Прэзыдэнт Беларусі прапануе неардынарныя і часам супярэчлівыя рэцэпты ўрэгуляваньня ўкраінскага крызісу
10 кастрычніка ў Менску праходзіць галоўная частка саміту краінаў СНД, на які павінны зьехацца кіраўнікі ўсіх дзяржаў Садружнасьці, акрамя прэзыдэнта Ўкраіны. Беларусь узяла на сябе старшынства ў СНД ў 2014 годзе пасьля таго, як увесну ад выкананьня старшынскіх функцыяў адмовіўся Кіеў. Сустрэча прэзыдэнтаў Расеі і Ўкраіны Уладзімера Пуціна і Пятра Парашэнкі ў Менску 10 кастрычніка дакладна не адбудзецца.
Калі Пуцін і Парашэнка ў бліжэйшыя дні і сустрэнуцца, дык хутчэй у Мілане на наступным тыдні ў кулюарах саміту форуму «Азія — Эўропа» (АСЕМ). Пра такую магчымасьць 9 кастрычніка распавёў памочнік расейскага прэзыдэнта Юры Ушакоў. Ён дадаў, што магчымая размова Ўладзімера Пуціна зь Пятром Парашэнкам, а таксама канцлерам Нямеччыны Ангелай Мэркель і прэзыдэнтам Францыі Франсуа Аляндам можа прайсьці ў «нармандзкім фармаце». У чэрвені гэтага году, падчас сьвяткаваньня 70-годзьдзя высадкі саюзных войскаў у Нармандыі, Алянд арганізаваў першую кароткую размову паміж кіраўнікамі Расеі і Ўкраіны, прычым два прэзыдэнты паціснулі адзін аднаму рукі.
Другая сустрэча Пуціна і Парашэнкі прайшла ўсё ў тым жа Менску 26 жніўня ў рамках нарады лідэраў так званай «эўразійскай тройкі» (Расея, Беларусь, Казахстан), Украіны і прадстаўнікоў Эўразьвязу. Доўжылася яна дзьве гадзіны сам-насам. Пасьля гэтай размовы расейскі прэзыдэнт прамовіў, што «дэталі канфлікту ва Ўкраіне прадметна не абмяркоўваліся». Гаспадар жа сустрэчы Аляксандар Лукашэнка, калі і ведаў нейкія падрабязнасьці, дык палічыў за лепшае пра іх змаўчаць. Тады ж ён правёў і двухбаковыя перамовы зь Пятром Парашэнкам, і бакі засталіся вельмі задаволеныя адзін адным: пра гэта сьведчылі і прыязныя заявы абодвух прэзыдэнтаў, і іх узаемныя ўсьмешкі і паляпваньні па плячы.
9 кастрычніка, напярэдадні цяперашняга саміту СНД у Менску, Палата прадстаўнікоў парлямэнта Беларусі аднагалосна ратыфікавала дамову аб стварэньні Эўразійскай эканамічнай супольнасьці, якую ўзначальвае Расея. Аднак беларускія дэпутаты таксама зрабілі спэцыяльную заяву, у якой адзначылі, што Менск абавязваецца добрасумленна выконваць дамову «пры ўмове, што будуць дасягнутыя канкрэтныя дамоўленасьці пра зьняцьце бар’ераў, абмежаваньняў і выняткаў». Вышэйшыя беларускія чыноўнікі прызнаюць, што ЭўрАзЭС пакуль нельга лічыць сапраўдным агульным рынкам, і ў Менску да Масквы нямала прэтэнзіяў.
На пачатку верасьня менавіта ў Менску з удзелам АБСЭ і Расеі адбыліся перамовы кантактнай групы па ўрэгуляваньні крызісу на ўсходзе Ўкраіны, на якіх дэлегацыі Кіева і самаабвешчаных Данецкай і Луганскай рэспублік дасягнулі дамоўленасьці аб спыненьні агню ў Данбасе. (Зрэшты, мяркуючы па паведамленьнях, якія паступаюць з рэгіёну, выконваецца гэта пагадненьне далёка ня цалкам). Пасьля гэтага за прэзыдэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам замацавалася рэпутацыя палітыка, які спрабуе гуляць важкую ролю ва ўрэгуляваньні ўкраінскага крызісу. Пра падзеі ва Ўкраіне беларускі прэзыдэнт, які да гэтага часу лічыўся саюзьнікам Масквы, разважаў шмат і ахвотна. Аднак усе яго выказваньні лішні раз падкрэсьліваюць вельмі неадназначны характар цяперашніх расейска-беларускіх адносінаў.
Вось што казаў на гэтую тэму ў 2014 годзе Аляксандар Лукашэнка:
12 сакавіка 2014 году на пасяджэньні Рады бясьпекі Беларусі:
«Што трэба рабіць ва Ўкраіне, каб пераадолець гэты крызіс? Я жартам адказваю: не напружвайцеся, трэба проста працаваць. А калі вы ня ведаеце, што рабіць, даручыце нам гэтую краіну, і да канца году мы забясьпечым там і стабільнасьць, і адзінства народа, і цэласнасьць дзяржавы. Гэта я адказваю ўкраінцам, якія мяне пачынаюць «дапытваць».
28 сакавіка, у праграме ўкраінскага ТБ «Шустер Live». Пра анэксію Крыма і дзеяньні ўкраінскіх вайскоўцаў:
«Чаму сышлі, чаму вывелі вайскоўцаў адтуль? Чаму не змагаліся, калі гэта ваша зямля? Чаму не абаранялі сваю зямлю? Я ў страшным сьне (крый Божа!) уяўляю сабе, што гэта магло адбыцца зь Беларусьсю... Вы ведаеце, калі б нават нашы вайскоўцы паступілі так, як украінскія, сядзелі б як мышы пад венікам на сваіх базах (гэта, вядома, цяжка ўявіць ў Беларусі!), я першы, у адзіночку пайшоў бы ваяваць».
Пра Пуціна, Украіну і НАТО:
«Я Пуціну казаў пра гэта, што Крым далучыць да Расеі — не праблема, неяк дзейнічаць ва Ўкраіне, некаму дапамагаць — таксама не пытаньне, але, робячы любы крок, трэба бачыць наступствы. Што самае небясьпечнае для нас і Расеі? Самае небясьпечнае, і мы так гэта разумеем, і прэзыдэнт Пуцін — калі астатняя, кантынэнтальная, скажам так, частка Ўкраіны сёньня ўступіць у НАТО, або НАТО ўвойдзе ва Ўкраіну і ўмацуецца там. Гэта самае непажаданае для Расеі і для Беларусі! Гэта больш важна, чым Крым. Я таксама пра гэта казаў».
29 сакавіка, на перамовах з тагачасным в.а. прэзыдэнта Ўкраіны Аляксандрам Турчынавым ў Гомельскай вобласьці:
«Вакол Беларусі створаны пояс добрасуседзтва больш за 100 кілямэтраў углыб Украіны». «Мы не гатовыя яго разбурыць. Гэта нашы людзі. Я заўсёды кажу: гэта наша Ўкраіна. Гэта тыя ж людзі, асабліва тут (на Палесьсі). Палесьсе — яно і беларускае, і ўкраінскае, тут не разьбярэш, хто жыве. Нават гаворка тут у беларусаў больш падобная на ўкраінскую».
7 чэрвеня, пасьля цырымоніі інаўгурацыі прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі ў Кіеве:
«Ніколі мне не прапануйце ролю пасярэдніка. Я ненавіджу пасярэднікаў і міратворцаў. Я лічу, што Ўкраіна — тут разумны народ, які можа разабрацца са сваімі праблемамі. І гэты народ разьбярэцца. Я ж гатовы зрабіць усё, што вы скажаце і на што я здольны. Без усялякай міратворчасьці і пасярэдніцтва. Гэта той, хто хоча нейкі палітычны капітал сабе нажыць, той рвецца ў пасярэднікі і міратворцы. А ў мяне ўсё гэта ёсьць. Усё ж такі з „апошнім дыктатарам Эўропы“ размаўляеце... Баявікі, якія ваююць супраць украінцаў, — іх трэба зьнішчаць. Але спачатку разьбярыцеся, а то перастраляеце сваіх».
6 жніўня, напярэдадні сустрэчы прэзыдэнтаў Расеі, Беларусі, Украіны і Казахстана пры ўдзеле прадстаўнікоў Эўразьвязу ў Менску: «Цяжка ставіць нейкія грандыёзныя мэты, якіх мы павінны дасягнуць тут, у Менску. Хутчэй, калясальнага прарыву цяжка чакаць, але канцэптуальна мы нешта павінны зрабіць, каб пачаць хаця б рух да міру ».
3 кастрычніка, у інтэрвію тэлеканалу Euronews:
«Украіна стала тэатрам ваенных дзеяньняў і тэатрам разборак буйных геапалітычных сілаў. Я пра гэта сказаў — гэта ня толькі Захад, але і Ўсход, на жаль. Я першапачаткова заяўляў пра тое, што праект, да прыкладу, Наваросіі мной не ўспрымаецца. Я выступаю за адзінства і цэласнасьць украінскай дзяржавы. Каб не было там замарожаных нейкіх канфліктаў, нейкіх зонаў накшталт Прыднястроўя, Нагорнага Карабаха, якія заўсёды ўтойваюць у сабе небясьпеку выбуху. Я асабіста гэтага не хачу як чалавек і як прэзыдэнт Беларусі, таму што мы знаходзімся зусім побач з Украінай».
3 кастрычніка, у інтэрвію тэлеканалу Euronews, пазьней гэта перадаў казахстанскі тэлеканал «16/12»:
«Мы не хацелі б разбурэньня ўкраінскай дзяржавы. Тут многія кажуць, што там Крым калісьці няправільна адышоў да Ўкраіны, што гэта тэрыторыя спрадвечна расейская і гэтак далей... Гэта няправільны падыход. Ну давайце тады вернемся ў часы хана Батыя, мангола-татарскага нашэсьця... Ну тады трэба будзе аддаць Казахстану, Манголіі і яшчэ камусьці практычна ўсю тэрыторыю Расеі, Заходняй і Усходняй Эўропы. Акрамя Беларусі: да нас яны неяк дайшлі, але нас не кранулі».