Учора пасьля матча Беларусь — Украіна затрымалі 41 заўзятара, 24 зь іх апынуліся на лаве падсудных у судзе Барысава — 12 украінцаў і 12 беларусаў.
Фанатаў вінавацяць у хуліганстве, распаўсюдзе фашысцкай сымболікі. Сярод пакараньняў — арышты на 5 і 10 сутак, а таксама грашовыя штрафы.
Беларускі заўзятар Іван, які ўчора быў на стадыёне, назіраў, як адбываліся затрыманьні. Хлопец кажа, адразу пасьля фінальнага сьвістка па сэктарах пабеглі міліцыянты, выхопліваючы фанатаў і зацягваючы іх у міліцэйскія машыны.
«Мы пастаянна наведваем футбольныя гульні і ўжо візуальна ведаем АМАПаўцаў, якія ахоўваюць парадак на стадыёнах. Я бачыў, што пасьля матчу затрымлівалі дзяўчыну. Людзі ў цывільным хадзілі сярод фанатаў і вышуквалі пэўных людзей, якія пасьля затрымлівалі. Адразу пасьля заканчэньня гульні супрацоўнікі міліцыі пабеглі па фанацкіх сэктарах і сталі хапаць людзей. Як выбіралі, каго затрымліваць, ня ведаю. З аднаго боку, на стадыёне стаяць камэры, але зь іншага — за пераклічкі можна было забіраць палову стадыёну. Можа, быў плян забраць пэўную колькасьць людзей», — кажа Іван.
Паводле заўзятара, ні ўкраінцы, ні беларусы не зьдзівіліся такім паводзінам праваахоўных органаў:
«Украінцы, якіх затрымалі, вядома, ведалі, які ў нас палітычны рэжым. Я ведаю, што ўкраінскіх фанатаў папярэджвалі яшчэ ва Ўкраіне іхныя міліцыянты, што такое будзе. Таму гэта была прагназаваная сытуацыя. І асабліва ніхто ня зьдзіўлены, што пасьля матча былі затрыманьні».
Іншы заўзятар беларускай зборнай Андрусь перакананы, што затрыманьні беларускіх і ўкраінскіх фанатаў толькі ўзмоцняць упэўненасьць украінскіх заўзятараў, што яны ўсё зрабілі правільна, прыехаўшы на матч:
«Украінцы ведаюць, што такое самаўпраўства. Яны зусім нядаўна змагаліся зь ім у сваёй краіне. Таму гэтыя затрыманьні не былі дзіўнымі для іх, як і тое, што творыць беларуская міліцыя», — кажа Андрусь.
Усе прысутныя на матчы, а таксама тыя, хто сачыў за гульнёй па тэлевізары і ў інтэрнэце, адзначаюць братаньне фанатаў украінскай і беларускай зборных, якое выявілася ў пераклічках, плякатах і фанацкіх «зарадах». Андрусь кажа: гэта выклікана тым, што большасьць гледачоў сэктару Б-12, дзе традыцыйна сядзяць беларускія фанаты, — гэта нацыяналісты, якія вельмі блізка прынялі да сэрца падзеі, якія адбываюцца ва Ўкраіне:
«Фанацкія бойкі паміж украінцамі і беларусамі былі ў мінулым, але калі зьявілася агульная пагроза, то засталося толькі жаданьне дэманстраваць еднасьць. Ад беларускіх фанатаў я чакаў салідарнасьці. Ведаючы шмат каго з сэктару Б-12, магу сказаць, што там поўна беларускіх нацыяналістаў, якія вельмі блізка ўспрынялі ўкраінскую трагедыю. Футбольны матч з прыездам вялікай колькасьці ўкраінскіх заўзятараў стаў добрай нагодай, каб паказаць сваю салідарнасьць і засьведчыць падтрымку Ўкраіны.
Украінцы таксама вельмі парадавалі, бо ня раз менавіта адтуль чуліся скандаваньні „Жыве Беларусь!“, „Разам назаўжды!“ і іншыя „зарады“, якія звычайна выкарыстоўваюцца нашымі фанатамі. Сам футбол быў фонам для пераклічкі сэктараў. Шмат хто з гледачоў зьвяртаў увагу найперш на фанацкія сэктары, якія былі арганізаваныя і паказалі добры прыклад заўзеньня. З боку ўкраінскіх фанатаў адчувалася вялікая прыязьнь і нават жаль, што ўкраінская каманда перамагла. Украінцы казалі, што самым лепшым і зручным вынікам сустрэчы была б нічыя».