Калі б Францішак Скарына жыў і працаваў сёньня — яго б даўно пазбавілі выдавецкай ліцэнзіі.
І ён мог бы даказваць ва ўсіх магчымых судах, што ягоны вобраз, створаны Алегам Янкоўскім у бээсэсэраўскім фільме «Я, Францыск Скарына», ня мае нічога агульнага з рэальнасьцю. А тое кіно выкрывае першадрукара з галавой. Скарына Янкоўскага арганізуе ў мірным горадзе студэнцкія беспарадкі, супрацьстаіць тагачаснаму КДБ і марыць выдаваць сумнеўную з ідэалягічнага гледзішча літаратуру. Адно слова, экстрэміст. Дый наогул, нельга давяраць друкарскі варштат асобе, у гонар якой нацыяналісты некалі назвалі цэлы галоўны менскі праспэкт.
Але Скарына памёр так даўно, што ў суд прыйсьці ня можа па стане здароўя. Таму Скарыну беларусам дазволена шанаваць і нават вывучаць — і кожны з нас робіць свой унёсак у скарыназнаўства. Па меры сваіх сьціплых магчымасьцяў. А яны ў нас розныя.
То адзін грамадзянін пераканаўча дакажа ўсяму сьвету, што Скарына быў карэнны пецярбуржац. То іншыя грамадзяне напішуць у інтэрнэтах, што Скарына — гэта «автор фундаментальных исследований в области лингвистики», і гэтае азначэньне пачне гуляць па самых розных сайтах, і трапіць нават у Вікіпэдыю. То група таварышаў вырашыць, што Скарына сустракаўся зь Лютэрам і нават хацеў забіць апошняга, як Алена Мазанік гаўляйтэра Кубэ. За што? А няважна. Выдаўцы — яны такія. Людзі зь цьвёрдымі вокладкамі і нездаровымі памкненьнямі.
То адзін дасьледчык падзеліцца са сьветам сваім адкрыцьцём: Скарына — протажыдамасон. «Яго можна назваць асьветнікам хіба што ў галіне чужых рэлігійных фікцый, а менавіта яўрэйскіх, якія пачалі выцясьняць спрадвечна славянскія паганскія фікцыі. Ён — протабеларускі ачмуральнік...» — піша дасьледчык. — «...Скарыну можна было б назваць магільшчыкам ісьцінна славянскай культуры, але, калі напраўду, ён ніколі ня быў досыць уплывовым, каб пацягнуць такі тытул».
Як толькі не называлі Францішка Скарыну за апошняе стагодзьдзе! Канкрэтным мажорам, асьветнікам-гуманістам, першадрукаром, рыцарам, апосталам духоўнасьці, першым беларускім перакладчыкам, палякам, расейцам, беларускім пэтраркам, славянскім леанарда да вінчы — і нават проста Георгіем. На апошняе Скарына мог бы і раззлавацца — нават Вільгельма Кубэ ніхто не называў Алёшам. Але Скарына быў добры, як дзіця. На знакамітай гравюры, дзе ён выяўлены з кніжкай у руках і ўсьмешкаю Буды на круглым твары, у куце лётае нейкая муха. Як бы намякаючы нам, што мухі Скарына дакладна б не пакрыўдзіў. А Лютэр... — ды бог зь ім, зь Лютэрам.
Таму беларусы так і любяць гэтага дзіўнага чалавека — свайго Скарыну. Пра яго ніхто не расказвае зьедлівых анэкдотаў і ніхто не выкрэсьлівае яго імя з падручнікаў, каб замяніць на якога-небудзь клерка з «Мастацкай літаратуры». Скарына задавальняе ўсіх — хай нават уяўленьне пра яго бывае такое рознае, што часам бярэ сумнеў: а ці той Скарына маецца на ўвазе?
Як вядома, Рэспубліка Беларусь мае нават адмысловы ордэн Скарыны — якім шчодра ўзнагароджвае ўсіх, хто трапіцца ёй пад руку.
Напрыклад, патрыярхаў усіх русёў — хаця царква ніколі не прызнавала Скарынавы пераклады: бо некананічненька, і заўжды ставілася да Скарыны насьцярожана — бо невядома, хто ён: праваслаўны? Католік? Пратэстант? А можа, наогул — мусульманін, ібн Лука без ISBN?
Напрыклад, прапагандыстаў, зь якімі Скарына ні ў праскай, ні ў полацкай піўніцы побач ня сеў бы, і графаманаў, якія, мусіць, пяцьсот гадоў таму даставалі Францішка паўсюль, дзе б ён ні пачынаў працаваць: «Я тут кніжачку накатаў, геніяльная кніжыца, выдай, га?»
Напрыклад, рэдактара нейкага «перыядзічэскага ізданія» «Союз. Беларусь-Россия» — прадстаўніка той чароўнай краіны, у якой некалі палілі Скарынавы кніжкі, а друкароў або выганялі, або саджалі на кол.
І процьму іншых людзей. А ёсьць жа яшчэ і мэдаль Скарыны, які наогул даюць усім без разбору. У вас яшчэ няма? Значыць, кепска прасілі. Або завалілі іспыт на ляяльнасьць. Цікава: ці атрымаў бы Скарына, калі б жыў цяпер, ад дзяржавы які-небудзь прыз? Ордэн свайго імя яму наўрад ці далі б, і мэдаль таксама. І прэмія «За духоўнае адраджэньне» яму не сьвяціла б — духоўнік асьветніку не таварыш. Герой Беларусі? Таксама не. Героі не зьяжджаюць вучыцца за мяжу, героі купляюць беларускае. А Скарына б зьехаў. Ня вытрымаў бы таго, што б яму тут падсоўвалі — пад выглядам культуры. Зьехаў бы, каб вярнуцца і зноў пачаць рэвалюцыю.
Скарына едзе па Празе, на 22-м трамваі.
Скарына глядзіць у акно.
Скарына чытае кнігу.
Садоўнік Скарына. Наш чалавек у Празе, і ня толькі ў Празе. У любым месцы, дзе кніга яшчэ нешта значыць.
У Скарыну ёсьць нешта не ад гэтага сьвету, нешта ад Майстра ў ягоным булгакаўскім значэньні — і нават жонку ягоную, здаецца, звалі Маргарыта. Скарына ведаў нешта, чаго ня ведалі астатнія. Пра такіх кажуць — апярэдзіў свой час. Як быццам час для ўсіх аднолькавы. Для кагосьці тут, у Беларусі, Скарынава адраджэньне даўно скончылася, для іншых яно і не пачыналася. А для кагосьці і не пачнецца.
Скарына ведаў. Скарына падазраваў, чым усё скончыцца. І паклапаціўся пра тое, каб пакінуць пасьля сябе добрую памяць у народзе. Народ любіць тых, хто выяўляе сваю чалавечнасьць і не сьпяшаецца рабіцца помнікам. Скарына быў чалавекам — і, па ўсім відаць, не пазбаўленым чыста чалавечых слабасьцяў і заганаў, а такія пэрсоны любыя народнаму сэрцу. Самазакаханы — зьмяшчаў у кніжках свае выявы. Геданіст — па вачах відаць. Выпіць любіў. Пагаварыць пра пчолы і ямы — павучыць іншых жыцьцю. Сьмелы — падаўся ў няблізкі сьвет, каб самому зрабіць сваё жыцьцё. Спрытны — колькі разоў даводзілася пачынаць усё спачатку.
А сям’я... Усё, як у людзей: трагедыі, праблемы, пераезды. Работы не цураўся — працаваў садоўнікам. Дзялок, але бяз рвацтва. У Скарыны на выявах усё па-багатаму — але ў начальнікі ён ніколі ня лез. Хіба што ў пазыкі — а хто з нас не пазычаў: як кажуць у Беларусі, разныя бываюць сітуацыі.
І пры ўсім гэтым Скарына быў чалавек Кнігі.
Магчыма, і праўда першым на гэтых абшарах, хто зразумеў, што менавіта кніга прынясе сюды культуру. Калі Скарына і сымбаль чагосьці — дык перадусім інтэлектуальнасьці, таго высакароднага, заснаванага на ведах сумневу, які рухае наперад грамадзтва. Постаць Скарыны — гэта альтэрнатыва вышываначнасьці, усходняму лубку і самаўпэўненай затхласьці; Скарына прынёс за сабой вецер з Захаду. Для таго, каб праз стагодзьдзі тут паўстала Беларусь, трэба было яе напісаць. І выданьні Скарыны зрабіліся першымі тамамі гэтай бібліятэкі, якую пазьней назавуць Беларусьсю.