Дакумэнтальны фільм магілёўскага рэжысэра Вячаслава Сікоры «Майдан сваімі вачыма» не вядомы масаваму гледачу ў Беларусі.
Даступны ён толькі ў інтэрнэце. Тым часам ва Ўкраіне стужка даволі папулярная. Аўтар фільму на ўласныя вочы бачыў падзеі, якія адбываліся ў Кіеве на плошчы Незалежнасьці сёлета ўзімку — адсюль і назва.
Вячаслаў Сікора прыехаў у Кіеў 19 студзеня і адразу пачаў здымаць свой фільм. Плянаваў прабыць у сталіцы Ўкраіны тры дні, прабыў жа на Майдане больш за месяц. Паехаў, кажа, каб на ўласныя вочы пабачыць, што там адбываецца.
Мантажом адзьнятага матэрыялу Вячаслаў займаўся наступныя тры месяцы. Кожную зробленую сэрыю тут жа выкладаў у інтэрнэт. Зарабляць на фільме, адзначае рэжысэр, і думкі не было. Гэта была мая грамадзянская пазыцыя і мой абавязак як дакумэнталіста, заўважае Вячаслаў:
«Пра Майдан сваімі вачыма — гэтак і называецца фільм. У ім камэнтароў няма — толькі інтэрвію людзей, якія былі на Майдане, ад пэнсіянэраў да маладых хлопцаў. Байцы „Беркута“ інтэрвію не давалі, міліцыянты таксама. Ім забаронена было мець дачыненьні з журналістамі. Напэўна, не было, што і сказаць. Супрацоўнікам беларускіх кампаніяў, якія здымалі там навіны, я прапаноўваў, каб і яны як беларусы, якія бачаць, што адбываецца, далі інтэрвію, але яны таксама адмаўляліся. Напэўна, ім былі пастаўленыя свае задачы, што трэба здымаць і якія інтэрвію браць».
Паглядзець у Беларусі фільм «Майдан сваімі вачыма» можна праз інтэрнэт. Ва Ўкраіне ж, зазначае аўтар, стужку паказвалі нават па тэлебачаньні:
«Украіна тыражуе гэты фільм. І нават на расейскіх сайтах ёсьць гэты фільм, — зазначае Вячаслаў Сікора. — Але, напэўна, Беларусі мая праўда пра Майдан не патрэбная».
А якая яна, праўда беларуса пра Майдан? Што бачыў ён на Майдане? Як успрымаў яго? Адказваючы на гэтыя пытаньні, Вячаслаў Сікора адзначае, што там ён адчуў гонар за ўкраінскі народ. Убачыў на ўласныя вочы, як людзі ішлі бараніць свой гонар. Асабліва яго ўразіў гэтак званы «чорны чацьвер»:
«На вачах людзі паміралі, гінулі, але ішлі. Побач падае сябар, паплечнік, невядомы чалавек, бо туды ж ехалі з усёй Украіны (запісваліся ў сотні самаабароны), але ўсё адно стаяць у барыкадах. Дагэтуль мне цяжка зразумець тую самаахвярнасьць, самааддачу, бо яны ж потым паглядзець ня змогуць, ці дарэмна яны гінулі. Гэта было ўзрушальнае відовішча. Я за ўсё сваё жыцьцё ня бачыў столькі сьмерцяў, колькі пабачыў там».
Пасьля ўбачанага, прызнаецца Вячаслаў, доўга ня мог гаварыць. Тады зразумеў, кажа ён, што гэты народ нельга перамагчы:
«Зноў, можа, будуць рэвалюцыі, майданы, будзе партызанская вайна, але ўкраінскі народ будзе стаяць да канца. Яны свайго дамогуцца. Дваццаць гадоў зьдзекаў і чаканьняў лепшага жыцьця — яны стаміліся і вырашылі самі ўсё зьмяніць. Калі ўжо майдан ачапілі, то на ім засталіся самыя адчайныя. Ім было зразумела, што гэтая ўлада ўсё роўна ім не даруе. Страх быў у многіх вачах, але я ня ведаю, адкуль у іх бралася такая сіла, бо многія нават у войску не служылі».
Дык супраць каго ці за што ўзьняліся ўкраінцы?
«Насамрэч людзі выйшлі не за эўраінтэграцыю. Людзі выйшлі супраць сям’і Януковіча. Настолькі законы былі бандыцкія ў краіне, што людзі ня вытрымалі. Да яго прэзыдэнты былі ня лепшыя, але гэты стаў ганьбай нацыі. Людзі выйшлі выказаць яму недавер. Сам ён сыходзіць, вядома ж, не зьбіраўся яшчэ доўгі час».
Пасьля ўбачанага ў Кіеве, — пытаюся ў Вячаслава, — ці хацеў бы ён, каб нешта падобнае адбылося ў Беларусі?
«Вядома ж, цывілізаваны спосаб усё вырашаць — гэта за сталом перамоваў. Можна напалохаць, выйсьці на плошчу ста тысячам, але тады, калі ўлада хоча цябе пачуць. Для сябе я адзначыў адно — мы, напэўна, тут усё-ткі лепей жывём. Хацелася б пераменаў, але толькі не такой цаной, як ва Ўкраіне. Усё кепскае робіцца хутка, а вось будаваць сьветлую, цудоўную будучыню — гэта дужа доўгі працэс».