Мясьніковіч у ЗША: «Мы адкрытыя для дыялёгу»

Міхаіл Мясьніковіч

Беларусь зацікаўлена ў выхадзе на фінансавы рынак ЗША, заявіў прэм’ер-міністар Беларусі Міхаіл Мясьніковіч на адкрыцьці ў Нью-Ёрку беларуска-амэрыканскага інвэстыцыйнага форуму.

Пра гэта паведаміла прэсавая служба беларускага ўраду:

«Для нас вельмі важны выхад на фінансавы рынак ЗША, і мы вельмі разьлічваем на канструктыўную сумесную працу на рынку фінансаў. Нашы дзяржаўныя і карпаратыўныя аблігацыі надзейна забясьпечаныя і маюць дастаткова высокі ўзровень прыбытковасьці. Нам трэба сумесна ісьці ў гэтым напрамку. Супрацоўніцтва ў галіне прамысловага і гандлёвага капіталу больш-менш пасьпяховае, а што тычыцца фінансаў — тут яшчэ шмат недахопаў», — заявіў Мясьніковіч.

Ён заявіў, што беларускі бок гатовы зрабіць усё, што ад яго залежыць, каб «Беларусь стала лепшым месцам для рэалізацыі праектаў амэрыканскіх інвэстараў».

«Мы адкрытыя для дыялёгу, гэтак жа, як адкрыта наша краіна, — падкрэсьліў Мясьніковіч. — Мы бачым сваю будучыню ў эканоміцы ведаў і інавацыях. Сёньня вельмі высокі ўзровень канкурэнцыі, і мы зьяўляемся прыхільнікамі рэальнай адкрытай эканомікі, пасьлядоўна ідзем гэтым шляхам».

Мясьніковіч падкрэсьліў, што для разьвіцьця супрацоўніцтва як з амэрыканскімі, так і ў цэлым з замежнымі інвэстарамі Беларусь гатова ствараць усе неабходныя ўмовы, але разьлічвае пры гэтым на ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва.