24–25 верасьня Аляксандар Лукашэнка наведвае з афіцыйным візытам Малдову.
Паводле інфармацыі прэсавай службы Аляксандра Лукашэнкі, заплянаваныя перамовы ў вузкім і пашыраным складзе з прэзыдэнтам Малдовы Мікалаем Цімафці, сустрэчы з прэм’ер-міністрам Малдовы Юрыем Лянкэ, старшынёй парлямэнту Ігарам Корманам і лідэрамі парлямэнцкіх фракцыяў, а таксама з былым кіраўніцтвам гэтай краіны.
Малдоўскія СМІ паведамляюць, што ў беларускую дэлегацыю ўключаныя прадстаўнікі 30 буйных кампаніяў, у тым ліку Беларускай нафтавай кампаніі, заводу «Белшына», прадпрыемства «Белкамунмаш», Менскага трактарнага заводу.
У рамках візыту ў Кішынёве плянуецца правесьці малдоўска-беларускі эканамічны форум. Усяго ў сьпісе беларускіх удзельнікаў эканамічнага форуму 41 чалавек, паведамляе сайт пасольства Беларусі ў Малдове.