20 кастрычніка 19:00, у малой залі к/з Мінск адбудзецца прэзэнтацыя кнігі «Жыцьцё пасьля раку» з удзелам гуртоў NAVI, RECHA і RAHIS. Уваход вольны. Кніга выйшла ў сэрыі «Бібліятэка Свабоды».
«Жыцьцё пасьля раку» — гэта 22 гісторыі анкалягічных пацыентаў, якія ўсьвядомілі, што сьмерць можа быць блізка, але іх жыцьцё ў такой сытуацыі набывае іншы сэнс.
Павал Маісееў, загадчык аддзелу арганізацыі супрацьракавай барацьбы Рэспубліканскага цэнтру анкалёгіі і мэдычнай радыялёгіі, быў адным зь першых, хто прачытаў гэтыя гісторыі і напісаў пасьляслоўе да кнігі:
«Яшчэ дзесяць, нават пяць гадоў таму такое проста нельга было ўявіць, каб людзі ў нашай краіне публічна, не хаваючыся, распавядалі пра сваю хваробу, пра «чуму 21 стагодзьдзя — рак».
У Беларусі людзі хаваюць, што яны маюць анкалягічныя хваробы і дыягназ рак успрымаецца многімі як прысуд. Мэтай гэтага праекту было зьмяніць гэты стэрэатып і расказаць пра людзей, якія перамаглі хваробу і лічаць, што гэтае выпрабаваньне зьмяніла і ўдасканаліла іх жыцьцё.
Павал Маісееў адзначае пазытыўны эфэкт ад такіх публікацыяў:
«Людзі пачынаюць цікавіцца праблемай ракавых захворваньняў, пазнаюць нешта новае для сябе, кажучы мэдыцынскай мовай, павышаюць сваю «анкалягічную пісьменнасьць». Тут абсалютна дарэчны прынцып: «Хто інфармаваны — той узброены!»
Сярод герояў «Жыцьця пасьля раку» — музыка, банкір, клоўн, палітычны актывіст, тэатральны крытык, настаўніца ангельскай мовы, сьвятар, пэнсіянэр. Гэта людзі розных ўзростаў, інтарэсаў, перакананьняў, сацыяльных статусаў.
«У кнізе сабраныя гісторыі 22 чалавек. Гэтыя людзі падзяліліся рэцэптам перамогі над ракам. І гэта толькі пачатак. Бо такіх людзей у Беларусі значна больш», — распавядае кіраўніца праекту «Жыцьцё пасьля раку» Ганна Соўсь.
Паводле яе словаў, у Беларусі 95% людзей хаваюць тое, што яны хварэюць на рак.
20 кастрычніка адбудзецца ўрачыстая прэзэнтацыя кнігі з удзелам яе аўтараў і герояў, а таксама беларускіх музыкаў. Выступяць беларускія гурты NAVI, RECHA i RAHIS.
Гэтая імпрэза распачне кампанію «Перакможам».