Шырокі розгалас у сеціве выклікаў матэрыял Свабоды «Што рабіць з каноплямі?». У прыватнасьці, гаворка вялася пра тое, ці трэба так сурова караць за вырошчваньне гэтай культуры, абвінавачваючы людзей у наркадылерстве? Між тым яшчэ паўстагодзьдзя таму каноплі былі такой жа звыклай сельгаскультурай, як і кукуруза, а тагачасныя плякаты заклікалі «пашыраць плошчы пасеву канапель на тарфяніках».
Каноплі «праславіліся» перадусім тым, што зь іх атрымліваюць марыхуану і гашыш. У параўнаньні з расьлінамі, якія вырасьлі ў цёплым клімаце і на вышыні, беларускія каноплі ўтрымліваюць наркатычнага рэчыва — так званага тэтрагідраканабінолу — малую колькасьць. Тым ня меней, «дасьведчаным» хапае і гэтага.
Хоць ня кожны беларус ведае спэцыфічныя моманты наркатычнай навалы, да якой спрычыніліся каноплі, бальшыня людзей сталага веку памятае, што да канца 1960-х гэтая расьліна была звыклым атрыбутам вясковага пэйзажу. Расказвае глыбоцкі краязнаўца і журналіст Уладзімер Скрабатун:
«Расьлі паўсюль! Быў пачатак 1960-х, я яшчэ малы быў, гадоў сем, дык пасевы былі проста пры ўезьдзе ў Глыбокае, дзе цяпер АЗС. Такія, халера, высокія, што мне тады здавалася, гэта і ёсьць джунглі. Як цяпер памятаю: перад Глыбокім сьцяной стаіць лес, з аднаго боку ад яго кукуруза, з другога — каноплі. Угару як глянеш, дык такіх, як я, трэба было тады пяць штук адзін на аднаго паставіць. То бок вялікія калгасныя плянтацыі, попыт на яе быў вялікі. Нават нядаўна ў інтэрнэце пачытаў, што толькі каноплі могуць нас уратаваць ад дыябэту. Мне падаецца, маглі б і цяпер вырошчваць, бо і алей добры, і іншыя дадаткі да стравы. Абсалютна ня бачу ніякай праблемы, каб тыя каноплі вырошчваць, а то з-за нейкіх пары дзясяткаў наркаманаў зрабілі такую праблему для краіны. Калі з канапель болей карысьці, чым шкоды, то чаму не вырошчваць? Да таго ж, наколькі мне вядома, нашы каноплі не такія ўжо і прыдатныя для якасных наркотыкаў, гэта ж не сярэднеазіяцкая тэрыторыя, сонечная, а больш паўночная. Зрабілі б нейкую рэжымную тэрыторыю зь відэакамэрамі, ахоўнікі б сачылі, каб ніхто туды ня лез».
Доктар філялягічных навук, загадчыца аддзелу фальклярыстыкі Цэнтру дасьледаваньня беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Тацяна Валодзіна кажа, што ад старадаўніх часоў каноплі былі для беларусаў справай звыклай і незаменнай у гаспадарцы:
«У прыватных гаспадарках абавязкова выдзяляліся ўчасткі пад каноплі. То бок гэтая культура была цалкам уключана ў гаспадарчы кантэкст, яе нічога не магло замяніць, бо яна была патрэбная дзеля самых розных гаспадарчых мэтаў. Само валакно, перш за ўсё, было патрэбна для вырабу моцных вяровак. Канаплянае семя карысталася надзвычайным попытам у часе пастоў: зь яго рабілі і алей, і канаплянае малачко, расьцёртае з цукрам, якое ніхто не ўспрымаў як нешта наркатычнае, яно ішло як дадатак да бульбы, да саладухі, да іншых нашых старых традыцыйных страваў. Усё было звычайна, як мы цяпер саджаем буракі, капусту і г.д., у кожнай гаспадарцы расьлі каноплі. А як бязь іх? Памятаю нават са свайго вясковага дзяцінства, што каля дрэва быў лапічак з каноплямі. Ня ведаю, што там бацька зь іх рабіў, але было. Дарэчы, часам сьмяемся, кажам — пудзіла гарохавае ці канаплянае. Гэта таму, што ў пасевах ставілі розныя адпуджваньні, бо птушкі дзяўблі семя канаплянае».
Уладзімер Скрабатун згадвае, як некалькі гадоў таму наведаўся ў вёску Завулак на Глыбоччыне да земляка і аднафамільца Анатоля Лявонавіча — стрыечнага брата Васіля Быкава (Скрабатун было дзявочае прозьвішча маці Васіля Ўладзімеравіча). Разгаварыўшыся, «зачапіліся» за каноплі. Гаспадар стаміўся загінаць пальцы, пералічваючы, дзе і як яны выкарыстоўваліся:
Немаўлятам, каб ня плакалі, клалі пад падушку высушаныя суквецьці
«Я ў яго пацікавіўся: Анатоль Лявонавіч, а што ж вырошчвалі пры Польшчы? Той пачаў пералічваць, а потым кажа — каноплі. А што ж, пытаюся, з тых канапель рабілі? А вось зь зерня — алей, з валокнаў — моцныя вяроўкі і нават сеткі рыбацкія плялі (праўда, адразу трэба было іх сушыць, каб ня згнілі). Цёртае зерне ў клёцкі дадавалі, яны рабіліся надзвычай смачнымі, духмянымі. І нават немаўлятам, каб ня плакалі, клалі пад падушку высушаныя суквецьці. Як сказаў урэшце Анатоль Лявонавіч, ва ўсім вінаватыя наркаманы: маўляў, столькі жылі і ні пра якія наркотыкі ведаць ня ведалі. І дагэтуль бы вырошчвалі, каб адным махам не забаранілі».
Карэспандэнт: «Вось, кажаце, дзеткам падкладалі канаплянае сена — значыць, нейкае ўзьдзеяньне на арганізм усё ж было?»
«Сапраўды, Анатоль Лявонавіч казаў, што клалі пад падушку немаўляці, каб ня плакала. І дзіця спала беспрабудным сном. Вось вам і ўзьдзеяньне гэтых канапель. Дык і ня толькі ён казаў, мне шмат хто распавядаў, што такім чынам суцішвалі дзяцей. Мабыць, і дарослыя сабе ў такой прыемнасьці таксама не адмаўлялі».
Трапіўшы летась на поўдзень Украіны, быў зьдзіўлены, што ў немалым паселішчы Іванаўка на Хэрсоншчыне дзікія пасевы канапель растуць проста пры платах. Актыўнасьці па іх нарыхтоўцы не адзначалася, хоць мясцовыя і расказвалі, што пэрыядычна наведваецца ўчастковы, які прымушае пад корань выкошваць «паразыта». Але, відаць, сонца, вада і добрае надвор’е робяць сваю справу хутчэй, чым мясцовыя пінкертоны.
У нядаўнім дакладзе Глябальнай камісіі ў пытаньнях наркапалітыкі прагучала прапанова зьменшыць імпэт у змаганьні з наркотыкамі, бо ва ўсясьветным маштабе вайна фактычна прайграная — іх спажываньне расьце паўсюль. Экспэрты прапануюць легалізаваць большасьць вядомых наркотыкаў, каб рэгуляваць іх продаж і спажываньне, як гэта робіцца з алькаголем і тытунём. Захаваць забарону прапануецца толькі на самыя моцныя наркотыкі. Дзякуючы такой рэабілітацыі ў абарот змаглі б вярнуцца пэўныя страчаныя культуры, уключна з каноплямі.