Рост колькасьці прарасейска арыентаваных беларусаў спыніўся

  • БелаПАН

Рост колькасьці прарасейска арыентаваных беларусаў спыніўся, паведаміў кіраўнік цэнтру «Беларуская аналітычная майстэрня» (BAW; Варшава) Андрэй Вардамацкі, які прыняў удзел у прэзэнтацыі BAW ў рамках чацьвёртага Міжнароднага кангрэск дасьледнікаў Беларусі, які праходзіць 3-5 кастрычніка ў Коўне (Літва). Гэты працэс спыніўся ў чэрвені, дадаў сацыёляг.

Паводле яго словаў, падзеі ва Ўкраіне ўплываюць нават на эканамічнае самаадчуваньне беларусаў. «Так, у лістападзе-сьнежні 2013 году, калі не адбывалася аб’ектыўна ніякіх эканамічных зьменаў, эканамічнае самаадчуваньне беларусаў пачало паляпшацца. Падзеі на Майдане вырабілі такі эфэкт, што жыцьцё ў Беларусі стала адчувацца як асабліва стабільнае. Хоць аб’ектыўна, з пункту гледжаньня інфляцыі, узроўню заробкаў і коштаў, нічога не зьмянілася. Але суб’ектыўнае ўспрыманьне гэтых працэсаў палепшылася», — адзначыў Вардамацкі.

Паводле сацапытаньняў, са студзеня да чэрвеня ішоў «упэўнены, паступальны працэс павелічэньня прарасейскіх арыентацыяў». «Ён спыніўся ў чэрвені, далейшыя нашыя вымярэньні гэта пацьвердзілі. Ён спыніўся на досыць высокім узроўні: парадкам дзьве траціны беларусаў лічаць, што саюз з Расейскай Фэдэрацыяй лепш, чым саюз з ЭЗ», — паведаміў сацыёляг.

На думку Вардамацкага, на спыненьне павелічэньня колькасьці прарасейска настороеных беларусаў паўплывала некалькі фактараў. Першы зьвязаны з стомленасьцю ад успрыманьня «адной плыні інфармацыі», калі беларусы сталі зьвяртаць увагу і на «іншыя плыні». «Адбываецца аналіз плыняў інфармацыі з Расеі і іншых плыняў (замежных, незалежных беларускіх сродкаў масавай інфармацыі, інтэрнэту)», — адзначыў сацыёляг.

Другая прычына, па яго словах, зьвязана з эфэктам «адмоўнай адаптацыі». Так, калі на працягу працяглага часу людзям даказваюць правільнасьць нейкіх падзеяў ці дзеяньняў нейкай асобы, яны перастаюць верыць у гэтыя сьцьвярджэньні. «Таму пераможныя рэляцыі таго ж расейскага ТБ пачынаюць успрымацца па-іншаму», — канстатаваў Вардамацкі.

Нарэшце, трэцяя прычына зьвязана з тым, што частка беларусаў, «якая была або магла быць арыентавана» на падтрымку Расеі, напоўніла «рэзэрвуар». Гэты рэзэрвуар ужо запоўнены — «засталіся людзі з процілеглым меркаваньнем», дадаў кіраўнік Беларускай аналітычнай майстэрні.