Рось — гэта клясычнае беларускае мястэчка, з помнікаў якога зьлітаваліся войны мінулага стагодзьдзя. Абапал вялікага рынкавага пляца, на месцы якога сёньня ўтульны сквэр, пазіраюць адзін на аднаго касьцёл, царква і былая сынагога. Рось дакажа любому падарожніку, што слова «правінцыя» ў нашай краіне мае цалкам станоўчую афарбоўку. Бо ў Росі я налічыў не адну цікавую рэч з прыметнікам «самы». Напрыклад, у касьцёле — самае ўнікальнае надмагільле. Княгіні Сафіі Патоцкай-Несялоўскай, фундатаркі храма. Гэта скульптура зь белага мармуру. Старая княгіня на ложы сьмерці ў натуральную велічыню. Уражвае дакладнасьць найдрабнейшых дэталяў. Ад складак на падушцы да рук нябожчыцы. Для 90-гадовай расічанкі Яўгеніі Налівайкі князі Патоцкія — гэта не далёкая гісторыя, а ўспаміны дзяцінства.
— Вы памятаеце Патоцкіх?
— Вы што! Добрыя людзі. Ні ў чым не адмаўлялі. Хто прыйдзе да іх, дапамагалі ўсім. І жыта давалі, і ўсё. На могілках капліца ёсьць, дзе пахаваныя паны. Прыйшлі Саветы, усё параскідалі. У чым нябожчык вінаваты? А паны добрыя былі. Тым, хто служыў у іх, дамы пабудавалі. Парабкам сваім будавалі. Ня толькі грашыма дапамагалі, але і жытлом. Дапамагалі Патоцкія.
А яшчэ ў Росі самы высокі ў краіне млын. У пяць паверхаў. Ён, дарэчы, працуе дагэтуль. Старая Яўгенія зь дзіцячай павагай прагаворвае прозьвішча даваеннага млынара.
— Пшаніцу пытлявалі, крупы рабілі. У канцы вуліцы жыў Мілеўскі! Ён быў млынаром. Такая была ў яго праца! Жыта, крупы рабіў. Тут усё было, у гэтым млыне. Мы сьвятло ад яго атрымлівалі. Турбіна электрычнасьць гнала.
Самы незвычайны будынак Росі — так званы домік садоўніка. Ён нагадвае дэкарацыю да дзіцячай каляднай казкі. Аднапавярховы дамок з высокім гарышчам і гатычнымі вокнамі.
— Гэта была ружарня. Кветкі былі такія, што можна было купіць і зімой.
У 39-м маёй суразмоўцы было 16 гадоў. Больш за ўсё ў тым годзе яе ўразіла не Чырвоная армія, а апаганьваньне ўсыпальніцы Патоцкіх.
— На могілках стаіць капліца. А ў той капліцы ёсьць падвал. І там яны былі пахаваныя. Патоцкія. Прыйшлі гэтыя. Саветы. І косьці ламалі, і выкідалі. Навошта? Гэта было абы-што. Ня трэба было гэтага рабіць.
— А хто гэта рабіў? Свае людзі?
— Свой чалавек ня будзе гэтага рабіць. Гэта салдаты. Я ж не пайду гэта рабіць. І цывільны чалавек, які разумее, ня пойдзе. І з Расеі наехалі. Можа, панамі сябе лічылі. У 39-м выбівалі ўсіх, хто багаты, хто адукаваны. Усіх выбівалі.
І ўсё ж магілы рабаваў мясцовы чалавек. Нават прозьвішча яго вядомае. Пра гэта мне распавёў Станіслаў Раманчук, былы парторг тутэйшага саўгаса.
— Тут быў такі дурань Русецкі. Ён і выкінуў з капліцы парэшткі Патоцкага. Ён быў тутэйшы чалавек.
— Актывіст?
— Проста прыдурак. Выкінуў косткі.
Палац Патоцкіх не дажыў да нашых дзён. Але дастаткова паглядзець на раскошны двухпавярховы дом эканома, каб ацаніць шчодрасьць гаспадароў да сваіх работнікаў. Яшчэ некалькі гадоў таму тут была музычная школа. Сёньня будынак стаіць закалочаны, з выбітымі шыбамі. Без гаспадара. Перад домам у парку стаяць два бюсты камуністычных правадыроў. Маркса і Леніна. Сваім дагледжаным выглядам яны вельмі кантрастуюць з закінутым домам. Аказваецца, былы парторг з таварышам сваімі сіламі не даюць рассыпацца гіпсавым дзядам, як іх ласкава называе пан Станіслаў.
— Даглядаем дзядоў нашых. Ачысьцілі іх наждачкай, пабялілі трошкі. Цэмэнтам падмацавалі. З суседам. Мы і вокны ў доме пазабівалі, каб ня лазілі.
А яшчэ ў Росі быў самы прыгожы гарадок для былых савецкіх вайсковых лётчыкаў, выведзеных зь Нямеччыны. Акуратныя пяціпавярховікі пад мэталадахоўкай, прыгожая школа, садзік. І праз дваццаць гадоў гэты раён выглядае як новенькі. Вось толькі вайскоўцаў тут усё меней. Слова жыхару раёна, настаўніку Раману.
— Былых вайскоўцаў засталося вельмі мала. Яны прыехалі ў асноўным з Расеі. Тут сваякоў у іх няма. Працы таксама тут няма. Выяжджаюць. Пакідаюць тут кватэры. Многія да гэтае пары не прыватызаваныя. За прыватызацыю трэба аддаць, здаецца, 35 тысяч даляраў. А прадаць яе можна максымум тысяч за 25.
«Занадта шырокі рускі чалавек, я б звузіў». Гэтыя словы Дастаеўскага я міжволі ўзгадаў, разгаварыўшыся з былым вайскоўцам, які сканчаў сваю службу ў Празе. І да гэтае пары ня можа дараваць чэхам вось чаго.
— Я ў Чэхіі быў перад самым вывадам. Замкі, так, прыгожа. Але ж яны, заразы, нашых пацаноў паставілі на калені на плошчы. Калі б я там быў, я б ім паставіў бы... Хто ў Чэхіі быў, іх звычайна ў апошні дзень вазілі на аўтобусе Прагу глядзець. А іх абкружылі і на калені паставілі. За 68-мы год. За тое, што нашы ўступілі туды. Сукі, танк у ружовы колер пафарбавалі. Уяўляеш, колькі злосьці было? Перад намі такое адбываецца. Прыкінь, колькі злосьці.
Савецкія ідэолягі хацелі стварыць новую фармацыю — «савецкага чалавека». Не атрымалася. Затое на нашых вачах нараджаецца «гражданин русского мира». Варта хвіліну пагаварыць з гэтым «грамадзянінам», каб зразумець, хто перад вамі. Панібрацтва зь першай сэкунды. Ніякіх зваротаў на «вы». Толькі «брацішка».
— Расея з Амэрыкай будзе ваяваць да апошняга ўкраінца. Вядома, я за Расею. Я ж расіянін.
— За Пуціна ці за Расею? Ці гэта адно і тое ж?
— Ты мне брэд не нясі! Ваюй! Ваюй з ваеннымі. Навошта зьнішчылі інфраструктуру? Каб людзі здохлі? Мазгі ёсьць?
Варта выказаць сваю нязгоду адносна сёньняшняга расейскага правадыра, як у вачах «брацішкі» зьяўляецца непрыхаваная нянавісьць. У гэтых вачах можна бязь цяжкасьці прачытаць жаданьне забіць. Яшчэ хвіліну назад вайсковец па-брацку курыў, а тут пайшоў, праклінаючы мяне на ўвесь раён. Гаварыць з грамадзянінам «русского мира» трэба вельмі асьцярожна. Бо невядома, што можа раніць ягоную псыхіку. І заўжды трэба быць гатовым да бойкі. Бо сярод гэтых «грамадзян» дарослых людзей няма. Па сваіх паводзінах яны дурныя падлеткі. Вось толькі цікава, ці ня большасьць такіх «грамадзян» у нашай краіне...