Менск пераапрануўся ў вышыванкі

Дзень вышыванкі — ўпершыню ў Беларусі. Як гэта было? (ФОТА)

У нядзелю ў Менску прайшоў Дзень беларускай вышыванкі. Больш за тысячу людзей наведалі цеснае памяшканьне на вуліцы Талбухіна. Наступны фэст абяцалі правесьці ў Палацы рэспублікі.

Мерапрыемства адбылося ў Беларусі ўпершыню. Цягам 7 гадзінаў гадзінаў прастору «ДК» на вуліцы Талбухіна наведалі каля 1500 чалавек.

У першай частцы фэсту наведнікі, якія яшчэ ня мелі вышыванак, маглі іх набыць — прычым як традыцыйныя, гэтак і стылізаваныя сучасныя, якія маюць ужо сваю назву —"вышымайкі" ад пляцоўкі Symbal.by. Апошнія можна было яшчэ і выйграць.

Майкі арганізатары разыгралі проста падчас імпрэзы. На кірмашы беларускіх вырабаў, які ў адным месцы сабраў таленавітых беларускіх майстроў, свае творы прэзэнтавалі стваральнікі ўпрыгожваньняў «V-ART-@», а ініцыятыва «Беларусам» прадставіла беларускія магніты і сшыткі. Папоўніць гардэроб нацыянальным калярытам можна было гальштукам ад «Etno Manufaktura», адзеньнем ад «Берагіні» ці «Лічбавай вышыўкі» або майкамі ад «Sakolka.by». Можна было набыць разнастайныя сувэніры ад Алены Пянкрат, рэканструкцыі беларускіх дасьпехаў і ўпрыгожваньняў ад «Revival Crafts Studio» і дызайнэрскія мятлікі ад Веранікі Машарскай.


Наведнікі ж мелі магчымасьць не толькі набыць беларускі сымбаль, а ў наўпроставым сэнсе нанесьці яго на цела — дзякуючы адмысловым тату, намаляваным хной ці фарбаю. Прайшлі майстар-клясы па вышыўцы ды вырабах з гліны.


Аўтары беларускай гульні «Паўстанцы» распавялі пра свой праект і далі магчымасьць удзельнікам фэстывалю самім паглыбіцца ў атмасфэру 1863 года.

У музычнай частцы выступілі гурты «Бачу ўпершыню», Сяргей Башлыкевіч (Leibonik), Recha, а завяршыў музычнае сьвята гурт Unia.


Дзень вышыванкі зладзілі беларускія НДА ў межах кампаніі «Зробім лепш».

Колькасьць наведнікаў зьдзівіла самых арганізатараў, якія паабяцалі наступную імпрэзу зладзіць як мінімум у Палацы Рэспублікі. Фэстываль наведалі не толькі беларусы, але і госьці з замежжа.

Увагу на сябе зьвярнулі маладыя людзі ў вайсковай форме, якія падча звалненьня вырашылі наведаць Дзень беларускай вышыванкі.