Справа слухалася ў судзе Цэнтральнага раёну Гомеля. Судовае пасяджэньне працягнецца 30 верасьня.
Былога намесьніка старшыні Гомельскага райвыканкаму абвінавачваюць ва злоўжываньні службовымі паўнамоцтвамі, саўдзеле ў злачынстве і перавышэньні ўлады. Былы дырэктар ААТ «Гомельрайаграсэрвіс» абвінавачваецца ў перавышэньні ўлады, службовым падлогу і злоўжываньні службовымі паўнамоцтвамі. Намесьнік дырэктара СТАА «Белсельгаспрам» — у прычыненьні маёмаснай шкоды, злоўжываньне службовымі паўнамоцтвамі і крадзяжы.
Паводле абвінавачаньняў, у 2011–2012 гадах яны наўмысна ліквідавалі ААТ «Гомельскі райаграсэрвіс», маёмасьць якога перадавалася ў выглядзе неграшовага ўкладу ў статутны фонд камэрцыйнага прадпрыемства. А сродкі пералічваліся на рахункі СТАА «Белсельгаспрам». Сьледзтва лічыць, што «Белсельгаспрам» быў створаны адмыслова дзеля атрыманьня даходу ад махінацыяў службовых асобаў.
Намесьнік дырэктара СТАА «Белсельгаспрам» раскаяўся і кампэнсаваў шкоду ў поўным аб’ёме. У сувязі з гэтым яму зьмянілі меру стрыманьня з заключэньня пад варту на падпіску аб нявыезьдзе. Двое іншых абвінавачаных застаюцца пад вартай, паведамляе БелаПАН.