Страляніна ў зоне аэрапорту працягваецца, бо сэпаратысты надаюць яму вялікае сымбалічнае і стратэгічнае значэньне.
«Сэпаратысты вельмі зацікаўленыя ў захаваньні так званай незалежнасьці сваіх рэспублік, – гаворыць Ігар Суцягін, экспэрт у пытаньнях расейскага войска лёнданскага Каралеўскай інстытуту аб'яднаных службаў. – І калі вы хочаце быць незалежнай краінай, прызнанай альбо не, вам абавязкова патрэбен вялікі аэрапорт для сувязі з навакольным сьветам».
У той жа час аэрапорт мае і ваеннае значэньне.
«З пункту гледжаньня прамога ваеннага значэньня ёсьць праблема ў стане ўзьлётна-пасадачнай паласы, паколькі ён знаходзіцца пад артылерыйскім агнём на працягу пэўнага часу», – кажа Дуглас Бары, вайсковы экспэрт зь Лёндану. – Але пасадачныя палосы можна даволі хутка адрамантаваць».
Экспэрт адзначае, што сэпаратысты таксама хочуць кантраляваць аэрапорт, каб пераканацца, што Кіеў ня здолее выкарыстоўваць яго дзеля стварэньня вайсковай базы, што паставіла б пад пагрозу сэпаратыстаў.
Існуе яшчэ адна прычына, чаму сэпаратысты імкнуцца атрымаць кантроль над аэрапортам – каб мець магчымасьць атрымаць зьнішчальнікі, што дало б ім большую перавагу над Кіевам.
Аналітыкі кажуць, што рамонт пашкоджанай паласы будзе лёгкім, таму што для баявых самалётаў патрэбна ўзьлётна-пасадачная паласа даўжынёй усяго ад 500 да 600 мэтраў. У данецкім аэрапорце яна – 4 кілямэтры.
Асноўнай перашкодай на шляху выкарыстаньня паўстанцамі данецкага аэрапорту можа быць небясьпека, што ўзброеныя сілы Ўкраіны могуць зьбіваць самалёты.
Каб застрахавацца ад гэтага, паўстанцы павінны былі б кантраляваць тэрыторыю вакол аэрапорту на адлегласьці ня менш як 5 км для абароны ад пераносных зэнітна-ракетных комплексаў. Яны таксама павінны былі б мець складаныя станцыі радыёлякацыйных перашкодаў побач з аэрапортам, што можа быць забясьпечана толькі Масквой.
У 1992 годзе расейскі генэрал Аляксандар Лебедзь захапіў аэрапорт у Тыраспалі ў мяцежным рэгіёне Прыднястроўя (Рэспубліка Малдова) і выкарыстаў яго, каб узмацніць прамаскоўскіх сэпаратыстаў. Праз чатыры месяцы вайна скончылася. Прыднястроўе дэ-факта захоўвае незалежнасьць (хаця і не прызнаную шырока) пад абаронай Расеі і па сёньня.
Нягледзячы на спыненьне агню, барацьба за аэрапорт у Данецку працягваецца.