Жанглёр на футбольным полі

Нядаўна ішоў я па Вацлаўскай плошчы ў Празе і ўбачыў аднаго мальца з футбольным мячом. Ён закідваў мяч сабе на сьпіну, качаў яго ад шыі да пяткі, пераварочваў сабе на жывот, потым падкідваў на калена, галаву, плечы, зноў на нагу — і ўсё гэта пад рытмічную музыку. Дарэчы, выклікаў усеагульнае захапленьне і сабраў нямала чэскіх крон у сваю скарбонку. Але мне неяк падумалася: ці гуляў ён хоць раз за футбольны клюб?

Сучасная культура, якую я ўсю дарогу спрабую зразумець, разьвіваецца паводле нейкіх дзіўных законаў, да якіх я ніяк не магу прызвычаіцца. Мне заўсёды думалася, што для рэклямы дастаткова сяброўскай перадачы з вуснаў у вусны, для разуменьня свайго — рытмікі сэрцабіцьця. І ніякіх іншых крытэраў. Цяпер жа чым далей, тым весялей мяне спрабуюць зрабіць спажыўцом чагосьці «абавязковага для ўсіх». Сучасная культура патрабуе, каб ты быў там і там, схадзіў туды і туды, паглядзеў, прачытаў і паслухаў тое і тое. Інакш — выпадаеш. Бо ня зможаш падтрымаць размову, прасачыць дынаміку, сынхранію і дыяхранію. Рацыянальнае павуціньне, як сырэна на нерасьце, кліча цябе ў свае абдымкі.

Неспадзявана доўга гэтыя працэсы абміналі беларускую літаратуру. Мажліва, ейная патрыярхальнасьць грала тут не апошнюю ролю. Ад слова «праект» літаратар старэйшага веку скаланаецца: як так можна пра сьвятое, пра літаратуру? І ўцякае ад гэтага навамоўя ў глыбіні ўласных комплексаў, сяброўскія тэлефанаваньні і сустрэчы ў курылках. Цяпер у нас дзьве літаратуры: рынкавая і ўся астатняя (чытай — адсталая, непасьпяховая, нямодная, «нікому-не-вядомая»).

Да першай належыць якраз Віктар Марціновіч. Прычым калі ўсе астатнія гульцы на літаратурным полі праходзілі нейкі шлях перад тым, як трапіць у яжовыя пальчаткі рынку, то Марціновіч зь першага ж твору быў пісьменьнікам-праектам, такім сабе Ягоркам Драпавым, для якога важна зрабіць заўважны жэст і якому важна запомніцца, а самая вартасьць кніжкі адыходзіць пры гэтым на другі плян. Людзі зь літаратурных колаў паступова звыкаюцца з штогадовымі вакханаліямі пры выхадзе чарговага раману (за пяць гадоў выйшла чатыры штукі — Сэлінджару й ня сьнілася!), з сумам прабягаюць вачыма глыбакадумныя рэцэнзіі культуролягаў, якія з імпэтам «дэканструююць», «інтэрпрэтуюць» і «эксплікуюць» тыя архіважныя і найактуальнейшыя сэнсы, якія льюцца на галовы ўдзячных чытачоў з раманаў Віктара Марціновіча. Сам пісьменьнік стаецца перасоўнай выставай, якую возяць па краіне і паказваюць за мяжой на рознага кшталту ВДНГ.

Хлопец прыйшоў да посьпеху, што тут сказаць. Цяпер ён — частка вялікага кансорцыюму і ўцягвае ўсё новых людзей у поле свайго прыцягненьня. Паспрабуй напішы пра яго крытычна — ды ты што? ты ведаеш, хто яго рэдагаваў, хто яго прасоўвае, хто пра яго ўхвальна адгукнуўся? Ты хочаш, каб яны не падалі табе рукі?

Я паспрабую.

На марціновічаўскі раман «Мова», які гэтымі днямі актыўна раскупляецца ў менскіх кнігарнях і спампоўваецца зь сеціва, выйшлі тры рэцэнзіі — Каці Рускевіч, Андрэя Расінскага і Міхася Баярына. Тэксты вельмі розныя, але ўсе — узорна-дыпляматычныя, калі не сказаць больш. Агульнае месца ў трох тэкстах — пераказ зьместу і азнаямленьне чытача з кампазыцыяй. Мне гэта падаецца надзвычай сымптаматычным — што яшчэ можна сказаць пра гэты раман, акрамя як пераказаць і пахваліць анатацыю? Як сапраўды файна прыдумана: лінгвістычны баявік, антыўтопія, альтэрнатыўная гісторыя, Кітай паглынуў РФ, мяжа Ўсходу і Захаду засталася ў Берасьці, Эўропа заняпала, захраснуўшы ў мультыкультурнай вольнасьці й нішчымніцы, а Кітай (а зь ім і Менск) цяпер гегемон — заможны й пасьпяховы. Беларускую мову (наймацнейшы наркотык) завозяць кантрабандай, продаж скруткаў з фрагмэнтамі забытых тэкстаў курыруюць кітайскія трыяды — мафіёзныя кляны. Вось у начным клюбе хлопец і дзяўчына, дасягнуўшы эмацыйнага збліжэньня, разгортваюць у туалеце скрутак з мовай і, прачытаўшы вершык, раствараюцца ў экстазе, а хлопец, ачомаўшыся праз колькі гадзін, разумее, што атрымаў вэнэрычнае захворваньне. А чыталі яны вось што:

Ты пойдзеш у бой, а я плуг пакірую, каня накармлю, напаю, — і так абаронім, засеем, збудуем Беларусь дарагую сваю.

Выдатная сюжэтная калізія, ці ня праўда? Усіх мусіць торкнуць...

А вось джанкі натрапляе на найбольш гарманічны ў сваім наркаманскім досьведзе тэкст — і гэта «Матылі» 20-гадовага Уладзімера Жылкі, найпрымітыўнейшы ягоны верш.

Я з горыччу пішу пра гэтае сьвінства ў адносінах да геніяльнага Жылкі, усьведамляючы відавочную некампэтэнтнасьць аўтара ў беларускай лірычнай традыцыі, ад Францішка Скарыны да Антона Францішка Брыля, зь якое можна было б выбраць значна цікавейшыя радкі. Пішу, разумеючы і агульны аўтараў пасыл: сыграўшы на «тролінгавым» характары кожнай згадкі пра мову і кожнага ўпамінаньня аб білінгвізме, паказытаць рэцэптары ў рускамоўнай аўдыторыі Беларусі, пераважна моладзевай, якая, праглынуўшы вірус з раману, пабяжыць чытаць беларускую літаратуру. Толькі ці пабягуць, прачытаўшы пра «каня накармлю, напаю, засеем, збудуем»? Чувак, гэта тыя ж «сьвіткі», «лапці», «сохі» і «косы», супраць якіх змагаецца наша культура, пачынаючы з Багдановіча і заканчваючы кампаніяй «Будзьма беларусамі». Навошта засоўваць іх у камэрцыйны раман для шырокай аўдыторыі? Каб яна ўпэўнілася, што школьны белліт і белліт для інтэлектуалаў — тоесныя?

Раман «Мова» гладкі, як нэктарын, сэнтымэнтальны да ружовасьці і абсалютна нястрашны, хоць задуманы, паводле аўтара, як драма і антыўтопія. Бяры і ў лоб стрэль, не магу ўявіць сабе чытача, у якога нешта там сьцісьнецца пры чытаньні. Таму што палова тэксту аддадзеная на абстрактнае бла-бла-бла, зь якога, як правіла, не пралузваецца антыўтапічная вусьціш. Каханьне, якое цэмэнтавала тэксты Замяціна, Оруэла і Гакслі, «абнуляючы» сабою сутнасьць якое-кольвек таталітарнае ідэялёгіі, у Марціновіча выглядае як сьлязьлівае інтэлігенцкае цопаньне (які ўжо з такога каханьня супраціў Сыстэме!), а пошук слова-адпаведніка для каханьня ў кнізе Дубоўкавых перакладаў з Шэксьпіра (той пошук мог бы стаць стрыжнем сюжэту), узьнікае ў другой палове кніжкі і неўзабаве борзьдзенька заяжджае на раяльных калёсіках назад у кустоўе.

Я ня супраць рынку і мідл-літаратуры (як гэта па-беларуску будзе — «сяр-літ» ці што?). Але, відаць, каб заваяваць той рынак, трэба выканаць ягоныя патрабаваньні. Напрыклад, прыдумаць сьвежую глябальную мэтафару, ад якое кайфавалі б мільёны. Ці ёсьць нешта падобнае ў наіўна-дзіцячай маласольнай антыўтопіі Марціновіча? Па-мойму, не. Раманы ягоныя, у тым ліку і «Мова», выдаюць на пашыраныя варыянты калёнак, адзіная функцыя якіх — справакаваць чытача нейкай бразготкай, зь якой той пагуляе пару дзянькоў, а пасьля закіне ў дальні кут і папросіць новую. Пакуль што сымбалічны ягоны капітал складаюць не літаратурныя дасягненьні, а 5000 фрэндоў у фэйсбуку, прыемная зьнешнасьць і некалькі сотняў сяброў сярод лепшых гуманітарыяў Беларусі і сьвету, якія і будуць перакладаць ягоныя новыя раманы на замежныя мовы, вазіць на франкфурцкі кірмаш і пісаць пра іх глыбакадумныя міні-манаграфіі.

А я пайшоў чытаць Івана Мікалаевіча Пташнікава. Жыве ў горадзе Менску і такі празаік.