У Коўне зьбяруцца дасьледчыкі Беларусі з усяго сьвету

3–5 кастрычніка пройдзе Чацьвёрты міжнародны кангрэс дасьледчыкаў Беларусі.

У ім бяруць удзел адмыслоўцы зь Беларусі, Польшчы, Украіны, Літвы, Чэхіі, Расеі, Нямеччыны, Швэцыі, Вугоршчыны, Вялікабрытаніі, Італіі, Аўстрыі, Кітаю, ЗША, Ізраілю і Казахстану.

Старшыня аргкамітэту Кангрэсу, дырэктар інстытуту «Палітычная сфэра» Андрэй Казакевіч апавёў, у чым адрозьненьне Чацьвёртага міжнароднага кангрэсу дасьледчыкаў Беларусі ад папярэдніх:

Андрэй Казакевіч

— Асноўнае адрозьненьне ад папярэдніх гадоў — гэта тыя тэмы, якія будуць абмяркоўвацца. Сёлета мы не заяўлялі нейкай агульнай тэмы для ўсяго Кангрэсу, для ўсіх 400 дасьледчыкаў, якія возьмуць у ім удзел. Але, вядома, парадак дня для асобных кірункаў, асобных дысцыплін розны.

Да прыкладу, у гэтым годзе шмат увагі будзе аддавацца, натуральна, украінскаму крызісу. Гэта бачна па праграмах і пленарнага паседжаньня, і па працы паліталягічнай сэкцыі, і сэкцыі па міжнародных стасунках. Асобна будзе разглядацца пытаньне ролі Кітаю і ўвогуле краін Усходняй Азіі ў нашым рэгіёне, у краінах Усходняй Эўропы: Беларусі, Літве, Польшчы, Украіне.

Калі гаварыць пра іншыя кірункі, будзе працаваць сэкцыя, прысьвечаная розным філялягічным праектам, якім чынам гэтыя праекты ўплываюць на сучаснае беларускае грамадзтва. Таксама будзе разглядацца праблема рэгіянальнага разьвіцьця Беларусі.

Асаблівая ўвага будзе аддадзена праблеме вайны, гвалту ў ХХ стагодзьдзі, таму што сёлета адзначылі юбілей — 100-годзьдзе з пачатку Першай усясьветнай вайны.

— А якім чынам будуць выкарыстаныя шматлікія напрацоўкі, даклады, дасьледаваньні, якія будуць прадстаўленыя на Кангрэсе?

— Кожны год мы выдаём працоўныя матэрыялы, тэзісы Кангрэсу, а таксама мы прапануем надрукаваць паўнавартасныя артыкулы ў выданьнях, якія супрацоўнічаюць з Кангрэсам — «АRCHE», «Палітычная сфэра», іншых, таксама ў СМІ.

Яшчэ вельмі важна, што дасьледчыкі, якія часьцяком зьяўляюцца выкладчыкамі, будуць трансьляваць матэрыялы Кангрэсу ў межах сваіх дысцыплін у ВНУ.

Яшчэ адзін вельмі важны момант — усталяваньне працоўных кантактаў паміж беларускімі і замежнымі дасьледчыкамі, пашырэньне супрацоўніцтва, паглыбленьне інтэграцыі беларускай акадэмічнай супольнасьці ў рэгіянальны і міжнародны кантэкст.

_______________________________________

На працягу трох дзён у Коўне дасьледчыкі будуць выступаць з дакладамі ў шаснаццаці сэкцыях: «Праблемы трансфармацыі і мадэрнізацыі эканомікі Беларусі», «Палітычныя інстытуты і нацыянальная ідэнтычнасьць у Цэнтральна-Ўсходняй Эўропе», «Міжнародныя адносіны і зьнешняя палітыка», «Дзяржаўнае кіраваньне, навука і адукацыя, грамадзянская супольнасьць», «Вялікае Княства Літоўскае: крыніцы — соцыюм — нарацыя», «Беларусь у складзе Расейскай імпэрыі», «Яўрэі ў кантэксьце беларускай гісторыі», «Беларусь у ХХ ст.: насільле і мадэрнізацыя», «Беларускае замежжа і памежжа ў гісторыі і сучаснасьці», «Філялягічныя праекты», «Беларуская літаратура: нацыянальная традыцыя і сусьветны кантэкст», «Сьвятыя ў беларускай гісторыі і сучаснасьці: асобы, месцы, тэксты, супольнасьць», «Беларускі культурны ляндшафт: памяць і трансфармацыя», «Беларуская культура: новыя канцэпты, актуальныя стратэгіі», «Традыцыйная духоўная культура Беларусі і краін Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы» і «Гендэрныя „правілы“: дыскурсы, палітыкі і практыкі».

На пленарным паседжаньні слова возьмуць вядомы ўкраінскі дасьледчык, супрацоўнік Інстытуту палітычных і этнанацыянальных дасьледаваньняў Нацыянальнай акадэміі навук Украіны, прэзыдэнт Украінскага ПЭН-цэнтру Мікола Рабчук і беларускі філёзаф, супрацоўнік Інстытуту філязофіі НАН Беларусі Ігар Бабкоў.

Сярод удзельнікаў кангрэсу — мноства вядомых беларускіх экспэртаў у галінах эканомікі, мэдыяў, літаратуры, рэлігіязнаўстава, а таксама літаратараў і журналістаў. Гэта Сяргей Чалы, Аляксандар Чубрык, Аляксей Крывалап, Дзьмітры Карэнка, Валер Карбалевіч, Юры Дракахруст, Яўген Прэйгерман, Андрэй Лаўрухін, Андрэй Ягораў, Тацяна Чуліцкая, Валянцін Голубеў, Уладзімер Фёдараў, Захар Шыбека, Алег Латышонак, Мікола Пачкаеў, Ганна Кісьліцына, Ірына Дубянецкая, Аляксандар Надсан, Сяргей Шупа, Зьміцер Саўка, Аксана Бязьлепкіна, Алесь Аркуш, Зьміцер Вішнёў, Віктар Жыбуль, Серж Мінскевіч, Натальля Васілевіч, Валянцін Акудовіч, Максім Жбанкоў, Андрэй Расінскі, Дзьмітры Плакс, Міхал Анемпадыстаў і шэраг іншых.

У рамках кангрэсу пройдзе прэзэнтацыя кнігі аналітыка Радыё Свабода Юрыя Дракахруста «Сем худых гадоў».