Дамову аб Эўразійскім саюзе ў Менску могуць ратыфікаваць 9 кастрычніка

Праект закона аб ратыфікацыі дамовы аб Эўразійскім эканамічным саюзе будзе разгледжаны верхняй і ніжняй палатамі беларускага парлямэнта 9 кастрычніка, паведамляе агенцтва «Інтэрфакс» са спасылкай на Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Беларусі:

«Ёсьць інфармацыя, што законапраект аб ратыфікацыі дамовы аб стварэньні Эўразійскага эканамічнага саюза можа быць разгледжаны на пасяджэньні 9 кастрычніка».

У верхняй палаце — Савеце рэспублікі Нацыянальнага сходу — таксама паведамілі, што беларускія сэнатары 9 кастрычніка зьбяруцца на чарговае пасяджэньне, асноўным пытаньнем парадку якога стане разгляд законапраекта аб ратыфікацыі дамовы аб стварэньні ЭАЭС.

У Менску выказваюць заклапочанасьць у сувязі з цэлым шэрагам палажэньняў дамовы аб ЭАЭС і так званым падатковым манэўрам ў нафтавай галіне, які рыхтуецца ў Расеі.

Плянуемыя Расеяй падатковыя зьмены прывядуць да страт для бюджэту Беларусі, і якія не дазваляюць парлямэнту прыступіць да разгляду законапраекта аб бюджэце на 2015 год.

Парлямэнтарыі падкрэсьлілі, што лічаць немэтазгодным разглядаць праект закона аб ратыфікацыі дамовы аб ЭАЭС да таго часу, пакуль Расея і Беларусь не ўрэгулююць пытаньне кампэнсацыі беларускаму боку чаканых страт.

Гэтае пытаньне абмяркоўвалася на праведзеных 3 кастрычніка ў Маскве перамовах паміж першым віцэ-прэм’ерам Беларусі Ўладзімірам Сямашкам і віцэ-прэм’ерам Расеі Аркадзем Дварковічам. 9 кастрычніка ў Менску адбудзецца пасяджэньне беларуска-расейскай Групы высокага ўзроўню, якая абмяркуе, у ліку іншых, пытаньне нафтапошлін.