Апазыцыя аб’яднаецца на антыкарупцыйнай плятформе

Апазыцыя рыхтуе антыкарупцыйную плятформу, у рамках якой будзе падрыхтаваны даклад аб карупцыі ў Беларусі і шэраг прапаноў па барацьбе з карупцыяй.

Падрыхтоўку дакладу аб карупцыі ў Беларусі абмяркоўвалі 6 кастрычніка ў Менску прадстаўнікі АГП, Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет», аргкамітэтаў па стварэньні партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» і Партыі працы, Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), партыі «Зялёныя», кампаніі «За справядлівыя выбары », руху «За свабоду». Удзельнічаць у працы па падрыхтоўцы дакладу плянуе таксама Партыя БНФ.

Як паведаміў старшыня АГП Анатоль Лябедзька, распрацоўшчыкі дакладу разглядаюць тэму процідзеяньня карупцыі як адзін з найважнейшых прыярытэтаў для ўсіх прыхільнікаў пераменаў:

«Палітычныя структуры маюць волю выпрацаваць агульную пазыцыю, плятформу па праблеме карупцыі. Мы лічым, што гэта праблема нацыянальнага маштабу, якая чыніць велічэзную шкоду асабістаму дабрабыту пераважнай колькасьці грамадзян Беларусі і нясе рэпутацыйныя выдаткі для краіны. Не мінімізаваўшы гэтую праблему, спадзявацца на пасьпяховую пэрспэктыву краіны не выпадае».

У дакладзе будзе дадзена ацэнка дзеяньням улады. Палітычная апазыцыя сфармулюе таксама свае прапановы, як мінімізаваць праблему карупцыі ў Беларусі.

Пра гэта Радыё Свабода паведаміў старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька.

Анатоль Лябедзька

«Размова ідзе пра антыкарупцыйную плятформу апазыцыйных палітычных суб’ектаў. Гэта азначае, што па пытаньні карупцыі 11 палітычных і грамадзкіх структураў выпрацоўваюць агульную пазыцыю, агульны падыход. Пасьля 15 кастрычніка мы зробім прэзэнтацыю гэтай плятформы, а адначасова ўжо ідзе праца па падрыхтоўцы антыкарупцыйнага дакладу. Гэта будзе досыць аб’ёмны дакумэнт ня толькі з канстатацыяй чыньнікаў, якія прыводзяць да карупцыі, ня толькі з прапановамі, як мінімізаваць наступствы карупцыі, але і з канкрэтнымі фактамі і прыкладамі. Па выніках сёньняшняй працы мы вырашылі, што нам трэба выйсьці на тры дакумэнты: гэта антыкарупцыйная плятформа, якая фіксуе нашу агульную пазыцыю, антыкарупцыйны даклад для масавага выкарыстаньня, а таксама канкрэтныя 6–7 пунктаў — што апазыцыя плянуе рабіць, каб мінімізаваць праблему карупцыі ў Беларусі. Насамрэч гэта адно, відаць, зь нямногіх пытаньняў, дзе мы можам прыйсьці да агульнай пазыцыі», — кажа Лябедзька.

Палітык падкрэсьлівае, што праблема карупцыі надзвычай важная для краіны.

«На сёньняшні дзень праблемы карупцыі — гэта вялізарныя страты для бюджэту, для краіны, для кожнага жыхара Беларусі. І наша задача — даць аналіз сытуацыі, бо тое, што створана ў Беларусі, гэта сыстэма карупцыйная: гэта сыстэма не для барацьбы з карупцыяй, а для папулярызацыі карупцыі, стварэньня новых магчымасьцяў для карупцыі», — адзначае Лябедзька.