Удзел Пятра Парашэнкі ў заўтрашнім саміце СНД таксама пад пытаньнем.
Замест міністра замежных спраў Украіны на сустрэчы кіраўнікоў зьнешнепалітычных ведамстваў краін СНД прысутнічае ўкраінскі амбасадар Міхаіл Ежэль.
У Менску сёньня адбываецца сустрэча міністраў замежных спраў краін СНД, заўтра зьбяруцца прэзыдэнты.
Паводле прэсавай службы беларускага МЗС, у праграме паседжаньня Рады міністраў замежных спраў краін СНД 24 пункты. Кіраваць паседжаньнем будзе беларускі міністар Уладзімер Макей.
У парадак дня, сярод іншага, унесеныя пытаньні пра бясьпеку на тэрыторыі СНД, супрацоўніцтва ў процідзеяньні незаконнай міграцыі, гандаль людзьмі, пашырэньне супрацоўніцтва ў сфэры ўмацаваньня памежнай бясьпекі на зьнешніх межах дзяржаваў і па лініі падразьдзелаў фінансавай выведкі.
У траўні 2014 году Ўкраіна — адна з заснавальніц СНД, якая дагэтуль не ратыфікавала Статут СНД, — абвясьціла, што пачынае працэс выхаду з садружнасьці, і адмовілася старшыняваць у арганізацыі, якая яе не падтрымала пасьля расейскай агрэсіі і анэксіі Крыму.
Дакладнай інфармацыі пра ўдзел прадстаўнікоў Украіны і яе прэзыдэнта Пятра Парашэнкі ў саміце СНД 10 кастрычніка дагэтуль няма, паведаміў Міхаіл Ежэль.
Амбасадар Украіны Міхаіл Ежэль у размове з журналістамі не захацеў гаварыць аб пра крымінальную справу за развал украінскай арміі, якую на яго завялі ў Кіеве за ягоную дзейнасьць на пасадзе міністра абароны Ўкраіны.