«Вось гэта віно! У Малдову прыедзеш, абавязкова cап’есься», — сказаў кіраўнік Беларусі, адпіўшы алькагольны напой нашай вытворчасьці, піша малдаўская прэса. У выніку малдаўскі калега Аляксандра Лукашэнкі Нікалае Цімафці падарыў госьцю 450 пляшак віна.
Гэта ня першы алькагольны прэзэнт кіраўніку беларускай дзяржавы. У 2010 годзе падчас ягонага візыту ў Армэнію мясцовы каньячны «кароль» і адначасова старшыня партыі «Квітнеючая Армэнія» Гагік Царукян заявіў, што дорыць высокаму госьцю і свайму сябру 400 літраў адборнага каньяку. Але «кароль» паставіў адну ўмову — расьпячатаць бочкі з сонечным напоем у дзень вясельля Мікалая, малодшага сына беларускага кіраўніка.
Некаторыя падарункі Лукашэнку можна пабачыць у Музэі сучаснай беларускай дзяржаўнасьці. Там існуе выстава падарункаў прэзыдэнту і кіраўніцтву Беларусі. Іх два дзясяткі, палова — непасрэдна Лукашэнку.
Сярод найцікавейшых звычайна называюць юбілейныя мэдалі, прысьвечаныя 200-м угодкам вайны 1812 году — ад Уладзімера Пуціна, і нагрудны крыж — ад камітэту па сьвяткаваньні 135-х угодкаў вызваленьня Баўгарыі ад асманскага прыгнёту. Тут жа месьцяцца макет касьмічнага спадарожніка і пано з Кітая, копіі скіфскіх упрыгожаньняў з Украіны, залаты дыск зь Віетнама, бюст Махатмы Гандзі зь Індыі...
Які з гэтых прэзэнтаў найдаражэйшы, сказаць цяжка. Супрацоўнікі музэю на гэтае пытаньне адказваюць аднолькава: «Матэрыяльную ацэнку мы не праводзім, бо ўсе падарункі бясцэнныя».
Праўда, далёка ня ўсё, што дорыцца беларускаму кіраўніку, знаходзіцца ў музэі. Напрыклад, шыкарнае аўто Maybach, пра якое Лукашэнка абмовіўся на сваёй прэсавай канфэрэнцыі. Экспэрты кажуць, што такая машына каштуе ад паўмільёна да васьмі мільёнаў даляраў. Тады кіраўнік дзяржавы сказаў, што гэтую машыну яму падараваў на дзень народзін «адзін расейскі чалавек». Лукашэнка сьцьвярджаў, што ён на такім эксклюзіўным аўтамабілі ня езьдзіць, а машына стаіць у гаражы.
У 2009-м годзе журналісты сфатаграфавалі гадзіньнік на правай руцэ кіраўніка Беларусі. Гэта быў швайцарскі гадзіньнік Patek Philippe Calatrava 5120j, які каштуе амаль 17 тысяч даляраў. Толькі праз тры гады Лукашэнка сказаў журналістам, што гадзіньнік, як і Maybach, яму падаравалі на дзень народзінаў. Аднак імя шчодрага дарыльца ён не назваў.
Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька згадвае, што накіроўваў запыты ў Генэральную пракуратуру і падатковую інспэкцыю па Менску з патрабаваньнем разабрацца, за што Лукашэнку падаравалі Maybach, ці няма тут нейкага прыхаванага хабару і ці плаціў ён за гэты прэзэнт падатак:
«Мы атрымалі вельмі фармальныя адказы, адказы не па сутнасьці. Фактычна іх трэба чытаць так — дзеяньне беларускага заканадаўства распаўсюджваецца выбаркова. Аляксандар Лукашэнка — фактычна адзіны, на каго яно не распаўсюджваецца. Чыноўнікі не далі адказу па сутнасьці справы, спаслаўшыся на нейкія другарадныя альбо падзаконныя акты».
Дарэчы, у артыкуле 38 Закону «Аб прэзыдэнце Рэспублікі Беларусь» пра падарункі на дзень народзінаў не сказана нічога. Там прапісаны лёс толькі тых падарункаў, якія атрыманыя падчас афіцыйных візытаў у іншыя дзяржавы, а таксама тых, што ўручаныя замежнымі прадстаўнікамі падчас іхніх афіцыйных візытаў у Беларусь. Гэтыя дары паводле закону — дзяржаўная маёмасьць і павінны захоўвацца ў рэзыдэнцыі прэзыдэнта ці ў музэях краіны. А асабліва каштоўныя — у Нацыянальным банку.
Шушкевіч: «Падарунак даражэйшы за гальштук я не прымаю»
Старшыня Вярхоўнага Савету Беларусі 12-га скліканьня Станіслаў Шушкевіч пэўны час быў найвышэйшай дзяржаўнай асобай краіны. Ён гаворыць Свабодзе, што тады атрымліваў падарункі:
«Але гэта хутчэй упамінкі. Яны знаходзяцца ў мяне дома. Таму што тады ніякага закону пра тое, што трэба паступаць неяк інакш, не было. Напрыклад, прэзыдэнт Злучаных Штатаў падарыў мне ігральныя карты. Аднекуль даведаўся, што я зьбіраю карты. Леанід Краўчук — керамічную люльку. Канцлер Коль — сподачак. Гэта ўсё — такія сымбалі, упамінак, хутчэй.
А што да віна, то ўжо пасьля таго як я адышоў у адстаўку, мне прыслаў скрыню віна з Малдовы прэзыдэнт Сьнегур. Тузін бутэлек, але я ўжо быў у адстаўцы».
«Што б вы зрабілі, калі б атрымалі ў падарунак 450 бутэлек віна?» — спытаў я ў Анатоля Лябедзькі:
«Я дакладна ведаю, што зрабіў бы з адной бутэлькай. Зараз адпраўляем ва ўрад Рэспублікі Беларусь бутэльку простага беларускага „чарніла“. Гэта зьвязана вось з чым. Пасьля таго як Усясьветная арганізацыя аховы здароўя прызнала Беларусь краінай-алькаголікам, беларускі ўрад не знайшоў нічога лепшага, як прыняць напрыканцы жніўня пастанову і павялічыць квоту на вытворчасьць пладова-ягадных вінаў, у простанародзьдзі „чарніла“, на адну траціну — на 130 тысяч дэкалітраў».
Сярод прэзэнтаў Станіслава Шушкевіча найбольшая колькасьць прыпадае, аднак, не на карты, а на гальштукі:
«Нейкі даволі багаты падарунак мне хацела зрабіць кіраўніца прафсаюзаў Ізраілю. І я ёй адказаў словамі з аднаго даволі банальнага амэрыканскага фільму: падарунак даражэйшы за гальштук я не прымаю.
Пасьля гэтага мне падарылі гальштукаў 50. З розных краёў сьвету. Адны сьцьвярджаюць, што лепшыя гальштукі вырабляюць у Багаце, хтосьці казаў, што ў Міляне, хтосьці хваліў парыскія і японскія.
Карэспандэнт: «Значыць, маеце што выбіраць, калі куды зьбіраецеся».
«Не, мода ж на гальштукі прайшла. Яны мне пэўны час служылі. А пасьля з гальштукамі ў мяне бывае адна гісторыя. Жонка кажа: «Ты ўжо панасіў, завэдзгаў. І цяпер я буду імі памідоры падвязваць у цяпліцы».