Ліхаманка Эбола дасягнула эўрапейскага кантынэнту, ЗША і працягвае распаўсюджвацца ў сьвеце. Паводле Ўсясьветнай арганізацыі аховы здароўя, зараз зафіксавана 8914 выпадкаў захворваньня на Эболу, але ўжо да канца тыдня колькасьць хворых павялічыцца да 9 тысяч.
Сёлета вышэйшыя навучальныя ўстановы Міністэрства адукацыі атрымалі адмысловыя інструкцыі наконт прыёму студэнтаў з краінаў Афрыкі, дзе зафіксаваная Эбола. Яны складзеныя на падставе рэкамэндацыяў мэдычных, памежных і мытных службаў. Пра гэта Радыё Свабода распавёў адзін з прадстаўнікоў управы міжнародных зносін Міністэрства адукацыі:
«У вырашэньні пытаньняў прыёму студэнтаў зь пераліку грамадзян краін Заходняй Афрыкі — перадусім Конга, Нігерыі — неабходныя пэўныя дакумэнты. Перадусім — мэдычныя даведкі, што ў абітурыента няма ніякіх дачыненьняў да хваробаў, тым больш інфэкцыйных. Што інкубацыйны пэрыяд Эболы — 21 дзень — ня тое што прайшоў, а яго ўвогуле не было.
З улікам цяперашняга становішча кіраўніцтва ВНУ ня будзе адпускаць дадому тых студэнтаў, якія паходзяць з гэтых афрыканскіх краін і ўжо вучацца ў ВНУ. У межах Рэспублікі Беларусь можна і адпачыць, можна зацікавіць іх выхаваўчымі і іншымі кірункамі дзейнасьці. Але калі ўлічыць, што ў нас малы кантынгент з гэтага рэгіёну, то вялікіх праблемных пытаньняў у нас няма».
Праўда, лік такіх студэнтаў у Беларусі, па словах прадстаўніка міністэрства, ідзе на дзясяткі ці нават адзінкі.
Студэнты з Заходняй Афрыкі— перадусім жыхары «студэнцкай вёскі» ў Менску. Адміністрацыя гэта пацьвярджае, але нешта казаць на тэму Эболы, як і на ўсе іншыя, адмаўляецца катэгарычна.
Дырэктар «студэнцкай вёскі» Мэдунівэрсытэту паведаміў, што вучацца ў ВНУ і жывуць у Менску студэнты з 53 краін, але з Афрыкі сёлета — найменшая колькасьць. На радзіму на сёлетнія летнія вакацыі выпраўляліся толькі трынаццаць. Паразмаўляць зт дзьвюма нігерыйкамі не ўдалося — дзяўчаты ці то збаяліся, ці то папраўдзе сьпяшаліся на заняткі. Нешматслоўнай была і трэцяя. Ахвотней затое размаўляла дзяўчына-студэнтка з Намібіі і лекар Мухамэд Осман, які прыехаў у Менск, каб запрашаць будучых спэцыялістаў на працу ў Судан:
«Так, ёсьць у нас праблема з хваробай, але ўсё кантралюецца, і вось ужо цэлы месяц ніхто не паміраў», — кажа нігерыйка. Па словах дзяўчыны, дома яна не была ўжо два гады, бо ня мае магчымасьці.
Студэнтка з Намібіі распавядае, што ў яе на радзіме Эболы няма, але ехаць дахаты яна пакуль не рызыкуе. Пэўнае падазронае стаўленьне да сябе, студэнты адчуваюць:
«Мне ўсё добра, бо калі хто задае якія правакацыйныя пытаньні, то я магу даць адказ: гэта захворваньне, і любы чалавек можа захварэць. І я думаю, што навукоўцы ўсяго сьвету цяпер працуюць разам, каб знайсьці вакцыну ад Эболы», — кажа дзяўчына.
Your browser doesn’t support HTML5
Лекар з Судана Мухамэд Осман тлумачыць, што ў ягонай краіне Эболы няма, але туды, дзе ёсьць вірус, ён бы не паехаў: «Я туды не паехаў бы, абсалютна. Як лекар з радасьцю дапамог бы людзям, але з асьцярогаю — як належыць. Бо з гэтай хваробай трэба быць вельмі асьцярожным, вельмі».
У адрозьненьне ад лекара з Судану, галоўны дзяржаўны санітарны ўрач Беларусі Ігар Гаеўскі праз журналістаў заклікаў «на роўным месцы не ствараць праблему і не нагнятаць напружанасьць». Бо ў Беларусі падрыхтавана больш за 400 спэцыялістаў, якія гатовыя працаваць з хворымі на Эболу. У кожным раённым цэнтры ёсьць інфэкцыйныя аддзяленьні з адмысловымі боксамі для такіх хворых, а экіпаваныя брыгады гатовыя выяжджаць да хворых з падазрэньнямі на Эболу ў радыюсе 25 кілямэтраў.
Некаторая імавернасьць ёсьць, бо наша краіна ў цэнтры Эўропы, і яна не ізаляваная
Ігар Гаеўскі сабраў журналістаў на гэтым тыдні, каб зрабіць заяву ад імя Міністэрства аховы здароўя адносна ліхаманкі Эбола. Гэта ці ня першы выпадак за дзесяцігодзьдзе, калі высокі чыноўнік міністэрства публічна выказаўся наконт актуальнай праблемы. Звычайна — як гэта было падчас распаўсюду сьвінога грыпу — Міністэрства аховы здароўя адмоўчваецца. У сваёй прамове Ігар Гаеўскі галоўным чынам заспакойваў і запэўніваў грамадзян, што мэдыкі гатовыя справіцца з Эболай у Беларусі, але не хаваў імавернасьці праблемаў:
«Некаторая імавернасьць ёсьць, бо наша краіна ў цэнтры Эўропы, і яна не ізаляваная. Студэнты зь Нігерыі, якія вучацца ў нашай краіне — самы імаверны момант, і мы яго не выключаем. Таму кожны чалавек, які прыяжджае з гэтай краіны — хай сабе нават зь мінімальнымі прыкметамі гэтага захворваньня — на яго адразу ж зьвяртаюць увагу, яго неадкладна ізалююць і шпіталізуюць. Тут перастрахоўкі быць ня можа, нават калі пасьля гэта як бы..... — ня важна. Галоўнае — не прапусьціць».
Ігар Гаеўскі паведаміў, што з траўня да кастрычніка ў аэрапорце Менску і ў Віцебску былі ізаляваныя шэсьць нігерыйскіх студэнтаў з падазрэньнем на Эболу, але пазьней гэты дыягназ не пацьвердзіўся. Паводле чыноўніка, цягам 21 дзён, а столькі доўжыцца інкубацыйны пэрыяд Эболы, за афрыканскімі студэнтамі і грамадзянамі, якія прыехалі з краінаў распаўсюду інфэкцыі, таксама праводзіцца назіраньне. Колькасьць так званай групы рызыкі ў Беларусі галоўны санітарны ўрач не назваў.
Да лекараў неабходна зьвяртацца пры першых сымптомах хваробы, кажа Ігар Гаеўскі і папярэджвае, што дактары хуткай дапамогі могуць вас напалохаць.
«Гэта агульнае падвышэньне тэмпэратуры, боль у горле, боль мышцаў і галавы. Калі хоць найменшае падазрэньне ёсьць — брыгада выедзе, належным чынам экіпаваная. Яны адразу ж апранаюць амуніцыю, даяжджаюць да чалавека, як належыць: у масцы, у акулярах, у касьцюме. Можна нават спалохацца такой брыгады хуткай дапамогі, але гэтак адбываецца, і мы дамагаемся, каб так было».
Your browser doesn’t support HTML5
Усё, што мы ведаем пра Эболу:
Вірус Эбола, ці проста Эбола — агульная назва для вірусаў роду Ebolavirus, якія выклікаюць ліхаманку ў вышэйшых прыматаў. Ён быў адкрыты ў 1976 годзе і з таго часу стаў прычынай некалькіх сур’ёзных эпідэміяў. Вірус быў выдзелены ў басэйне ракі Эбола ў Заіры, што і дало яму назву. Узровень сьмяротнасьці пры захворваньні, якое выклікаецца вірусам, вельмі высокі і ў некаторых выпадках дасягае 90%.
Сусьветныя органы аховы здароўя робяць адчайныя спробы стрымаць эпідэмію цяжкай ліхаманкі Эбола. Упершыню гэтае захворваньне было зафіксавана ў 1976 годзе. На гэты момант вірус, які выклікае ліхаманку і крывацёк, забіў больш за 4000 чалавек.
Вось храналёгія новай успышкі хваробы ў 2014 годзе:
22 сакавіка: Гвінэя пацьвярджае не апазнаную раней гемарагічную ліхаманку, ад якой загінулі больш за 50 чалавек у паўднёва-ўсходняй частцы краіны. Апрача таго, пра выпадкі хваробы паведамілі ў сталіцы.
30 сакавіка: Лібэрыя паведамляе пра два выпадкі ліхаманкі Эбола; падазроныя выпадкі зьявіліся ў Сьера-Леонэ.
1 красавіка: Арганізацыя «Лекары бязь межаў» папярэджвае, што распаўсюджваньне эпідэміі «беспрэцэдэнтнае». Але прэс-сакратар Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ) называе эпідэмію «яшчэ адносна невялікаю».
4 красавіка: На цэнтар лячэньня ліхаманкі Эбола ў паўднёва-ўсходняй Гвінэі напалі. Мэдычныя працаўнікі Гвінэі, Сьера-Леонэ і Лібэрыі сутыкаюцца з варожасьцю і падазронасьцю з боку мясцовых жыхароў.
26 траўня: СААЗ пацьвярджае першыя сьмерці ад ліхаманкі Эбола ў Сьера-Леонэ.
Чэрвень
17 чэрвеня: Лібэрыя заявіла, што Эбола дасягнула сталіцы — Манровіі.
23 чэрвеня: Зафіксавана 350 сьмерцяў ад ліхаманкі.
Ліпень
25 ліпеня: Нігерыя, найбуйнейшая эканоміка Афрыкі, пацьвярджае свой першы выпадак ліхаманкі Эбола. Чалавек памёр у Лагосе пасьля падарожжа ў сталіцу Лібэрыі — Манровію.
29 ліпеня: доктар Шэйх Умар Хан, які кіраваў у Сьера-Леонэ барацьбой супраць эпідэміі, памірае ад ліхаманкі Эбола.
30 ліпеня: Лібэрыя закрывае школы і зьмяшчае ў карантын найбольш пацярпелую грамаду мясцовых жыхароў, выкарыстоўваючы войскі.
Жнівень
2 жніўня: Лекар-місіянэр з ЗША, інфікаваны вірусам Эбола ў Лібэрыі, прыляцеў лячыцца ў Атлянту (ЗША).
5 жніўня: Другі місіянэр з ЗША, інфікаваны вірусам Эбола ў Лібэрыі, прыляцеў лячыцца ў Атлянту.
8 жніўня: СААЗ абвяшчае, што эпідэмія Эбола пагражае ўзьнікненьнем «міжнароднай надзвычайнай сытуацыі ў галіне аховы здароўя».
12 жніўня: СААЗ паведаміла, што колькасьць загінулых перавысіла 1000. Гішпанскі сьвятар зь ліхаманкай Эбола памірае ў шпіталі Мадрыду.
20 жніўня: Сілы бясьпекі ў Манровіі выкарысталі зброю і сьлезацечны газ, каб разагнаць натоўп, які спрабаваў вырвацца з карантыну. Загінуў падлетак.
21 жніўня: Двух амэрыканскіх місіянэраў выпісалі зь лякарні ў Атлянце пасьля поўнага выздараўленьня.
24 жніўня: Дэмакратычная Рэспубліка Конга заяўляе, што ўспышка вірусу Эбола, магчыма, ня ёсьць буйной эпідэміяй. Заражаны брытанскі мэдык прыляцеў зь Сьера-Леонэ лячыцца дадому.
28 жніўня: СААЗ фіксуе колькасьць памерлых ад ліхаманкі на лічбе 1550 і папярэджвае, што заразіцца могуць 20 000.
29 жніўня: Сэнэгал пацьвярджае першы выпадак ліхаманкі Эбола.
Верасень
2 верасьня: Прэзыдэнт «Лекараў бязь межаў» Джоан Лю расказвае чальцам ААН, што сьвет «прайграе бітву» ў выніку бязьдзейнасьці«.
3 верасьня: тэмпы эпідэміі паскараюцца; колькасьць сьмерцяў дасягнула 1900. Адказныя асобы паведамілі, што за апошні тыдзень загінула каля 200 чалавек. Трэці лекар-місіянэр з ЗША, інфікаваны вірусам Эбола, вяртаецца зь Лібэрыі на лячэньне ў штат Нэбраска.
5 верасьня: СААЗ заяўляе, што зафіксавана больш за 2100 загінулых, каля 4000 чалавек інфікаваныя.
7 верасьня: Прэзыдэнт ЗША Барак Абама заявіў у інтэрвію, што Злучаныя Штаты павінны зрабіць больш, каб узяць вірус Эбола пад кантроль і прадухіліць глябальны крызіс.
8 верасьня: Брытанія заявіла, што пашле ў Сьера-Леонэ вайсковых і гуманітарных экспэртаў, каб стварыць цэнтар лячэньня; Злучаныя Штаты паведамілі, што накіроўваюць вайсковы палявы шпіталь на 25 ложкаў, каб даглядаць у Лібэрыі за мэдычнымі працаўнікамі. Чацьвёртага хворага на Эболу даставілі ў ЗША для лячэньня ў Атлянце.
9 верасьня: Новы падлік СААЗ: прынамсі 2296 памерлых і 4293 выпадкі зарэгістраваныя ў пяці краінах.
13 верасьня: Прэзыдэнт Лібэрыі Элен Джонсан-Сэрліф зьяврнуўся да Барака Абамы па тэрміновую дапамогу.
16 верасьня: ЗША абяцаюць адправіць 3000 вайсковых інжынэраў і мэдычных працаўнікоў у Заходнюю Афрыку дзеля стварэньні клінікі і навучаньня мэдычнага пэрсаналу. Новы падлік СААЗ: памерлі 2461 з 4985 інфікаваных. За месяц колькасьць загінулых падвоілася.
17 верасьня: «Лекары бязь межаў» паведамілі пра заражэньне францускай мэдсястры ў Лібэрыі.
18 верасьня: Новы падлік СААЗ: памерлі 2630 з 5357 інфікаваных. Арганізацыя Аб’яднаных Нацый паведаміла пра адмысловую місію дзеля барацьбы зь ліхаманкай Эбола, якая разгортваецца ў Лібэрыі, Гвінэі і Сьера-Леонэ. Рада Бясьпекі ААН прымае падрыхтаваную ЗША рэзалюцыю, якая заклікае забараніць паездкі і ўвесьці памежныя абмежаваньні. Прэзыдэнт Францыі Франсуа Алянд заяўляе, што Францыя створыць вайсковы шпіталь у Гвінэі.
19 верасьня: У сталіцы Сьера-Леонэ Фрытаўне на тры дні апусьцелі вуліцы. Гэты карантын меў на мэце спыніць распаўсюджваньне вірусу.
20 верасьня: Амэрыканец Дункан ляціць зь Лібэрыі праз Эўропу ў ЗША, кепска сябе адчуваючы.
22 верасьня: СААЗ паведамляе, што ўспышка перамяшчаецца ў Сэнэгал і Нігерыю, і падлічвае, што Эбола забрала ў Заходняй Афрыцы жыцьці 2811 чалавек.
23 верасьня: Зьяўляюцца прагнозы, што да студзеня ў Заходняй Афрыцы Эболай могуць заразіцца ад 550 000 да 1 400 000 чалавек.
25 верасьня: На сустрэчы ў кулюарах Генэральнай Асамблеі ААН Барак Абама заклікае павялічыць фронт краін супраць ліхаманкі Эбола, бо на кану сотні тысяч жыцьцяў. Дункан ідзе ў шпіталь Даласу скардзіцца ліхаманку і болі ў жываце. Яго адпраўляюць дадому, дзе ён будзе прымаць антыбіётыкі, хоць мэдсястры ён сказаў, што вярнуўся з Заходняй Афрыкі.
26 верасьня: Новы падлік СААЗ: 3091 памерлых з 6574 інфікаваных і падазраваных на інфэкцыю. Куба заяўляе, што адправіць на Захад Афрыкі каля 300 лекараў і мэдсёстраў.
28 верасьня: стан Дункана пагаршаецца, яго забіраюць у даласкі шпіталь на машыне хуткай дапамогі.
30 верасьня: У Дункана пацьверджаная ліхаманка Эбола. Гэта першы выпадак у ЗША.
Кастрычнік
1 кастрычніка: СААЗ абнаўляе лік загінулых у Заходняй Афрыцы — памерлі 3338 на 7178 выпадкаў захворваньня.
2 кастрычніка: Брытанія выступае за міжнародную дапамогу ў змаганьні з эпідэміяй на канфэрэнцыі «Перамагчы Эболу» ў Лёндане. Тэлеапэратар амэрыканскай тэлекампаніі NBC News захварэў на ліхаманку Эбола і прыляцеў у ЗША лячыцца.
3 кастрычніка: Новы падлік СААЗ: памерлі 3439 з 7492 падазраваных выпадкаў. Хворы ўгандыйскі лекар прыбывае ў Франкфурт зь Сьера-Леонэ лячыцца ў тутэйшай бальніцы.
4 кастрычніка: Выздараўлівае і пакідае Парыж француская мэдсястра, якая першай у Францыі захварэла на ліхаманку Эбола. Стан Дункана пагаршаецца ад сур’ёзнага да крытычнага.
6 кастрычніка: Гішпанская мэдсястра, якая даглядала хворага на вірус Эбола гішпанскага сьвятара, таксама інфікаваная.
8 кастрычніка: Дункан памірае ў шпіталі Даласу. Амэрыканскі ўрад увёў у пяці асноўных аэрапортах скрынінг пасажыраў з Заходняй Афрыкі.
9 кастрычніка: Новы падлік СААЗ: 3865 сьмерцяў на 8033 выпадкаў хваробы. Таксама арганізацыя заявіла: няма ніякіх доказаў таго, што эпідэмія ў Заходняй Афрыцы ўзятая пад кантроль. Брытанія пачынае аглядаць пасажыраў, якія ўяжджаюць у краіну праз два асноўныя лёнданскія аэрапорты і чыгункаю Eurostar з Эўропы. Больш за два дзясяткі заканадаўцаў патрабуюць, каб Злучаныя Штаты забаранілі ўезд у краіну падарожнікам з краін Заходняй Афрыкі, найбольш пацярпелых ад віруса Эбола.
У Македоніі памёр брытанец з падозраньнем на Эболу.
10 кастрычніка: СААЗ павышае лічбу ахвяраў да 4033 з 8399 выпадкаў у сямі краінах. Большасьць загінулых — у Лібэрыі, Сьера-Леонэ і Гвінэі.
11 кастрычніка: Мэдычныя каманды ў аэрапорце імя Джона Кэнэдзі ў Нью-Ёрку пачынаюць скрынінг падарожнікаў з трох краін Заходняй Афрыкі, каб выяўляць магчымыя сымптомы ліхаманкі Эбола.
12 кастрычніка: Амэрыканскія чыноўнікі заяўляюць, што аналіз крыві мэдыка з Даласу, які апекаваўся Томасам Эрыкам Дунканам, даў станоўчы вынік на ліхаманку Эбола.