Памёр Іван Якаўлевіч Лепешаў — беларускі мовазнаўца, аўтар больш як 600 навуковых, навукова-мэтадычных публікацыяў, 47 навуковых кніг.
Іван Якаўлевіч Лепешаў нарадзіўся 23 кастрычніка 1924 году ў вёсцы Іскозы Дубровенскага раёну на ўсходзе Беларусі. Доктар філялягічных навук, прафэсар, вэтэран Вялікай Айчыннай вайны, меў раненьні, узнагароджаны ордэнам Вялікай Айчыннай вайны II ступені, мэдалямі «За адвагу», «За баявыя заслугі», «За ўзяцьце Кёнігсбэрга» ды іншымі.
Пасьля вайны скончыў Аршанскі настаўніцкі інстытут, затым працаваў выкладчыкам беларускай мовы ў Сьвіслацкай СШ Гарадзенскай вобласьці.
Беспадстаўна рэпрэсаваны, ён правёў 6 гадоў (з 1949 да 1955) у савецкіх канцлягерах на Далёкім Усходзе. У 1963-м яго рэабілітавалі за адсутнасьцю віны.
З 1956 па 1971 г. Іван Лепешаў выкладаў беларускую і расейскую мовы і літаратуры ў Машталерскай сямігадовай школе Скідзельскага раёну і ў Берштаўскай сярэдняй школе Шчучынскага раёну. Завочна скончыў філялягічны факультэт Гарадзенскага дзяржаўнага пэдінстытуту ў 1959 годзе.
У 1971 г. яго запрасілі працаваць на катэдру беларускай мовы Гарадзенскага дзяржаўнага пэдінстытуту, цяпер гэта ўнівэрсытэт імя Янкі Купалы. У 1973 годзе ён абараняе кандыдацкую дысэртацыю, а ў 1985 — доктарскую.
Узгадваючы яго як навукоўца, выкладчык катэдры беларускай мовы ГрДУ імя Янкі Купалы Мікола Даніловіч, які не адзін год працаваў разам з прафэсарам Лепешавым, кажа, што ім створаны такі аб’ём навуковай прадукцыі, якім мог бы ганарыцца цэлы творчы калектыў.
Даніловіч: «Разважаючы пра ягоную працу, можна падумаць, што гэта не пад сілу аднаму чалавеку. Ягоныя навуковыя здабыткі, лічыце, гэта здабыткі цэлага аддзелу навукова-дасьледчага інстытуту. Больш як 600 навуковых артыкулаў апублікаваў, 47 навуковых кніг выдаў. Сярод іх каля 20 слоўнікаў, манаграфіі, дзясятак мэтадычна-навуковых дапаможнікаў для студэнтаў, навукова-папулярныя кнігі. Ён вельмі шмат працаваў да апошніх дзён свайго жыцьця. Вельмі шмат чытаў і перачытваў тых пісьменьнікаў, каго шанаваў: Коласа, Купалу, Быкава, Твардоўскага, Салжаніцына...»
Найбольш высока адзначаюцца ягоныя дасьледаваньні ў сфэры фразэалёгіі, якой аўтар прысьвяціў больш за 10 кніг. Сярод іх самай значнай можна лічыць манаграфію-дапаможнік «Фразэалёгія сучаснай беларускай мовы».
Для стварэньня «Фразэалягічнага слоўніка беларускай мовы» ў 2 тамах аўтар прачытаў амаль усю беларускую мастацкую літаратуру, каб адшукаць і выпісаць дзясяткі тысяч фразэалягічных цытат.
У «Слоўніку беларускіх прыказак» растлумачана больш за паўтары тысячы найбольш ужывальных прыказак. У «Этымалягічным слоўніку фразэалягізмаў» раскрываецца паходжаньне і ўтварэньне каля дзьвюх тысяч устойлівых выразаў. Даведнікаў такога ўзроўню, укладзеных адным аўтарам, як кажуць адмыслоўцы, яшчэ ня мае ні расейская, ні ўкраінская філялёгія.
Былы вучань Лепешава Мікалай Грынько, дырэктар навуковай бібліятэкі Гарадзенскага ўнівэрсытэту імя Янкі Купалы, кажа пра Івана Якаўлевіча як пра вялікага настаўніка ўсіх гарадзенскіх філёлягаў.
«Мы павінны разумець, што вобраз таго вялікага настаўніка і перш за ўсё настаўніка беларускасьці захаваецца ў нашых сэрцах. Ён прышчапіў нам любоў да беларускасьці і ўсяго беларускага. Толькі ён са сваім гумарам, са сваёй сур’ёзнасьцю, са сваёй навуковасьцю і са сваёй жыцьцёвасьцю мог паказаць, якім павінен быць чалавек, якім павінен быць настаўнік і якім павінен быць беларус. Дзякуй Івану Якаўлевічу за ўсё гэта».
Творчыя дасягненьні Лепешава Даніловіч называе навуковым подзьвігам і кажа, што галоўным дэвізам яго жыцьця заўсёды было — тварыць, тварыць дзеля таго, каб жыла і ўмацоўвалася родная мова, каб зьберагчы яе для нашчадкаў у сваёй роднай краіне. Даніловіч кажа пра яго як пра вельмі шматграннага навукоўца і чалавека з грамадзкай пазыцыяй.
Даніловіч: «Ён выдатна ведаў беларускую, расейскую і замежную літаратуру і пісаў сур’ёзныя артыкулы па літаратуразнаўстве. Быў сур’ёзным гісторыкам і публікаваў свае артыкулы. Яшчэ ён быў бліскучым публіцыстам. Яго артыкулы на грамадзка-сацыяльныя тэмы вельмі грунтоўныя, сур’ёзныя, хвосткія. Яго думкі часта не супадалі з афіцыйнай пазыцыяй наконт розных праяў. Ён вельмі балюча перажываў тое, што звужаецца сфэра ўжываньня беларускай мовы».