Куба адмовілася ад плянаў стварыць мужчынскі адэкалён ў гонар рэвалюцыйнага героя Эрнэста Чэ Гевары і былога прэзыдэнта Вэнэсуэлы Уга Чавэса, назваўшы гэты праект непаважлівым у адносінах да двух «сьвятых» рэвалюцыйных сымбаляў.
Выканаўчы камітэт Рады Міністраў Кубы заявіў у суботу, што асобы, адказныя за вытворчасьць адэкалёнаў будуць пакараныя, паколькі зьдзейсьнілі «сур’ёзныя памылкі».
«Гэтыя ініцыятывы ня будуць прынятыя ні нашымі людзьмі, ні рэвалюцыйным урадам. Гэтыя людзі — учора, сёньня і назаўсёды застаюцца сьвятымі сымбалямі», — гаворыцца ў заяве.
Дзяржаўная фармацэўтычная кампанія Labiofam абвясьціла аб плянах распрацоўкі спэцыялізаваных водараў, называных «Эрнэста» і «Уга» на гэтым тыдні. Яны павінны былі паступіць у продаж як мужчынскі адэкалён.
Labiofam апытаў больш за 100 чалавек пры выпрацоўцы водараў. Яны заплянавалі пачатак вытворчасьці у першым квартале наступнага года, заявіў дырэктар Labiofam ў інтэрвію Reuters. Дырэктар лічыў, што, ствараючы такія адэкалёны, аддае даніну павагі Чэ Гевару і Чавэсу. «Гэта людзі, якія заслугоўваюць поўнае павагі і гонару», — сказаў ён.