Памочніца дзяржсакратара ЗША па эўрапейскіх і эўраазіяцкіх справах Вікторыя Нуланд заявіла, што Ўкраіна мае патрэбу ў дапамозе для сваёй абароны, але ў праблемы няма вайсковага рашэньня.
Гэта зьвязана з тым, што калі Расейская Фэдэрацыя наважыцца ўвайсьці і «прыціснуць Украіну», у вайсковым вымярэньні Расея заўжды будзе большая. Такую заяву Нуланд зрабіла на стратэгічным форуме ЗША — Цэнтральная Эўропа ў Вашынгтоне.
Па словах Нуланд, зараз трэба зрабіць усё, каб умацаваць мірную дамову ва Ўкраіне ва ўсіх яе элемэнтах. Асабліва аднавіўшы міжнародную мяжу Ўкраіны, бо Расея надалей забясьпечвае сэпаратыстаў зброяй нават з моманту спыненьня агню, — сказала яна.
Ня будзе бясьпекі ва Ўкраіне, пакуль усе ўмовы Менскага пратаколу не рэалізаваныя, — падкрэсьліла Нуланд.
Высокапастаўлены амэрыканскі дыплямат скрытыкавала некаторыя краіны Цэнтральнай Эўропы, якія, па яе словах, карыстаюцца перавагамі сяброўства ў НАТО і ЭЗ, але, як яна паведаміла, здаецца, забылі тыя каштоўнасьці, на якіх заснаваныя гэтыя інстытуты.
«Таму сёньня я задаю пытаньне лідэрам некаторых з гэтых дзяржаваў: як вы можаце ўначы спаць пад коўдрай Пятага артыкула статуту НАТО, а ўдзень заціскаць свабодную прэсу, дэманізаваць грамадзянскую супольнасьць і распальваць нацыяналізм?» — заявіла Нуланд.
На думку некаторых экспэртаў, яна зьвярталася да кіраўніцтва Вугоршчыны.