Мэдычнага «Нобэля» атрымалі за арыентацыю ў прасторы

Нобэлеўскую прэмію за 2014 год у галіне фізіялёгіі і мэдыцыны атрымалі амэрыканска-брытанскі дасьледчык Джон О’Кіф, а таксама пара нарвэскіх навукоўцаў Мэй-Брыт Мозэр і Эдвард Мозэр за адкрыцьцё клетак, зь якіх у мозгу складаецца сыстэма пазыцыянаваньня.

Як гаворыцца ў паведамленьні Нобэлеўскага камітэту, Джон О’Кіф ў 1971 годзе выявіў, што некаторыя нэрвовыя клеткі ў мозгу пацукоў актывуюцца, калі жывёліна займае вызначаную пазыцыю ў прасторы. У іншых пазыцыях актываваліся іншыя клеткі. Ён прапанаваў гіпотэзу, што гэтыя «пазыцыйныя клеткі» фармуюць унутраную мапу навакольля. Гэтыя клеткі разьмешчаныя ў частцы мозгу пад назвай гіпакампус.

Мэй-Брыт Мозэр і яе муж Эдвард Мозэр у 2005 годзе выявілі, што іншыя нэрвовыя клеткі ў суседняй частцы мозгу, энтарынальнай вобласьці мазгавой кары, актывуюцца, калі пацук праходзіць праз вызначаныя месцы ў навакольлі. Разам гэтыя клеткі мозгу фармуюць каардынаваную сыстэму, якая дазваляе арыентавацца ў прасторы.

Джон О’Кіф нарадзіўся ў 1939 годзе ў Нью-Ёрку, ЗША, і мае адначасовы і амэрыканскае, і брытанскае грамадзянства. У 1967 годзе ён атрымаў доктарскую ступень ў фізіялягічнай псыхалёгіі ў канадзкім Ўнівэрсытэце МакГіл. Пасьля гэтага ён пераехаў у Брытанію і ад таго часу працуе ў Лёндане.

Мэй-Брыт Мозэр і Эдвард Мозэр — грамадзяне Нарвэгіі. Абое маюць доктарскія ступені ў нэўрафізіялёгіі і працуюць у нарвэскім Унівэрсытэце Трондгэйма.