15 гадоў Другой чачэнскай вайне

30 верасьня 1999 года, пятнаццаць гадоў таму, танкавыя падразьдзяленьні расейскай арміі ўвайшлі на тэрыторыю Чачні.

Гэты дзень і лічаць пачаткам Другой чачэнскай вайны, якая афіцыйна была названая Масквой «контртэрарыстычнай апэрацыяй (КТА) на Паўночным Каўказе».

Актыўныя баявыя дзеяньні ў Чачні працягваліся ў 1999 і 2000 гадах, аднак афіцыйна рэжым КТА быў адменены толькі ў красавіку 2009 года. 23 верасьня 1999 года прэзыдэнт Расеі Барыс Ельцын падпісаў указ «Аб мерах па павышэньню эфэктыўнасьці контртэрарыстычных апэрацый на тэрыторыі Паўночна-Каўказскага рэгіёну Расейскай Фэдэрацыі», які прадугледжваў стварэньне Аб’яднанай групоўкі войскаў на Паўночным Каўказе. У той жа дзень, 23 верасьня, расейская авіяцыя ажыцьцявіла бамбаваньне Грознага, а 30 верасьня пачалася наземная апэрацыя — танкавыя падразьдзяленьні расейскай арміі ўвайшлі на тэрыторыю Наурского і Шэлкаўскага раёнаў Чачні.

Да гэтага часу баявыя дзеяньні на Паўночным Каўказе ішлі ўжо больш за месяц — яны пачаліся пасьля ўварваньня ў Дагестан узброеных груп пад кіраўніцтвам Шаміля Басаева і Хатаба. Фэдэральныя ўлады абвінавацілі прэзыдэнта Чачэнскай рэспублікі Ічкерыя Аслана Масхадава ў няздольнасьці кантраляваць сытуацыю.

Уладзімер Пуцін, які займаў тады пасаду старшыні ўраду, заявіў, што калі чачэнскае кіраўніцтва ня можа прадухіліць пераход бандыцкіх груповак праз мяжу Чачні, то «спэцыялісты прапануюць свае сродкі».

У пачатку верасьня ў Маскве, Буйнакску і Валгадонску былі ўзарваныя жылыя дамы, у выніку чаго загінулі больш за 300 чалавек і больш за 1700 атрымалі раненьні. Афіцыйнае расьсьледаваньне знайшло ў тым што адбылося так званы «каўказскі» сьлед, што разьвязала рукі расейскім уладам для Другой чачэнскай вайны, стратэгічныя мэты якой сфармуляваў Уладзімер Пуцін. Паводле яго слоў, неабходна было паставіць заслон міжнароднаму тэрарызму, якія патрапіў у Чачню, прадухіліць распад Расеі, а таксама ўзяць пад абарону чачэнскае насельніцтва, якое стала ахвярай мясцовых сэпаратысцкіх і экстрэмісцкіх бандфармаваньняў. Дакладных зьвестак пра страты падчас гэтай вайны да гэтага часу няма. Паводле афіцыйнай статыстыкі Міністэрства абароны РФ на 2010 год, за пэрыяд з 1999 па 2008 гады на Паўночным Каўказе загінулі 3684 вайскоўца, паводле МУС РФ былі забітыя таксама больш за 2 тысячы супрацоўнікаў унутраных войскаў. Паводле ацэнак ж Саюза камітэтаў салдацкіх маці Расеі, афіцыйныя зьвесткі заніжаныя як мінімум удвая. Страты сярод мірнага насельніцтва, паводле афіцыйнай інфармацыі на люты 2001 года, складалі тысячу чалавек, аднак паводле інфармацыі праваабарончай арганізацыі Amnesty International, у вайне загінулі да 25 тысяч мірных жыхароў.

Кіраўнік расейскага адзьдзяленьня праваабарончай арганізацыі Human Rights Watch Тацяна Локшына ўспамінае аб маштабных парушэньнях правоў чалавека ў ходзе гэтай вайны. Паводле яе слоў тое, адбывалася ў Чачні ў першыя гады вайны, можна лічыць «абсалютным беззаконьнем»: — Аб злачынствах, якія зьдзяйсьняліся падчас Другой чачэнскай вайны, можна казаць гадзінамі. Парушэньні правоў чалавека былі сыстэматычнымі, яны дасягалі ўзроўню злачынстваў супраць чалавечнасьці, размах гэтых парушэньняў быў зусім жахлівым. За Другую чачэнскую вайну ў рэспубліцы ў выніку выкраданьняў бясьсьледна зьнікла ад 3 да 5 тысяч чалавек. Сотні сваякоў падавалі скаргі ў Эўрапейскі суд, страціўшы надзею дабіцца справядлівасьці на нацыянальным узроўні. Многія выйгралі гэтыя скаргі і нават атрымалі кампэнсацыі пасьля прызнаньня парушэньняў з боку ўраду. Але ж гэтыя людзі зьвярталіся ў Эўрапейскі суд не за кампэнсацыі, няма за грашыма — ім патрэбна была інфармацыя аб тым, што ж менавіта адбылося з іх сынамі, з іх братамі.

Цалкам артыкул даступны на сайце расейскай службы Свабоды.