Беларусь пагодзіцца на Дамову аб Эўразійскім саюзе з агаворкамі

Гэта вынікае з законапраекту аб ратыфікацыі, які атрымалі для вывучэньня дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.

У гэтым дакумэнце запісана:

«Ратыфікаваць Дамову аб Эўразійскім эканамічным саюзе, падпісаную ў Астане 29 траўня 2014 году, з наступнай заявай:

«Рэспубліка Беларусь заяўляе, што добрасумленна будзе выконваць свае абавязаньні ў рамках Дамовы і распачне іншыя захады па яе рэалізацыі пры ўмове, што да гэтага моманту на трохбаковай альбо двухбаковай аснове будуць дасягнутыя канкрэтныя дамоўленасьці аб зьняцьці бар’ераў, абмежаваньняў і выключэньняў у гандлі асобнымі відамі тавараў і аказаньні асобных відаў паслугаў, у першую чаргу ў дачыненьні да энэрганосьбітаў, прадукцыі зборачных вытворчасьцяў, лібэралізацыі аўтамабільных перавозак і іншых адчувальных пазыцыяў.

Пры гэтым дадзеныя дамоўленасьці павінны ўтрымліваць палажэньні аб недапушчальнасьці іх пагаршэньня ў наступны пэрыяд да поўнай ліквідацыі выключэньняў і абмежаваньняў у Эўразійскім эканамічным саюзе».

Якія наступствы выцякаюць з гэтага законапраекту? Свабода папрасіла адказаць некалькіх экспэртаў.

Аляксандар Сасноў

«Я пераклаў бы на звычайную мову гэты дакумэнт так: першы пункт — ратыфікаваць Дамову. І пункт другі — не запускаць яе ў дзеяньне. Менавіта так, — перакананы Аляксандар Сасноў, былы міністар працы і сацыяльнай бясьпекі. — А калі ратыфікаваць Дамову поўнасьцю, бяз гэтых агаворак, то мы сядзем у лужыну. Таму за папраўкі будзем цягацца».

Міхаіл Чыгір, экс-старшыня Савету Міністраў, адзначае, што беларускія ўлады ўсё яшчэ спадзяюцца на чарговую паблажку ад Расеі:

Міхаіл Чыгір

«Тое, чаго цяпер патрабуе Беларусь, дакумэнтамі аб Эўразійскім саюзе прадугледжана зрабіць толькі ў 2025 годзе. І калі Лукашэнка здолее настаяць на сваім, то мы разбагацеем. І ня слаба, дзесьці на тры-чатыры мільярды даляраў штогод. Для нас гэта быў бы, як кажуць, чысты плюс».

Станіслаў Багданкевіч, былы старшыня праўленьня Нацбанку Беларусі, таксама перакананы, што размова ідзе пра вялікія сумы грошай:

Станіслаў Багданкевіч

«Я разумею, што агаворка — гэта патрабаваньне захаваць для Беларусі нізкія цэны на газ і на нафту. А з улікам гэтага можа набрацца нават ня тры-чатыры, а пяць мільярдаў штогод».

Карэспандэнт: «А калі Расея не пагодзіцца зь беларускімі агаворкамі?»

Багданкевіч: «А куды яна дзенецца? Максымум, што яна зробіць — здыме Лукашэнку, і ў нас будзе новы прэзыдэнт».

Перад падпісаньнем дамовы ў Астане Аляксандра Лукашэнку запэўнілі, што Расея дае Беларусі права пакідаць ва ўласным бюджэце на 2015 год экспартнае мыта на нафтапрадукты. Экспэрты ацэньвалі гэты бонус у паўтара мільярда даляраў. Таму кіраўнік Беларусі разам з Нурсултанам Назарбаевым і Ўладзімерам Пуціным і паставіў свой подпіс пад дакумэнтам аб стварэньні Эўразійскага эканамічнага саюзу.

Аднак ужо пасьля гэтага Масква абвясьціла пра так званы падатковы манэўр у нафтавай галіне. Ад гэтага Беларусь можа страціць двойчы: па-першае, зьніжаюцца патэнцыйныя даходы ад экспартных пошлін, а па-другое, сырая нафта для беларускіх прадпрыемстваў стане даражэйшай.

«Гэта ненармальна: не пасьпелі ўвесьці ў дзеяньне дамоўленасьці, тут жа іх адмяняем другой рукой, — абураўся Аляксандар Лукашэнка, калі 2 кастрычніка прымаў прэм’ера Мясьніковіча. — І ў выніку Беларусь можа страціць вялізарную суму сродкаў, больш за мільярд даляраў».

Тут, мабыць, у Менску і згадалі, што аднаго подпісу Лукашэнкі ў Астане мала, каб Дамова набыла статус закону. Для гэтага яе спачатку трэба ратыфікаваць абедзьвюм палатам Нацыянальнага сходу і падпісаць прэзыдэнту. Таму Беларусь і не сьпяшаецца праводзіць адпаведныя працэдуры, хоць яе партнэры па «тройцы» ўжо прасунуліся наперад. Так, Расея выканала ўсе неабходныя фармальнасьці. У Казахстане Дамову ратыфікавала ніжняя палата парлямэнту, а на 9 кастрычніка заплянаваны разгляд дакумэнту ў верхняй палаце.

І толькі сёньня стала вядома, што законапраект аб ратыфікацыі будзе разгледжаны верхняй і ніжняй палатамі Нацыянальнага сходу Беларусі таксама 9 кастрычніка. Беларускія дэпутаты гавораць пра тое, што лічаць немэтазгодным разгляд да таго часу, пакуль Расея і Беларусь не ўрэгулююць пытаньне кампэнсацыі беларускаму боку чаканых страт. Гэтае пытаньне абмяркоўвалася на праведзеных 3 кастрычніка ў Маскве перамовах паміж першым віцэ-прэм’ерам Беларусі Ўладзімірам Сямашкам і віцэ-прэм’ерам Расеі Аркадзем Дварковічам. 9 кастрычніка ў Менску адбудзецца пасяджэньне беларуска-расейскай Групы высокага ўзроўню, якая абмяркуе, у ліку іншых, пытаньне нафтавага мыта.