«Лукашэнка адчуў, што Расея аслабла»

На якую аўдыторыю былі накіраваныя выказваньні Аляксандра Лукашэнкі падчас прэсавай канфэрэнцыі? Чаму кіраўнік Беларусі дазволіў сабе шэраг заяваў, якія былі расцэненыя як антырасейскія? Што азначаюць новыя тэндэнцыі ў палітыцы беларускіх уладаў — ці гэта тактычныя крокі альбо стратэгічны трэнд?

На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы «Экспэртыза Свабоды» адказваюць эканаміст Сяргей Чалы і намесьнік рэдактара газэты «Наша ніва» Зьміцер Панкавец. Вядзе перадачу Віталь Цыганкоў

Цыганкоў: Аляксандар Лукашэнка, адказваючы на пытаньні расейскіх журналістаў падчас прэсавай канфэрэнцыі ў Менску, перасьцярог Расею ад «імпэрскіх амбіцый» адносна Беларусі і суседніх з Расеяй краін сёньня. Таксама прагучалі шэраг іншых заяваў, якія некаторыя аглядальнікі ўжо назвалі «антырасейскімі». На якую аўдыторыю былі накіраваныя гэтыя заявы? Раней падчас тураў расейскіх журналістаў у Менск Лукашэнка часьцей выказваўся ў стылі «мы адзіны народ». А зараз ён гаворыць такія рэчы, якія яўна могуць не спадабацца Крамлю і нават шэраговым жыхарам Расеі. Чаму?

«У Лукашэнкі было шмат крыўдаў»

Панкавец: Я думаю, што гэта было разьлічана не на шырокага спажыўца ў Расеі альбо ў Беларусі, а на самога Ўладзімера Пуціна. У Лукашэнкі было шмат крыўдаў, ён скардзіўся — дайце мільярд, дайце зброю, а вы нічога не даяце. А што тычыцца «антырасейскасьці», ён ужо выказваў нешта падобнае вясной падчас свайго пасланьня да парлямэнту, і адчуў, што можна выступаць у такой рыторыцы, гаварыць такія рэчы, і нічога за гэта ня будзе. Цяпер ён нават ужо загаварыў, што частка пскоўскіх, смаленскіх і бранскіх зямель некалі належала Беларусі.

Цыганкоў: Зьміцер, а якая мэта гэтых выказваньняў? Прымусіць Расею «адумацца і плаціць за братэрства»? Ці гэта больш рэзкае жаданьне паставіць Расею на месца?

Панкавец: На гэтай прэсавай канфэрэнцыі ў яго не гучала такіх матываў, што я «пайду на Захад», гэтага не было. Лукашэнка казаў, што будзе працягваць будаваць саюз з Расеяй. То бок гэта па-ранейшаму выбіваньне з Расеі саступак і даброт. Мы памятаем нядаўнюю сытуацыю з падпісаньнем дакумэнтаў аб Эўразійскім саюзе, калі Лукашэнка вельмі хутка выбіў з Расеі мільярд на страты ад расейскага падатковага манэўру. Зь іншага боку, Лукашэнка неаднаразова падкрэсьліваў, што Беларусь — незалежная краіна. І ён вельмі рэзка абсёк журналістку тэлеканалу РБК, якая казала, што НАТО падыходзіць да межаў Расеі. Ён сказаў, прабачце, Беларусь незалежная краіна, і НАТО падыходзіць да межаў Беларусі.

Сяргей Чалы

Чалы: Я думаю, што ў адрозьненьне ад папярэдніх такіх прэсавых канфэрэнцыяў, гэта была пераважна «для ўнутранага карыстаньня», а не для аўдыторыі расейскіх СМІ. І тым больш не для Пуціна, для гэтага ёсьць іншыя, значна больш эфэктыўныя каналы. За гэтыя месяцы Лукашэнка пераканаўся, што прапагандысцкая расейская машына значна больш магутная, чым усе ягоныя магчымасьці. Таму я б не сказаў, што там вельмі шмат было антырасейскага — мы пачулі шмат абвінавачваньняў Захаду, былі прамоўленыя рытуальныя фразы, што мы гатовыя стаць да Пуціна сьпінай да сьпіны і адбівацца ад усяго сьвету.

Але Лукашэнка адчувае слабасьць міжнароднай пазыцыі Пуціна і моц сваіх перамоўных пазыцыяў. Што ярка паказала, як за некалькі дзён Расея аддала кампэнсацыі ў рамках падатковага манэўру. Пачалася перадвыбарчая кампанія, і гэта нагода некалькі гадзінаў пагаварыць для беларускіх гледачоў

«Лукашэнка адчувае, што адносіны ўсяго сьвету да Расеі зьмяніліся»

Цыганкоў: Ці можна сказаць, што Лукашэнка адчувае зьмену балянсу міжнароднага стаўленьня да Расеі? Адчувае, што Расея пачынае адступаць, нават ва ўкраінскім пытаньні? І можна ўжо асабліва Маскву не баяцца?

Чалы: Так, я згодны. Лукашэнка адчувае, што адносіны ўсяго сьвету да Расеі зьмяніліся, што Расея аслабла, і гэта трэнд, які на гады наперад будзе вызначаць міжнародную абстаноўку. І адпаведна, ён спрабуе неяк сябе пазыцыянаваць у гэтай новай рэальнасьці, не забываючы пры гэтым прамаўляць масу рытуальных фразаў. Але ён сапраўды выдатна адчувае пачатак пэўных тэндэнцыяў

Цыганкоў: Шмат казалі, што Беларусь можа чакаць нейкі ўкраінскі варыянт, што Расея можа захапіць краіну. Ці паказваюць словы Лукашэнкі, што ён перакананы, што такога варыянту ўжо можна не баяцца?

Зьміцер Панкавец

Панкавец: Лукашэнка адчуў, што на фоне Пуціна ён даўно ўжо ня самы горшы палітык Эўропы. І стаў рабіць пэўныя заявы, каб паказаць, што ён ня цалкам залежны ад Расеі. Што да таго, ці баіцца ён паўтарэньня ў нас украінскага сцэнару — мяркую, што пэўная перасьцярога ў яго ёсьць. Таму і пайшла ад улады хваля наконт беларускай мовы. Яна пакуль ня вельмі істотная, але яна адчуваецца. Чыноўнікі заяўляюць, што галоўная бяда — гэта страціць беларускую мову. Гэта ўсё ўкладваецца ў рэчышча апошніх заяваў Лукашэнкі.

Цыганкоў: Але за 20 гадоў кіраваньня Лукашэнкі былі пэўныя адлівы і прылівы ў пытаньнях лібэралізацыі, адносінах з Захадам, беларускай мовы — але потым усё вярталася на яшчэ больш жорсткія рэйкі. Цяперашні трэнд, рэчы, пра якія казаў Зьміцер Панкавец — гэта нейкі тактычны крок ці пачатак нейкага стратэгічнага павароту?

«Лукашэнка мяняе рыторыку ў залежнасьці ад таго, адкуль ён адчувае небясьпеку»

Чалы: Натуральна, што нельга называць шчырымі сытуацыйныя рэчы, якія зьяўляюцца тактычнымі крокамі. Але я думаю, што з улікам таго, што вецер памяняўся, то як мінімум цягам выбарчай кампаніі, гэтыя матывы будуць толькі ўзмацняцца. Лукашэнка разумее, што асноўны козыр, які ён мог прад’явіць — Эўразійскі саюз — усё болей блякне. Бо эканоміка Расеі ідзе да рэцэсіі, пачынаюцца гандлёвыя войны. Плюс ён жа думае, якімі будуць вынікі выбараў і як да іх будзе ставіцца ўвесь сьвет — таму такія сыгналы будуць толькі ўзмацняцца.

Панкавец: Мне здаецца, нічога новага тут не адбываецца. Лукашэнка мяняе рыторыку ў залежнасьці ад таго, адкуль ён адчувае небясьпеку. Зараз найбольшую небясьпеку ён адчувае не знутры краіны, бо апазыцыя разгромленая, а ад Расеі. Таму разварочвае рыторыку. Калі ж апазыцыя стане моцнай сілай, якая кіне яму рэальны выклік — я баюся, што ўсё зноў зьменіцца, Расея стане зноў адзіным хаўрусьнікам, а пра Захад будуць здымаць выкрывальніцкія фільмы.

Магу пагадзіцца зь Сяргеем Чалым, што на пэрыяд да прэзыдэнцкіх выбараў сытуацыя застанецца збольшага ранейшай, і нейкага кардынальнага закручваньня гаек ня будзе.