Каноплі: асьцярожнае вяртаньне

Чаму іх забаранілі, што ў іх небясьпечнага і колькі карысьці

У нядаўнім артыкуле мы распавялі пра тое, як каноплі ўжывалі ў хатняй гаспадарцы. Яшчэ паўстагодзьдзя таму яны былі такой жа звыклай сельгаскультурай, як і кукуруза, а тагачасныя плякаты заклікалі «пашыраць плошчы пасеву канапель на тарфяніках». Да канца 1960-х гэтая расьліна была звыклым атрыбутам беларускага вясковага пэйзажу. Зараз у Беларусі вырошчваньне канопляў забароненае. У шматлікіх іншых краінах да нядаўняга часу назіралася падобная сытуацыя. Але цяпер цікавасьць да гэтай культуры няспынна расьце. У краінах ЭЗ вырошчваньне канапель дазволена.

Апошнім часам прыхільнікі здаровага харчаваньня зьвярнулі ўвагу на канаплянае насеньне і харчовыя прадукты зь яго (алей, мука, малако, хлебабулачныя вырабы, шакаляд, піва і г.д.). Насеньне канапель (Cannabis sativa L.) і канапляны алей маюць высокую пажыўную каштоўнасьць і выкарыстоўваюцца як у харчаваньні чалавека, так і для кармленьня жывёл.

Традыцыйна каноплі выкарыстоўвалася як крыніца валакна і алею. Расьліна зьяўляецца таксама крыніцай тэтрагідраканабінолу (ТГК). Вырошчваньне канапель было забароненае ў шэрагу краін з-за псыхаактыўных уласьцівасьцяў ТГК і магчымай залежнасьці ад яго. Апошнім часам забароны пачалі асьцярожна здымаць. У Нямеччыне, напрыклад, з 1996 году гатункі канапель, якія ўтрымліваюць менш за 0,3% ТГК, могуць вырошчвацца. У некаторых іншых краінах Эўрапейскага Зьвязу дадзены дазвол на вырошчваньне канапель толькі калі зьмест ТГК ў расьлінах ніжэйшы за 0,2%.

Канаплянае насеньне выкарыстоўвалася ў якасьці натуральнага мэдыкамэнту ў Кітаі прынамсі 3000 гадоў таму. Насеньне канапель каштоўнае перадусім утрыманьнем бялку і алею. Канапляны алей карысны для здароўя, бо ўтрымлівае тлустыя кіслоты (у асноўным ненасычаныя) з суадносінамі ω3/ω6 прыкладна 1: 3. Менавіта такія суадносіны паміж кіслотамі Амега-3 і Амега-6 зьяўляюцца аптымальнымі для здароўя чалавека. Канапляны алей утрымлівае фітастэролы, тэрпэны і такі від такафэролу, які ня толькі валодае патэнцыйнымі антыаксыдантнымі ўласьцівасьцямі для «зачысткі» свабодных радыкалаў, але таксама можа ўзьдзейнічаць на пэўныя сыгнальныя шляхі для рэгуляваньня запаленчых рэакцыяў. Такафэролы могуць паменшыць рызыку сардэчна-судзінных захворваньняў, раку і ўзроставай дэгенэрацыі. Зьніжэньне халестэрыну зьяўляецца адной з асноўных пераваг β-сітастэрынаў, фітастэролаў з канапель.

Канапляны алей утрымлівае прыкладна 55 г лінолевай кіслаты (амега-6) і 21 грам α-ліноленавай кіслаты (амега-3) на 100 грамаў. Патрэба дарослага чалавека ў лінолевай кіслаце ў сярэднім 6,5 грамаў на дзень. Такім чынам, спажываньне 12 грамаў канаплянага алею (прыкладна 1 сталовая лыжка) цалкам пакрые гэтую патрэбу. Дарэчы, 37 грамаў насеньня канапель таксама ўтрымліваюць дзённую норму лінолевай кіслаты. Дзённая патрэба ў α-ліноленавай кіслаце складае 3 грамы для мужчын і 2 грамы для жанчын. Такім чынам, тая самая лыжка канаплянага алею пакрые вашу патрэбу і ў гэтай незамяняльнай кіслаце.

Што да бялку ў каноплях. Засваяльнасьць бялку з канаплянай мукі і насеньня канапель больш за 90 працэнтаў і гэта высокі паказчык для прадуктаў харчаваньня расьліннага паходжаньня. Вынікі сучасных дасьледаваньняў паказваюць, што канапляны бялок насамрэч больш паўнавартасны, чым бялок большасьці гатункаў збожжа, арэхаў і некаторых бабовых. Аднак у каноплях бракуе амінакіслаты лізіну. Таму канапляныя прадукты лепей за ўсё камбінаваць з арэхамі, сояй і іншымі бабовымі, якія маюць дастаткова гэтай амінакіслаты.

Насеньне канапель зьяўляецца выдатнай крыніцай магнію. Так, 30 грамаў насеньня (прыкладна 2 сталовыя лыжкі) пастаўляе аж палову дзённай нормы гэтага мінэралу. Акрамя таго, насеньне канапель зьяўляецца добрай крыніцай фосфару, жалеза, цынку, кальцыю і калію.

Пры выкарыстаньні насеньня канапель і яго пабочных прадуктаў неабходны дбайны кантроль утрыманьня мэталаў з глебы і з насеньня. Каноплі – адна з расьлін, якія вельмі хутка і лёгка ўсмоктваюць цяжкія мэталы з глебы, напрыклад кадмій. Кадмій у глебе ўяўляе небясьпеку як для рэцэптараў чалавека, так і для навакольнага асяродзьдзя. Ён высокатаксычны і хутка зьвязваецца з унутрыклеткавамі і пазаклеткавымі бялкамі, што прыводзіць да разрыву клеткавых мэмбран і да прыпыненьня функцый клетак. Мы абавязкова пагаворым пра цяжкія мэталы ў адным з будучых выпускаў.

Канаплянае насеньня мае лёгкі арэхавы прысмак. Яго можна дадаваць у салаты, кашы, дэсэрты і вэгетарыянскія стравы. Канапляны алей лепш не награваць. Ён ідэальна падыходзіць у якасьці запраўкі для салатаў.