Шварцэнбэрг выступіў зь лекцыяй у Менску

У менскай галерэі «Ў» адбылася публічная лекцыя былога міністра замежных спраў і кандыдата ў прэзыдэнты Чэхіі, ганаровага госьця Тыдня супраць сьмяротнага пакараньня ў Беларусі Карла Шварцэнбэрга.

У сваім выступе Шварцэнбэрг адзначыў, што «змаганьне за адмену сьмяротнага пакараньня — гэта ня ёсьць барацьба паміж Захадам і Ўсходам». Ён сказаў, што ў ЗША, краіне, якая лідзіруе ў заходнім сьвеце, і ў Кітаі, які лідзіруе на ўсходзе, не адменена сьмяротная кара, яна актыўна прымяняецца:

«Найперш гэта пытаньне адукацыі і гістарычнага досьведу».

Ён таксама адзначыў, што ў краінах Эўропы адмянялі сьмяротнае пакараньне часьцей не праз рэфэрэндум, а праз рашэньне кіроўных эліт і зьмены ў заканадаўстве. Цяпер бальшыня эўрапейцаў лічыць, што сьмяротнае пакараньне не прыносіць карысьці ў змаганьні зь цяжкімі злачынствамі, а наадварот, разбурае грамадзтва і вядзе да марных чалавечых ахвяраў, сказаў Шварцэнбэрг.

У імпрэзе бралі ўдзел праваабаронцы, актывісты і журналісты, дыпляматы шэрагу эўрапейскіх краін.

Намесьнік амбасадара Вялікабрытаніі ў Беларусі паведаміў, што прадстаўнікі чатырох амбасадаў — Вялікабрытаніі, Баўгарыі, Чэхіі і Італіі — абвясьцілі пра стварэньне групы па супрацоўніцтве зь беларускімі грамадзкімі арганізацыямі, якія выступаюць за адмену сьмяротнага пакараньня.

Алесь Бяляцкі