Новая кніга эсэ Альгерда Бахарэвіча «Ніякай літасьці Альгерду Б.» («Галіяфы») добра ўпісваецца ў шэраг яго папярэдніх выданьняў з сэрыі «Бібліятэка Свабоды»: «Малая мэдычная энцыкляпэдыя Бахарэвіча» (2011), «Гамбурскі рахунак Бахарэвіча» (2012), «Каляндар Бахарэвіча» (2014). Нягледзячы на тое, што тэксты з гэтай кнігі, у адрозьненьне ад свабодаўскіх, тэматычна даволі стракатыя, яе галоўны герой, пра што папярэджвае назва, гэтак жа, як і назвы папярэдніх кніг — Альгерд Бахарэвіч. І ўсё ж «Ніякай літасьці Альгерду Б.» — кніга пра тое, што хвалюе аўтара тады, калі ён не вывучае памятныя даты ці гісторыі хваробы — стаіць трохі ўбаку ад папярэдніх выданьняў. Яна ва ўсім трошкі больш [...], чым яны, а што можна паставіць на месцы шматкроп’я, будзем глядзець ніжэй.
Новая кніга Бахарэвіча трошкі больш паэтычная, чым яго папярэднія зборнікі эсэ, а месцамі нават і сэнтымэнтальная. Эсэ «Пра рэўнасьць да будучага» ці «Спадары экстрэмісты» — гэта суцэльныя вершы ў прозе, але нават і ў самых змрочных ці саркастычных тэкстах Бахарэвіча знаходзіцца месца для парадаксальных вобразаў, побач зь якімі ў рыфах прозы так і чакаеш якой-небудзь іранічнай рыфмы. Часам гэтае чаканьне зусім ня марнае: «Ну, ясная рэч, нэрвішкі ня вытрымалі. Канвялішкі, Верцялішкі і іншыя Беняконі спакутаванага памежным станам арганізму, на якія той садзіцца, калі доўга трасуць у машыне і ня кормяць» («Толькі ня сьмейся»). Ці, напрыклад, тут: «Тое, чаго не хапае нашым гарачым дзядкам ад літаратуры, у якіх скепсыс звычайна імгненна ператвараецца ў сэпсыс, а ад пераліваньня крыві яны адмаўляюцца, абіраючы гераічную сьмерць праз павешаньне на падцяжках уласнае велічы» («Мат зь сіропам і без»). А за выраз «вятры з замашкамі кішэнных злодзеяў» у літаратурным сьвеце ўвогуле можна забіць — ад зайздрасьці ці ад той самай рамантычнай рэўнасьці, якая зрабілася тэмай ці ня самага лірычнага тэксту ў зборніку.
Бахарэвіч таньчыць ад слова і вакол слова, слова зь яго гучаньнем і бязьмежным патэнцыялам для моўных гульняў, які ён ніколі не прапускае магчымасьці рэалізаваць, нават калі лёгіка тэксту гэтага не патрабуе. Часам гэтыя танцы здаюцца нават збыткоўнымі, іх так шмат, што ў вачах пачынае мільгацець, аднак аўтар нібыта зачараваны словам і ідзе ў яго на павадку. Такім чынам мова робіцца другім паводле значнасьці героем кнігі «Ніякай літасьці Альгерду Б.», нават ня проста беларуская мова (хаця яна — у першую чаргу), а мова ўвогуле, мова і тое, што прафэсійны закаханы ў мову можа зь ёй зрабіць. Аўтар з прыемнасьцю спрабуе на смак адны і тыя ж словы і выразы на розных мовах: «Пакет нужан?» Калі падумаць, нічога страшнага не адбылося. Па сутнасьці, гэта звычайны адпаведнік паслужліваму нямецкаму «Eine Tüte?» («Выспа Ўінстана Сіняга»), выкарыстоўвае трасянку, шукае ў словах сугуччы і, адштурхнуўшыся ад іх, скіроўвае сваю думку новым рэчышчам, каб праз сказ ці абзац вярнуцца да абранай тэмы. Часам і не разумееш, гэта Бахарэвіч гуляецца з мовай ці мова з Бахарэвічам, але ў тым, што разам ім добра, сумненьняў няма.
У кнізе «Ніякай літасьці Альгерду Б.» Бахарэвіч больш злосны і іранічны, чым у кнігах «Малая мэдычная энцыкляпэдыя» і «Гамбурскі рахунак», але і больш сур’ёзны таксама. Гэтага не схавае ніякая іронія. Аўтар з усёй сур’ёзнасьцю ставіцца да такіх рэчаў, як «Народная лирика Витебского Поозерья» («Песьні крэолаў Паазер’я»), ці «ўбогі матыў і струнны перабор» («Тры акорды»), ці «Тваім сьвятлом благаславёны» («Імя па бацьку») — а інакш навошта прысьвячаць ім столькі кніжнай прасторы? Пры гэтым цэнтральным эсэ зборніка я б назвала «Толькі ня сьмейся» — і пад гэтым загалоўкам, які, здавалася б, настройвае чытача на максымальную сур’ёзнасьць, чытач знаходзіць тэкст пра тое, ці ёсьць межы ў літаратурнага сьмеху і нават пра тое, ці павінныя яны ўвогуле быць. Хто сьмяецца перадапошнім, задаецца пытаньнем Бахарэвіч, і мы разумеем, што ў канцы заўсёды будзе сьмех — здаровая рэакцыя арганізму на любую нечаканку.
Як і ў іншых кнігах эсэ, Бахарэвіч часам частуе нас гісторыяй. Уласна гісторыяў, такіх, як у «O.R.V.I.» з кнігі «Малая мэдычная» ці ў «Францішку Багушэвічу» з «Гамбурскага рахунку», тут таксама няшмат — «гісторыйка з правай кішэні» ў «А яшчэ зь іх робяць жэле», напрыклад. Як і ў іншых кнігах, эсэ ў новай часам бываюць вельмі сьмешнымі — як «Могілкі кіндэрсюрпрызаў» пра казкі для беларускамоўных. Нават трошкі больш сьмешнымі, чым у «Гамбурскім рахунку» — у гісторыі беларускай літаратуры сьмешнага ўвогуле няшмат.
Эсэ Бахарэвіча заўсёды вельмі прыватныя, нават ня ў тым сэнсе, у якім эсэ звычайна прадугледжвае прыватнае меркаваньне канкрэтнага чалавека, а ў тым, што аўтар нават не спрабуе рабіць выгляд, што ён бесстароньні, і кніга «Ніякай літасьці Альгерду Б.» трошкі больш прыватная за папярэднія. Музычныя, літаратурныя і моўныя густы Бахарэвіча мы па ягоных кнігах апошніх гадоў ведаем ужо на памяць, і новая кніга расказвае нам пра тое, што Бахарэвічу не падабаецца, што яго раздражняе і што выклікае ў яго абурэньне. І што самае цікавае, яго эсэ чытаюць — спачатку на сайтах, потым — у кнігах, чытаюць і бурна абмяркоўваюць. А значыць, гэта трошкі больш, чым Бахарэвіч.
Аўтарка дзякуе выдавецтву «Галіяфы» за кнігу для рэцэнзіі.