Vox populi: «Пэўна, лепш, каб час у нас быў эўрапейскі, а не маскоўскі»

Беларускія ўлады прынялі рашэньне не пераводзіць час на зімовы. У выніку ў Беларусі зь лістапада час будзе супадаць з маскоўскім, як было ў СССР. Менскія мінакі выказваюцца пра сваё стаўленьне да гэтага.

Your browser doesn’t support HTML5

Менскія мінакі выказваюцца пра сваё стаўленьне да таго, што беларускі час будзе супадаць з расейскім

«Што ўлада робіць — тое нармальна. Але час трэба пераводзіць. Бо глядзіце: зараз сыходзім — цёмна, і прыходзім — цёмна. Шмат палім сьвятла — каму гэта выгадна?»

«Мне гэта падабаецца — усе праграмы перадач супадаюць, добра».

«Так ужо было і раней, і нармальна — ніхто не зьвяртае ўвагі, а я — тым больш. Я гляджу на сваю краіну, які ў нас час, і не параўноўваю ці з Расеяй, ці з кім яшчэ».

«Я не вырашаю гэтыя пытаньні. Я нарадзіўся ў першай палове мінулага стагодзьдзя, калі час не пераводзілі, і мы жылі ў адзін час. Хто як хоча, так няхай і пераводзіць. Народ усё роўна пойдзе туды, куды перавялі».

«Пэўна, усё ж лепш, каб было роўна з эўрапейскім часам. Па-першае, арганізм ужо прывучаны, і зручней».

​«Мне гэта вельмі зручна, бо я часта ў Расею езджу, і ня толькі ў Маскву. А па-другое — мне цяжка для арганізму, калі вясной трэба на гадзіну раней уставаць — лепш пазьней паспаць».

«Я да гэтага стаўлюся станоўча і лічу, што час пераводзіць ня варта, бо гэта вельмі цяжка. А што не супадае з эўрапейскім, то ня бачу праблемы, бо мы жывем у сваёй краіне і ў свой час».

«Мне няма розьніцы вялікай. Толькі на гадзіну раней уставаць — вось і ўсё. Менш будзе блытаніны, і ўсё».

«Я ня ведаю, эўрапейскі гэта час ці расейскі, але я за тое, каб нічога нікуды не пераводзілі. Гэта значыць, што чалавек павінен прачынацца з сонцам і з сонцам класьціся спаць».

«Лічу, што гэта для нас мінус. Я ня вельмі добра да Расеі стаўлюся і лічу, што Беларусь павінна быць бліжэй да Эўропы хоць неяк. І тое, што гэткі час застанецца — вялікі мінус для нас».