Унікальнае відэа: успаміны дэлегата Другога ўсебеларускага кангрэсу 1944 году

Your browser doesn’t support HTML5

Унікальнае відэа: Лявон Случанін. Архіўны запіс 1994 году

Сьлед паэта Лявона Случаніна адшукаўся ў Беларусі на пачатку 90-ых, пасьля амаль 50-ці гадоў забыцьця. Апошні раз пра яго тут чулі ў 44-м: школьны інспэктар са Случчыны быў дэлегатам Другога ўсебеларускага кангрэсу 1944 году ў Менску. Потым яго бачылі на эміграцыі ў Нямеччыне, а неўзабаве стала вядома, што Лявон зь сям’ёй вярнуўся ў Беларусь.

Ягоны зямляк і сябра, паэт Янка Золак, зь якім яны разам настаўнічалі і друкавалі вершы ў часе вайны, адгукнуўся на ўчынак Лявона недаўменнай эпіграмай:

Залатую яго маладосьць

Растапталі чэкісты ботамі,

Ды сабе і людзям на злосьць

Да чэкістаў ён едзе з ахвотаю.

Янка Золак застаўся ў Нямеччыне, потым пераехаў у ЗША. Лявон Случанін адбыў 10 гадоў у Варкуце, атрымаў «паражэньне ў правах», вярнуўся ў Беларусь у 1973. Сябры сустрэліся толькі ў 1994.

Пра Лявона Случаніна доўга нічога ня ведалі: адны думалі, што згінуў у савецкіх лягерах, іншыя — што памер недзе на эміграцыі. З творчае спадчыны засталася нізка вершаў у зборніку 43-га году «Песьняры Случчыны» ды выдадзеная ў 44-м гістарычная паэма «Рагнеда». У 50-я беларусы Аўстраліі перавыдалі паэму асобнай кніжкаю, як меркавалі — пасьмяротна.

Сталінскія лягеры Лявон Случанін прайшоў двойчы: да вайны — за антысаветчыну, пасьля яе — за калябарацыянізм. Паміж — былі гады настаўніцтва пад нямецкай акупацыяй, нязгасная вера ў адраджэньне, удзел ва Ўсебеларускім кангрэсе 1944 году і рамантычнае галасаваньне за незалежную Беларусь.

Пэнсійны век забыты і непрызнаны паэт дажываў у Салігорску, запаўняючы вершамі сшыткі. І толькі на пачатку 90-х грамадзкасьць знайшла яго сярод жывых ды ўзялася ўшаноўваць талент: паэму «Рагнеда» надрукавалі шматтыражка «Калійшчык Салігорска» і часопіс «Спадчына», накладам 999 асобнікаў выйшла брашурка.

У маім архіве захаваўся відэазапіс нашай гутаркі 20-гадовай даўніны. Лявону Случаніну 80. Абвешчаная незалежнасьць Беларусі, беларуская мова дзяржаўная, паэма «Рагнеда» ўнесеная ў школьную праграму, ён сябра саюзу пісьменьнікаў, зьбіраецца на ўрачыстае сьвяткаваньне свайго юбілею. Я нагадваю радкі зь ягонай «Рагнеды»:

Годзе крыўду цярпець!

Прэч пакуты і зьдзек!

Веру — збудуцца нашыя мары!

Памятай, беларус, што і ты чалавек,

Які можа сабой гаспадарыць!

Пытаюся: «Збыліся?» Ён не сьпяшаецца ўрачыставаць. Праз год яго ня стала.

Кніжак ягоных так і не выдалі. У выдавецтвах марна ляжалі паэмы «Ісус Хрыстос», аўтабіяграфічны раман у вершах «Алесь Няміра». Паэмы «Рагнеда» ў школьнай праграме больш няма. Тэкстаў у інтэрнэце ня знойдзеш.