Расея хоча адпомсьціць за санкцыі

«Расейская Дума ў сераду зрабіла першы важны крок да таго, каб даць Крамлю паўнамоцтвы на канфіскацыю замежных актываў і выкарыстаньне іх для кампэнсацыі асобам і прадпрыемствам, якія пацярпелі ад заходніх санкцый у сувязі з крызысам ва Ўкраіне» — паведамляе маскоўскі карэспандэнт The New York Times Эндру Крэймэр.

Крэймэр піша пра закон, які прайшоў першае чытаньне ў ніжняй палаце расейскага парлямэнту 233 галасамі за пры 202 галасах супраць.

«Законапраект, ухвалены ў першым чытаньні, павінен даць прэзыдэнту Ўладзіміру Пуціну неверагодную прыладу адплаты, па сутнасьці дазволіўшы выканаўчай уладзе кампэнсаваць шкоду якраз тым унутрысыстэмным бізнэсмэнам і прадстаўнікам элітаў, якія, згодна са спадзяваньнямі Захаду, павінны былі пераканаць расейскага лідэра памяняць курс адносна Ўкраіны», — піша аўтар.

Гэты закон можа патэнцыйна стаць пасткай для буйных міжнародных карпарацый, якія маюць значныя інвэстыцыі ў Расеі. «Кампаніі сусьветнага маштабу, такія як McDonald’s, Pepsi і ExxonMobil, валодаюць актывамі на мільярды даляраў у краіне, багатай энэргарэсурсамі», — тлумачыць Крэймэр, дадаючы, што новы закон у расейскай прэсе называецца «законам Ратэнберга» — ад імя Аркадзія Ратэнберга, былога спарынг-партнэра па дзюдо Ўладзіміра Пуціна, які стаў багатым прамыслоўцам. У мінулым месяцы ўлады Італіі, паводле паведамленьняў прэсы, канфіскавалі нерухомасьць агульным коштам 40 мільёнаў даляраў, частка якой мае дачыненьне да Ратэнберга, які апынуўся пад санкцыямі.

«Пакуль што пад дэманстратыўны удар трапіла толькі ікона амэрыканскай карпаратыўнай культуры McDonald’s. У жніўні расейскія ўлады зачынілі некалькі рэстаранаў сеткі ў Маскве, спаслаўшыся на санітарныя праблемы, але выбраны момант выклікаў занепакоенасьць, што гэта было пакараньне за санкцыі», — пішацца ў артыкуле.

Гэты закон — лічыць Крэймэр — «дазволіць расейскім грамадзянам, якія пацярпелі ў выніку „незаконнага судовага рашэньня“ за мяжой, зьвярнуцца па кампэнсацыю да Расеі, што можа скончыцца канфіскацыяй замежных актываў у краіне, нават тых, якія абароненыя імунітэтам як дыпляматычная нерухомасьць».