Першая думка, якая зьявілася пасьля прачытанага — яшчэ дзесяць, нават пяць гадоў таму такое проста нельга было ўявіць, каб людзі ў нашай краіне публічна, не хаваючыся, распавядалі пра сваю хваробу, пра «чуму 21 ста годзьдзя — рак»...
Другое ўражаньне, ужо больш рацыянальнае, чым эмацыйнае: колькі ж яшчэ застаецца мітаў і домыслаў, зьвязаных з гэтым захворваньнем.
Несумненна, тое, што сёньня ўздымаюцца і абмяркоўваюцца на розных форумах, у СМІ пытаньні такога складанага сацыяльнага і псыхалягічнага характару — сьведчаньне таго, што велізарная (часьцей за ўсё не прыкметная) супольная праца лекараў-анколягаў, псыхолягаў, анкалягічных пацыентаў і іх родных па пераадоленьні інфармацыйнага вакууму, стала прыносіць відавочныя вынікі.
Ніхто не аспрэчвае шкоднага ўплыву радыяцыі, але і зводзіць усё толькі да гэтай праблемы — абсалютна няслушна
Аднак, разам з пачуцьцём задаволенасьці прыходзіць і разуменьне таго, наколькі важна правільна дзяліцца сваімі адчуваньнямі, даваць парады, спрабаваць шукаць прычыны ўзьнікненьня пухліны і ацэньваць удзел розных фактараў у пераадоленьні хваробы.
Першае, што «чырвонай ніткай» праходзіць практычна праз усе аповеды — гэта сувязь частаты злаякасных новаўтварэньняў у Беларусі з катастрофай на Чарнобыльскай АЭС. Ніхто не аспрэчвае шкоднага ўплыву радыяцыі, але і зводзіць усё толькі да гэтай праблемы — абсалютна няслушна, бо на сёньня даказаная толькі наўпроставая сувязь паміж выкідам радыеактыўнага ёду падчас аварыі і ростам захворваньня на рак шчытападобнай залозы. Тут наогул дарэчы сказаць, што ніякай выключнай сытуацыі ў галіне анкалягічных захворваньняў у нашай краіне няма — яна прыкладна такая самая як у нашых суседзяў, так і ў Эўропе ў цэлым. Усюды адзначаецца няўхільны рост захворваньня на рак. Беларусь уваходзіць у групу краінаў з прыкладна сярэднімі па Эўропе ўзроўнямі захворваньня, а найбольш высокія зь іх — ў Францыі і Даніі (пагадзіцеся, досыць далёка ад Чарнобылю). У першую чаргу гэта зьвязана са старэньнем насельніцтва, павелічэньнем сярэдняй працягласьці жыцьця. Вобразна кажучы, чым даўжэй чалавек жыве, тым болей у яго шанцаў захварэць на рак. Іншы складнік — лад жыцьця, харчаваньне, шкодныя звычкі, уплыў навакольнага асяродзьдзя, стрэс. Даволі часта перш чым шукаць прычыну «За што мне гэта?» ці «Чаму менавіта я?», варта адказаць на пытаньне «А што я зрабіў, каб не захварэць?»
Тут абсалютна дарэчны прынцып: «Хто інфармаваны — той узброены!»
У гэтым самым кантэксьце варта адзначыць яшчэ адзін станоўчы момант ад такіх публікацый: людзі пачынаюць цікавіцца праблемай ракавых захворваньняў, пазнаюць нешта новае для сябе, кажучы мэдыцынскай мовай, павышаюць сваю «анкалягічную пісьменнасьць». Тут абсалютна дарэчны прынцып: «Хто інфармаваны — той узброены!» Дарэчы, праблема недахопу ведаў у галіне анкалёгіі — бяда ня толькі пацыентаў, іх родных і знаё мых, але часта і лекараў, непасрэдна не зьвязаных з гэтай галіной мэдыцыны.
Вельмі важна, што практычна ва ўсіх гісторыях уздымаецца пытаньне веры: у Бога, у жыцьцё, у лекараў, у выздараўленьне. Бязь веры і надзеі на лепшае, у посьпех лячэньня вельмі цяжка дасягнуць станоўчага выніку нават пры зьбегу спрыяльных абставінаў. І калі ў шпіталі пацыенты знаходзяцца ў тым асяродзьдзі, дзе гэтая вера, вобразна кажучы, культывуецца, то пасьля выпіскі, застаючыся сам-насам з хваробай, многія зь іх яе страчваюць. Менавіта таму так важна стварэньне сыстэмы (менавіта сыстэмы) сацыяльна псыхалягічнай дапамогі, рэабілітацыі анкалягічных пацыентаў, у якой павінны быць задзейнічаны і лекары, і псыхолягі, і прэса, і грамадзкасьць. Толькі такім чынам, зьмяніўшы стаўленьне грамадзтва як да самой праблемы раку, так і да пацыентаў, можна зламаць стэрэатыпы, якія складваліся гадамі, і зацьвердзіць прынцып «Рак не прысуд, а дыягназ!»
Каб пацьвердзіць гэта, магу прывесьці некаторыя дадзеныя па выжывальнасьці пацыентаў (у анкалягічнай практыцы за пункт адліку прыняты пяцігадовы тэрмін назіраньня).
Варта прызнаць, што рэабілітацыя пацыентаў падчас правядзеньня хіміятэрапіі і пасьля яе разьвіта яшчэ недастаткова
Да прыкладу, пры раку вуснаў пяцігадовая выжывальнасьць у цэлым складае амаль 85%, хваробы Ходжкіна — 77% , раку ныркі — 65%, шчытападобнай залозы — 97% , малочнай за лозы — 72%. Вялікае значэньне мае своечасовасьць пастаноўкі дыягназу, звароту да лекара і пачатку лячэньня. Пры I–II стадыях хваробы вынікі лячэньня і, адпаведна, выжывальнасьць значна лепшыя, чым пры больш позьніх стадыях. Акрамя таго, само лячэньне нашмат прасьцейшае, часта абмяжоўваецца толькі хірургічным умяшаньнем, без ужываньня прамянёвай і/або хіміятэрапіі. Дарэчы, пра хіміятэрапію, пра якую столькі гаворыцца ў расказаных гісторыях. Сапраўды, некаторыя схемы пераносяцца цяжка, з выяўленымі пабочнымі рэакцыямі. Але іншага выбару няма, трэба гэта дакладна разумець, часам добра выкананая апэрацыя без дадатковага лячэньня ня мае сэнсу.
З адтэрмінаваным эфэктам хімія ці прамянёвай тэрапіі зьвязаная яшчэ адна памылка: аб эфэктыўнасьці розных народных спосабаў і зёлак
Варта прызнаць, што рэабілітацыя пацыентаў падчас правядзеньня хіміятэрапіі і пасьля яе разьвіта яшчэ недастаткова. З адтэрмінаваным эфэктам хімія ці прамянёвай тэрапіі зьвязаная яшчэ адна памылка: аб эфэктыўнасьці розных народных спосабаў і зёлак. На самой справе сытуацыя досыць простая: зрабілі апэрацыю, правялі некалькі курсаў хіміятэрапіі (а часьцяком і без апэрацыі), выпісалі дадому на фоне цяжкіх таксычных праяваў. Дома пачынаецца прыём розных народных сродкаў, настояў зёлак, у выніку праз два тыдні арганізм аднаўляецца і гэта супадае па часе зь лячэбным эфэктам хіміятэрапіі... Вось і атрымліваецца, што людзі вылечваюцца і жывуць з-за таго, «што садзяцца на зёлкі». Безумоўна, ёсьць карысныя для арганізму зёлкі. Але ўсё павінна быць вельмі дазавана і акуратна. Вельмі часта людзі пачынаюць прымаць яды, бэнзін, мачу і да т. п. Колькі я бачыў людзей, у якіх адмаўлялі ныркі, печань пасьля такога «лячэньня», і тых, хто на гэтым страціў каштоўны час, прыходзіў і прасіў дапамагчы, а ўжо нічога нельга было зрабіць...
Дэфіцыт хіміяпрэпаратаў: так, сапраўды бываюць перабоі, але ў асноўным (асабліва стандартныя прэпараты) — практычна заўсёды прысутнічаюць. Іншая справа, калі сваякі хацелі купіць арыгінальнае лекі, а не «джэнэрык». Акрамя таго, хіміяпрэпаратаў у аптэках не прадаюць, для беларусаў яны бясплатныя. Магчыма, гаворка ішла пра лекі, якія падтрымліваюць арганізм, ці процірвотныя прэпараты, ці пра іншыя лекі, тады іншая справа. Але гэта цяпер, магчыма гадоў 5–10 таму штосьці і даводзілася купляць...
Рак ня церпіць ніякіх патураньняў і адступленьняў — гэта трэба памятаць заўсёды!
І яшчэ аб адным аспэкце, навеяным расказанымі гісторыямі, не магу не згадаць. Часам людзі, якія з посьпехам прайшлі лячэньне, пражыўшы некаторы час здаровымі, губляюць пачуцьцё пільнасьці, забываюць пра каварства злаякаснай пухліны, пра тое, што бываюць рэцыдывы і новыя пухліны, вяртаюцца (а часам і не мяняюць яго) да таго ладу жыцьця, які вялі да хваробы. «Вар’яцтву сьмелых пяем мы песьні...» Рак ня церпіць ніякіх патураньняў і адступленьняў — гэта трэба памятаць заўсёды!
Падсумоўваючы, магу толькі пажадаць здароўя і дабрабыту ўсім героям і тым, хто ўзяў самы непасрэдны ўдзел у іх лёсе: лекарам, мэдсёстрам, родным, знаёмым і незнаёмым людзям, якія падтрымлівалі і падтрымліваюць іх. Толькі аб’яднаўшы намаганьні, толькі навучыўшыся памяркоўнасьці адно ад аднаго, можна разьлічваць на далейшы прагрэс у барацьбе з такой грознай хваробай, як рак.
Павал Маісееў,
загадчык аддзелу арганізацыі супрацьракавай барацьбы Рэспубліканскага цэнтру анкалёгіі і мэдычнай радыялёгіі імя М. Аляксандрава