25 верасьня ў мястэчку Залесьсе на Смаргоншчыне пасьля рэканструкцыі ўрачыста адкрыецца сядзіба паўстанца, дыплямата і кампазытара Міхала Клеафаса Агінскага. Праз год будзе адзначацца 250-гадовы юбілей гэтай выбітнай асобы, і з ініцыятывы ЮНЭСКА ў Беларусі, Літве, Польшчы і Францыі 2015-ты абвешчаны годам Агінскага. Ці насамрэч маёнтак адноўлены паводле аўтэнтычных «лякалаў»?
Цырымонія адкрыцьця будзе адбывацца ў фармаце сьвята камэрнай музыкі «Вяртаньне Паўночных Атэнаў», «хэдлайнэрам» імпрэзы заяўлены Нацыянальны канцэртны аркестар пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга. У Залесьсі сям’я Агінскіх пражыла два дзясяткі гадоў, і менавіта гэты пэрыяд лічыцца самым цікавым і зьмястоўным. Апроч усясьветна вядомых музычных кампазыцыяў кшталту палянэзу ля-мінор («Разьвітаньне з радзімай»), у гэты час былі створаныя фартэпіянныя п’есы, мазуркі, маршы, мэнуэты, рамансы, вальсы, пазьней выдадзеныя ў двух тамах у Вільні. Быў падрыхтаваны трактат «Лісты пра музыку» і распачатыя мэмуары, якія ахопліваюць пэрыяд ад 1788 да 1815 гадоў. У Залесьсі Агінскі напісаў свой самы буйны твор — опэру «Зэліда і Валькур, ці Банапарт у Каіры».
У валоданьне Міхала Клеафаса Агінскага драўляная сядзіба ў Залесьсі перайшла на пачатку ХІХ стагодзьдзя ад ягонага бязьдзетнага дзядзькі, кухмістра ВКЛ Францішка Ксавэрыя Агінскага. Неўзабаве новы гаспадар, які ў часы перасьледу паўстанцаў Тадэвуша Касьцюшкі пасьпеў пажыць у Парыжы і Вене, пачаў узводзіць побач з маральна і фізычна састарэлым палацам каменныя Атэны — палацава-паркавы комплекс у стылі клясыцызму.
За наступныя дзьве сотні гадоў палац перажыў этапы, характэрныя для многіх славутых некалі мясьцінаў, — ад пампэзнай велічы да глыбокага заняпаду. Фізычна пашкодзілі будынкі дзьве ўсясьветныя вайны, маральна зьнявечылі бальшавікі. Пасьля таго як у 1939 годзе адсюль выселілі апошніх гаспадароў, паноў Жэброўскіх, у пакоях «кватаравалі» коні і калгасная тэхніка, а ў апошнія гады перад кансэрвацыяй у палац засялілі дом састарэлых. Спробы пачаць аднаўленчыя працы на пачатку 1990-х плёну ня мелі: грошай хапіла на муляжы млына і альтанкі, а фасад узялі ў рыштаваньні, якія празь нейкі час згнілі. У канцы нулявых актывізавацца прымусіў 250-гадовы юбілей Агінскага, празь які ЮНЭСКА абвясьціла 2015-ты годам гэтай неардынарнай асобы.
Тым ня меней тэрміны здачы аб’екту шмат разоў карэктаваліся і пераносіліся, сродкі раптоўна канчаліся, і тады месяцамі тут анічога не варушылася. Але цяпер далёка з гасьцінца перад наведнікамі паўстае нерэальна белы палац, які раней хаваўся за адзічэлым кустоўем. Праўда, пры бліжэйшым аглядзе высьвятляецца, што дзеля саліднасьці некаторыя элемэнты вонкавага дэкору падрасьлі, а навадзел «амэрыканскай» аранжарэі ўзьняўся ажно на пару мэтраў у параўнаньні з арыгіналам. Як стала вядома, тут у пэрспэктыве мяркуецца абсталяваць некалькі гатэльных нумароў.
Мастак, архітэктар-рэстаўратар Сяргей Верамейчык, які пры канцы 1980-х прыехаў зь Менску ўздымаць Паўночныя Атэны ды так тут і застаўся, ацэньвае якасьць зробленых працаў наступным чынам:
«Пытаньне адразу выклікае гэткую добрую ўсьмешку. Справа ў наступным: адносна таго, што здаюць, ніхто не ўдакладняе, што гэта здача агульнабудаўнічых працаў. Гэта ніяк ня тычыцца рэстаўрацыі ці далейшай эксплюатацыі. Проста аб’ект здаецца будаўнікамі, прычым звонку. З таго, што ўнутры, наколькі я ведаю, зробленая толькі адна заля, усё астатняе трэба будзе неяк здаць праз год. Зразумела, ёсьць людзі, якія дзень і ноч думаюць пра канцэпцыю, а потым, пасьля гэтай працы, тую канцэпцыю паспрабуюць „уцялесьніць“ у экспазыцыю. І гэта ўсяго за год, хоць звычайна такія рэчы робяцца два-тры гады. У нас будзе ісьці паскоранымі тэмпамі, і ў наступным годзе мяркуецца здаць усё цалкам. Я не падзяляю аптымізму, зыходзячы найперш з той пазыцыі, як падобныя аб’екты павінны здаваць рэстаўратары. Але гэта маё меркаваньне. Можа, колькі тут засталося, усё прывязуць, даставяць мэблю, падключаць сьвятло, пойдуць вадзіць экскурсіі».
Your browser doesn’t support HTML5
У спадара Верамейчыка, які шмат гадоў адпрацаваў у зруйнаванай сядзібе навуковым супрацоўнікам, нямала нараканьняў на адрас выканаўцаў і аўтараў праекту рэстаўрацыі. Паводле ягоных словаў, за мэту было пастаўлена не аднавіць сядзібу з захаваньнем аўтэнтычнасьці, а зрабіць «эўрарамонт» — каб і чыноўнікам можна было птушачку паставіць, і вока турыстаў цешылася. Пры гэтым ён разумее, што такі варыянт нашмат лепшы, чым ператварэньне помніка ў непад’ёмныя руіны:
«Спадзявацца на тое, што тут будзе нейкая аўтэнтыка, перадача менавіта таго, што было пры Агінскім, дык гэта было б вельмі дзіўна. Тое, што ўмеюць, тое і ўмеюць, ніяк ня больш. Я ўжо некалі казаў, што сярод спэцыялістаў ходзіць такая тэрміналёгія, як „міжнародная рэстаўрацыя“, але ў нас атрымліваецца, як на мой суб’ектыўны погляд, „прастаўрацыя“. Так, гэта таксама цікава, бо магло быць ніяк, магло ўсё разваліцца дашчэнту. Але шмат людзей, якія сюды прыяжджаюць, кажуць, што гэта эўрарамонт. Я збольшага пагаджаюся і дадаю, што гэта якраз узровень нашай „прастаўрацыі“. І таму тут нечага патрабаваць нават наіўна».
Спадзявацца на тое, што тут будзе нейкая аўтэнтыка, перадача менавіта таго, што было пры Агінскім, дык гэта было б вельмі дзіўна
Сяргей Верамейчык згадвае, што яшчэ на пачатку 1990-х кіраўнікі вядомай польскай кампаніі, якая займаецца рэстаўрацыяй аб’ектаў па ўсім сьвеце, прапаноўвалі за год аднавіць залескую сядзібу Агінскіх разам з паркам і навакольнымі пабудовамі. Менавіта на той час прыпадае аднаўленьне цікавасьці да асобы былога гаспадара сядзібы: пры падтрымцы Беларускага фонду Сораса і пад кіраўніцтвам спадара Верамейчыка пачала працаваць дзіцячая студыя «Альтанка», майстэрня «Апалонік», запісваліся кружэлкі, прысьвечаныя «Паўночным Атэнам», ладзіліся вандроўкі па мясьцінах, зьвязаных з асобай Агінскага. Дзеці атрымлівалі мастацкую, эстэтычную, музычную, тэатральную адукацыю. Цяпер арганізатарскія здольнасьці Сяргея Верамейчыка незапатрабаваныя:
«Калі быў яшчэ ўрад Кебіча, прыяжджалі прадстаўнікі польскай кампаніі і прапаноўвалі за год зрабіць рэстаўрацыю палацу і парк. Тады, як мне казалі, дэпутат Трусаў ды іншыя адказалі катэгарычна: палякам не дадзім, зробім самі. Урэшце маем, што маем. Але каб у той час пагадзіліся, магчыма, ужо даўно б мелі гатовы палац і ніякіх размоваў пра цяперашнюю якасьць не было б. Таму нічога тут нечаканага няма, асабіста я гэта ўспрымаю як дадзенасьць. На што наракаць? Чаму трэба патрабаваць ад слана хуткасьці страўса? Маем, што захацелі. Але! Каб тады падтрымалі ініцыятыву тагачаснага старшыні райвыканкаму Анатоля Янца, здаецца, усё было б інакш. Гэта ён прывёз сюды спадара Полака, кіраўніка вядомай рэстаўрацыйнай фірмы, якая працавала па ўсім сьвеце, з канкрэтнай прапановай. І атрымалі адказ: не дадзім палякам чапаць нашага Агінскага. У выніку атрымалі тое, што, напэўна, хацеў той жа спадар Трусаў. Зрэшты, нават тое, што ёсьць, таксама трэба ўспрымаць і гэтаму радавацца. Асабліва мне, як жыхару Залесься, які памятае, што тут было. Можна нават сказаць, што на месцы занядбаных руінаў зьявіўся белы палац».
Белы палац прэзэнтабэльна выглядае збольшага хіба што з фронту. Па астатнім пэрымэтры за год да юбілею Агінскага давядзецца выканаць значны аб’ём працы. Пакуль незразумела, калі зьбіраюцца праектанты ўзяцца за млын, альтанку, стаў, парадзелы парк ды тэрыторыю былога заапарку, на ўваходзе ў які Агінскі ўсталяваў валун з надпісам у гонар свайго гувэрнэра Жана Ралея. Дарэчы, толькі нядаўна на іншы бераг перакінулі масток з парэнчамі, да гэтага даводзілася фарсіраваць рачулку па сьлізкіх камянях.