Лукашэнка баіцца, але магчыма мае ад «свайго гаспадара» Пуціна дазвол на крытыку — Ландсбэргіс

Вітаўтас Ландсбэргіс

Першы кіраўнік незалежнай Літвы на пачатку 1990-х Вітаўтас Ландсбэргіс, які бярэ ўдзел у міжнароднай канфэрэнцыі «Форум 2000» у Празе, у інтэрвію Радыё Свабода выказаўся наконт апошніх заяваў Аляксандра Лукашэнкі.

Вітаўтас Ландсбэргіс: «Вядома ж, недастаткова таго, што спадар Лукашэнка кажа. Пры гэтым мы павінны разумець, што ён адчувае пагрозу. Ён бачыць, што Масква можа зрабіць усё, што заўгодна, у тым ліку зь ім. Анэксаваць, арганізаваць нейкую „волю народу“, быццам насельніцтва ўжо хоча далучыцца да Расеі.

Войска ўжо захопленае, бо ёсьць дамова пра агульныя ўзброеныя сілы, таму Лукашэнка ня мае рэальных сродкаў супраціўляцца. Ён павінны быць заклапочаны. І ён выказвае гэта, крытыкуючы свайго гаспадара.

Яго пакуль сур’ёзна не пакаралі за гэтую крытыку, але гэта ўсё на фармальным ўзроўні. Хто ведае, можа ў яго ёсьць згода Пуціна нешта казаць? Можаш казаць нешта, але не рабі. Можна прыгадаць няўдалае выказваньне прэзыдэнта [ЗША Барака] Абамы перад яго пераабраньнем на другі тэрмін. Ён тады сказаў [прэм’еру Расеі] Дзьмітрыю Мядзьведзеву перадаць Уладзіміру [Пуціну], што ў такой сытуацыі даводзіцца выказвацца мацней, але пасьля выбараў усё зноў будзе ОК.

Можна ўявіць, што з Лукашэнкам гэта ў 100 разоў імавернейшае, што ён мае дазвол крытыкаваць Пуціна, каб паказаць сябе больш незалежным, больш праэўрапейскім, каб заблытаць тупых эўрапейцаў [сьмяецца]».

Радыё Свабода: «І што, на Вашую думку, павінны рабіць Захад у цяперашняй сытуацыі?»

Вітаўтас Ландсбэргіс: «Захад чакае. Лукашэнка атрымоўваў заахвочваньні ўжо шмат гадоў таму — ад Эўразьвязу, ад Эўракамісіі. Прапаноўваліся вялікія выгады для Беларусі, калі Беларусь зробіць нейкія крокі да большай дэмакратыі, да вяршэнства закону. Але Лукашэнка на гэта не пагадзіўся. Вядома ж, я думаю, што ў яго не было на гэта дазволу».

Цалкам інтэрвію зь Вітаўтасам Ландсбэргісам зьявіцца на нашым сайце на наступным тыдні.