Парашэнка прапануе зьмяніць межы Луганскага раёну

Прэзыдэнт Украіны Пётар Парашэнка прапануе народным дэпутатам разгледзець пастановы аб унясеньні зьменаў у межы раёнаў Луганскай вобласьці і павышэньні кіравальнасьці і навядзеньня парадку ў Луганскай вобласьці, паведаміла прэс-служба кіраўніка дзяржавы.

Як сказаў з гэтай нагоды пастаянны прадстаўнік прэзыдэнта ў Вярхоўнай Радзе Руслан Князевіч, неабходнасьць разгляду гэтага пытаньня ўзьнікла ў сувязі з тым, што пэўныя раёны Луганскай вобласьці не кантралююцца ўкраінскімі ўладамі. «Для належнага кіраваньня гэтымі тэрыторыямі і забесьпячэньня жыцьцядзейнасьці гэтых раёнаў Луганскай вобласьці трэба ўнесьці зьмены ў межы раёнаў Луганскай вобласьці і далучыць да тых раёнау, якія мы кантралюем», - прыводзіць прэс-служба словы Князевіча.

Паводле яго, на нарадзе з прэзыдэнтам усе прадстаўнікі парлямэнцкіх фракцый і груп падтрымалі гэтую прапанову.

«Гэта важнае рашэньне, якое дазволіць пасьля яго прыняцьця неадкладна адкрываць у гэтых раёнах тэрытарыяльныя аддзяленьні Дзяржаўнага казначэйства, выплачваць людзям пэнсіі і заробкі, прадстаўляць ўвесь пакет сацыяльных паслуг, абавязацельствы па якіх нясе дзяржава. Гэта самае важнае, чаго чакаюць жыхары Луганшчыны сёньня», - дадаў Князевіч.

Украіна гэтак жа не кантралюе і ў Данецкай вобласьці некаторыя тэрыторыі, што знаходзяцца пад уладай прарасейскіх сіл, але пра магчымую аналягічную ініцыятыву па зьменах раёнаў Данеччыны пакуль не паведамлялі.