Старшыня КДБ: Сярод затрыманых «карцінаў зь Межыгор’я» ёсьць сапраўдныя

Рэзыдэнцыя "Межыгор’е"

Старшыня КДБ Валеры Вакульчык адказаў журналістам на пытаньне наконт лёсу карцінаў, якія затрыманыя ў Беларусі і якія, ня выключана, былі завезеныя з Украіны і раней належалі былому прэзыдэнту Ўкраіны Віктару Януковічу і некаторым людзям зь яго блізкага атачэньня.

Валеры Вакульчык сказаў:

«Я думаю, што сьледзтва ўнясе яснасьць у гэтую сытуацыю. Ня выключана, што гэтыя карціны завезеныя ў Беларусь з-за мяжы. І сёньня можна казаць, што ня ўсе гэтыя карціны намаляваныя тут; папярэдняя экспэртыза паказвае, што ня ўсе з гэтых карцінаў — падробкі.

Я асабіста не экспэрт. Цяпер праходзіць праца экспэртаў, і пакуль вядома, што большасьць карцінаў намаляваная на палотнах 18–19 стагодзьдзяў, і фарбы, якімі яны намаляваныя, таксама адносяцца да таго часу — 18–19 стагодзьдзі. Там ёсьць і старажытныя іконы. Яны рэстаўраваліся.

Я магу сказаць, што склад злачынства паводле артыкула, які тычыцца падробкі мастацкіх каштоўнасьцяў, тут ёсьць, але праглядаюцца прыкметы і іншых злачынстваў. Яснасьць тут будзе ўнесеная падчас сьледзтва».

КДБ на гэтым тыдні паведаміў аб арышце групы, якая спрабавала пад выглядам працаў мастакоў Клёда Манэ, Вінсэнта Ван Гога, Эдварда Мунка, Канстанціна Юона і Васіля Кандзінскага прадаць карціны невядомых аўтараў.


«Затрыманыя сьцьвярджалі, што прапанаваныя імі на продаж творы мастацтва былі вывезеныя з рэзыдэнцыі экс-прэзыдэнта Ўкраіны Віктара Януковіча. За 5 карцін названыя асобы хацелі атрымаць 2 мільёны эўра», — паведаміў агенцтву Інтэрфакс кіраўнік прэс-службы КДБ Артур Стрэх.


У дачыненьні да падазраваных Камітэт дзяржаўнай бясьпекі ўзбудзіў крымінальную справу па прыкметах складу злачынства, прадугледжанага ч.2 арт.233 (незаконная прадпрымальніцкая дзейнасьць) КК Рэспублікі Беларусь.