцу Надзею Саўчанка, абвінавачваную ў Расеі ў датычнасьці да гібелі журналістаў ВГТРК пад Луганскам. Адвакаты назвалі ўмовы яе ўтрыманьня ў клініцы «карнай псыхіятрыяй». Паводле іх слоў, абвінавачаную фактычна пазбаўляюць сну.