У дакладзе Глябальнай камісіі па пытаньнях наркапалітыкі, які быў абнародаваны днямі, прагучала прапанова зьменшыць імпэт у змаганьні з наркотыкамі.
У сусьветным маштабе гэтае змаганьне прайгранае: няма краіны, дзе б іх спажываньне зьмяншалася, паўсюль яно толькі расьце. І гэта не зважаючы на тое, што ў кожнай дзяржаве існуюць праграмы па змаганьні з наркаманіяй і адпаведныя службы. Зыходзячы з гэтых рэаліяў, міжнародныя экспэрты прапануюць легалізаваць большасьць вядомых наркотыкаў, каб рэгуляваць іх продаж і спажываньне — як гэта робіцца з алькаголем і тытунём. Захаваць забарону прапануецца на моцныя наркотыкі — «крэк» (крышталічны какаін) і дэзамарфін (гэтак званы «кракадзіл»). Паліцыя б тады менш зважала на спажыўцоў, вулічных прадаўцоў і дробных вытворцаў і засяродзілася на сындыкатах і картэлях, якія кантралююць рынак наркотыкаў.
«Трава» расла ў гаражы, у цэнтры Горадні
Тым часам не праходзіць і месяцу, каб айчынныя наркакантралёры не выкрывалі ў гаражах ды кватэрах грамадзянаў Беларусі «плянтацыяў канапель» (ці таго самага канабісу, зь якога вырабляюць марыхуану або гашыш). Сёлета толькі ў Менску было выяўлена прынамсі дзесяць памяшканьняў для вырошчваньня гэтай расьліны.
Відэа — каноплі ў адной з кватэраў у менскім мікрараёне Ўручча
Літаральна днямі ў Горадні затрымалі двух маладых мужчын, 1982 ды 1992 гадоў, якія ў гаражы на вуліцы Горкага вырошчвалі галяндзкія каноплі. Каб не прыцягваць увагі міліцыі, насеньне канапель яны набылі з аплатаю праз Украіну. У гаражы было вэнтыляцыйнае ды іншае абсталяваньне. Калі будзе даказана, што каноплі вырошчваліся для рэалізацыі, абодвум стане пагражаць зьняволеньне да сямі год. Распачатая крымінальная справа паводле артыкула 329, частка 2 Крымінальнага кодэксу. Гэты артыкул тычыцца сеяньня ці вырошчваньня расьлін, якія ўтрымліваюць наркатычныя рэчывы і якія забаронена культываваць.
фота з сайту гарадзенскага УУС
Падзея актыўна абмяркоўваецца ў сацыяльных сетках ды на гарадзкіх інтэрнэт-сайтах. Сваё стаўленьне да здарэньня ды легалізацыі натуральных наркотыкаў выказалі ўдзельнікі традыцыйнага вулічнага апытаньня.
Your browser doesn’t support HTML5
Калі мікрафон выключаўся, апытаныя выказвалі і іншыя меркаваньні.
Напрыклад, што «такіх расьлін можа быць нямала ў іншых невядомых «гаражах і хатах», што «лепей марыхуана, чым барматуха», што «відавочна, здаў іх нехта з кліентаў» і што «нельга за гэта вось так у турму». Нярэдка гучала думка, што натуральны, хоць і шкодны, прадукт варты ўсё ж непараўнальна меншага тэрміну, чым за цяжкія наркотыкі і спайсы.
Наколькі небясьпечныя каноплі? Ці варта караць турмой за іх вырошчваньне? Праваабаронца Алена Красоўская-Касьпяровіч бачыць праблему ў тым, што тыя, хто пачынае з канапель, нярэдка на іх не спыняюцца.
«Ня трэба пускаць такія рэчы на самацёк. Тым больш, што тыя ж людзі з гаражу рыхтаваліся адмыслова, атрымлівалі гэтае насеньне і спэцыяльна стараліся плаціць так, каб праваахоўныя органы гэтага не адсачылі. Цяпер шмат хто кажа, што ў некаторых краінах каноплі распаўсюджаныя, і людзі іх ужываюць зусім легальна, а таму і беларусам трэба зразумець, што каноплі — гэта ня той наркотык, за які варта людзей саджаць. Аднак хачу сказаць з уласнага досьведу, што ўсё больш моладзі, пачынаючы з канапель, потым пераходзіць на больш цяжкія наркотыкі і становіцца закончанымі наркаманамі».
Відэа: Паленьне канапель напрыканцы 80-х
Паводле праваабаронцы залежнасьць, ня важна ад чаго яна, — гэта заўсёды небясьпечна. Залежнасьць ад марыхуаны лёгка праглядзець, бо наступае яна не адразу, Праз некалькі месяцаў больш-менш рэгулярнага яе ўжываньня чалавек заўважае, што ў прамежках паміж курэньнем сьвет становіцца шэрым і прэсным, а жыцьцё наогул нейкім сумным. Накатвае дэпрэсія, усё бачыцца бессэнсоўным і непатрэбным. А вось калі пару разоў зацягнуцца...
«Я лічу, што вырошчваньне канабісу трэба адсочваць, а людзей трэба абавязкова караць. Магчыма, канечне, не зьняволеньнем. Таму што турма якая ў нас — мы ўсе ведаем, якая. І не заўсёды яна выпраўляе. Напрыклад, можна караць папраўчымі працамі, якія пацягнуць за сабой адлічэньне большай часткі заробку ў прыбытак дзяржавы. Бо цяпер пад пагрозай ужо нашы дзеці і ўнукі. Марыхуану, якую зьмешваюць з тытунём — такія цыгарэты даўжэйшыя за звычайныя і згараюць коса (на слэнгу наркаманаў — касяк або вушак), — у Беларусі пачынаюць курыць ледзь не зь дзяцінства. Нават у школах ужо прапаноўваюць купіць наркотыкі — ад лёгкіх да самых цяжкіх...»
Відэа: Прыгатаваньне "малака" . Увага! Ненарматыўная лексыка)
«Маці забіла трывогу, учуіўшы ад мяне саладжавы пах»
... 25-гадовая Наста, як кажуць, дзяўчо з добрай ды забясьпечанай сям’i. Насьце не было і 15-ці, калі яна ўпершыню паспытала «траўку». Зьбіраліся кампаніямі, курылі і сьмяяліся. Такі стан ёй падабаўся. Аднойчы маці ўлавіла на вопратцы дачкі характэрны для марыхуаны саладжавы пах. «Яна забіла трывогу. Пачаліся роспыты ды допыты, лекцыі-пагрозы-абразы-пакараньні...» Наста лічыць, што калі б ня ўсё гэта, яна б, магчыма, пакурыла ды кінула... Але тут траве знайшлася замена. Таблеткі, а потым ігла... Зразумела, Наста папалася. Прычым бацькі пра гэта даведаліся апошнімі. Калі Насту затрымлівалі, яны былі мяжой.
Наста: «Атрымалася так: у дзьверы пачалі ламіцца супрацоўнікі міліцыі. У мяне ўжо была моцная сыстэма, я пачала дадому пускаць, і мы варылі ўсялякую фігню. А той раз хлопцы пашкадавалі зьнішчыць усё, што было, і проста выкінулі рэшткі з акна. Я адчыніла кватэру, бо была ўпэўненая, што нічога не засталося. Але падчас ператрусу, калі знайшлі рэшткі наркатычных рэчываў, прыйшлося як гаспадыні кватэры браць усю віну на сябе. У нашых колах так прынята. Вось за гэта мне далі два гады і адзін месяц калёніі».
Глядзіце таксама:
Сацыяльная антырэкляма канапель
Наста кажа, што на той момант ёй было вельмі шкада мамы, якая рабіла ўсё, каб дапамагчы, але нічога ня выйшла.
Наста: «Былі і псыхолягі, і адпраўлялі мяне ў адзін закрыты цэнтар ва Ўкраіне. Нас там прымушалі працаваць з раніцы да ночы, чытаць-вучыць Біблію, маліцца. Умовы вельмі жорсткія былі. Нас каралі, білі. Саджалі ў ямы такія бэтонныя, склепы. Там было страшна. І ў нас спрабавалі такімі мэтадамі забіць наш наркаманскі гонар, каб мы баяліся трапіць туды назад. Але асноўная маса, як і я, спрабавалі ўцякаць і зноў пачыналі ўжываць наркату, каб забыцца пра гэты жах. Потым мяне мама адпраўляла ў больш ляяльны цэнтар. Але там мне пасьля ўсіх жорсткіх умоў усё здалося вельмі мяккім... Адтуль я ўцякла літаральна дзён празь дзесяць. Нічога не дапамагло. Нават матывацыя паехаць на вучобу за мяжу».
Паводле Насьці, нават турэмнае зьняволеньне, не дае ніякіх гарантыяў пазбавіцца ад залежнасьці. Толькі выключна на тэрмін адседкі.
Your browser doesn’t support HTML5
«Там, за кратамі, чалавек разумее, што нічога дастаць ня можа. Чаму тыя ж „ломкі“ там пераносяцца лягчэй? Таму што падсьвядома разумееш — як бы ні хацеў, але дастаць немагчыма. І вось там, ва ўмовах пазбаўленьня волі пачынаеш усьведамляць, што з-за нейкай дурасьці шмат чаго страціў, пачынаеш ненавідзець наркотыкі. Я вяла ў калёніі дзёньнік і нават апісвала ў ім, як перажывала тыя моманты, запэўнівала сябе: усе, завязала! А потым выходзіш — літаральна ў той жа дзень табе ў рукі даюць...»
Расказваючы сваю гісторыю, Наста дзеліцца прыемным: цяпер ажно некалькі месяцаў яна ў завязцы. Гэта першы выпадак у яе жыцьці, калі адмовілася дабраахвотна. Прычына — каханьне.
«У мяне ніколі ў непрымусовых умовах не было такога, каб не ўжывала. За выключэньнем хіба шпіталя ды турмы... Калі ведаеш, што ты камусьці патрэбен, нешта атрымліваецца. Вось гэта вельмі важна. Ад многіх — няхай гэта будуць нарказалежныя або асуджаныя — ад іх адварочваюцца блізкія. У чалавека хранічная адзінота і нікомунепатрэбнасьць, хочацца забыцца... Чалавек пачынае дзівачыць яшчэ больш».
У турэмнай прыказцы — «гераін умее чакаць» — на жаль, ёсьць свая рацыя. Пасьля той нашай размовы Наста пратрымалася нядоўга...
«Сябар сказаў: травы патрэбна шмат, а тут — толькі раз кальнуцца»
30-гадовы Алег адседзеў за кратамі амаль траціну жыцьця за спробу ў наркатычным стане забіць жонку. На момант арышту хлопец з чырвоным дыплёмам скончыў унівэрсытэт, меў добрую сям’ю, а яшчэ працяглыя праблемы з наркотыкамі. Пачалося з «травы», пакуль адзін зь сяброў не сказаў: для нармальнага прыходу «сена» патрэбна шмат, а тут — усяго толькі адзін раз кальнуцца. Напачатку была эўфарыя, адчуваньне, што можаш зрабіць што заўгодна. А потым пачаліся нейкія страшныя глюкі.
«Я толькі потым, ужо ў турме, у галаве перабіраў жыцьцё сваё. Прыходзіў толькі да аднаго — усё праз дурасьць, усе беды ад наркотыкаў. Думаў, што нікому не прычыняю зла — проста дазваляю сабе расслабіцца».
З кожным днём доза гераіну расла. Калі яе не хапала, з хлопца вонкі, паводле ягоных словаў, нібыта вырываўся зьвер. Аднойчы падчас ломкі адбылося нешта страшнае, кажа Алег.
«Як быццам гэта ня я быў на самой справе. Я прыйшоў дадому шалёны, пайшоў на кухню, узяў нож і ўдарыў жонку нажом. Прыехала хуткая, міліцыя, а мне абыякава было — ну, пасадзяць дык пасадзяць, яно і на лепшае. У мяне выбар быў — альбо турма, альбо сьмерць. У маім жыцьці сапраўдным анёлам-ахоўнікам стала турма. Турэмная прыказка наркаманаў — „турма працягвае жыцьцё“ — якраз пра мяне», — сьведчыць Алег.
Восень — сэзон збору дзікіх канапель
20-гадовы Антон пачаў курыць траву гадоў з 12. «Іншыя наркотыкі спрабаваў, калі на „кропках“ не было канапель, — напісаў ён мне „на прыват“ у Фэйсбуку. — Потым каноплі неяк зусім зьніклі — іх выцесьніла курыльная сынтэтыка кшталту спайсаў. Тады і перайшоў на так званае зьбіраньне „дзічкі“. Справа сьлізкая, небясьпечная, але ўсё ж гэта не сынтэтычны наркотык. Дзікія каноплі — не галяндзкія, гэта так званая „беспантоўка“. Курыць „беспантоўку“ немагчыма. Яе зьбіраюць, каб зварыць са згушчонкай „манагу“ або „малако“. Вараць найчасьцей выключна для сябе».
Паводле Антона, цяпер якраз наступіў сэзон збору дзікіх канапель. У гэты час шукальнікі прыгодаў пачынаюць выяжджаць на палі або на дзікія закінутыя дачы. Рвуць толькі сухія лісты, якія можна тут жа на месцы перацерці ў пыл. Зьбіраюць, як правіла, у поліэтыленавыя пакеты, бо пры міліцэйскай аблаве пакеты лёгка парваць, а пыл рассыпаць, і гэта ня будзе доказам — адрозна ад сьцёблаў ды насеньня.
Усім, хто курыць «траву», Антон раіць берагчы сябе ды не ўжываць хімію.
«На гэту барацьбу ня трэба шкадаваць грошай»
Напачатку верасьня ў міжнародным аэрапорце польскага гораду Гданьск была ўсталяваная вельмі чульлівая брамка для выкрыцьця наркотыкаў. Па дыханьні, па пахах, якія ўтрымлівае адзеньне мытнікі могуць вызначыць ці меў пасажыр дачыненьне з нейкімі гатункамі наркотыкаў нават за апошнія два тыдні. Многія палякі ўспрынялі навіну зь недаверам: ці была сапраўдная патрэба купляць вельмі дарагое абсталяваньне, калі ў польскіх авіяпасажыраў звычайна можа быць толькі пах ад сьпіртога?
Кіраўніца «Плятформы» Алена Красоўская-Касьпяровіч перакананая, што беларусам на гэту барацьбу ня трэба шкадаваць аніякіх грошай. Бо сёньня гэтай бядзе, на жаль, не даюць рады ні турмы, ні грамадзкія арганізацыі, ні адмыслоўцы — лекары ды псыхолягі:
«Я насамрэч лічу, што любыя грошы, укладзеныя ў барацьбу з наркаманіяй, яны ўсё роўна акупяцца. І няважна колькі каштуе гэтая рамка, калі яна сапраўды дапаможа спыніць хаця б аднаго чалавека, запабегчы яго далейшаму сыходу ў наркаманію. Я б і сама прайшла б тэставаньне на якім-небудзь прыборы, а таксама пратэставала б усё насельніцтва на прадмет выяўленьня людзей, якія займаюцца наркотыкамі: распаўсюджваньнем ці ўжываньнем. Бо гэта сапраўды эпідэмія, і з гэтым трэба нешта рабіць. Барацьба з наркаманіяй — гэта агульнанацыянальная праблема, у вырашэньне якой павінны быць уцягнутыя ўсе слаі насельніцтва разам з праваахоўнымі органамі...»
Некаторыя дасьледчыкі, аднак, лічаць, што марыхуана зусім не абавязкова прыводзіць да фізычнай залежнасьці. Зусім ня факт таксама, што яна наносіць і шкоду здароўю. Адрозна ад Беларусі, у Канадзе, напрыклад, марыхуану прапісваюць ад дэпрэсіі. Згодна са статыстыкай, найбольшая колькасьць нарказалежных у гэтай краіне, як, дарэчы, і ў ЗША, Аўстраліі, Нарвэгіі, ужываюць прэпараты канапель, але на цяжэйшыя наркотыкі не пераходзяць. У краінах жа былога СССР прыкладна 2/3 наркаманаў пачынаюць з канапель далучэньне да цяжкіх наркотыкаў.
Аслабляць ці заціскаць гайкі?
Дык ці легалізаваць наркотыкі, ці надалей змагацца з тымі, хто іх прадае і ўжывае? Сваё меркаваньне выказвае кандыдат псыхалягічных навук, дацэнт Гарадзенскага мэдычнага ўнівэрсытэту Аляксандар Прудзіла:
«На мой погляд, тыя, хто за тое, каб караць і забараняць, яны, зразумела, маюць сваю рацыю. І нават свой эканамічны інтарэс. Бо тады трэба арганізоўваць новыя спэцслужбы. Было шэсьць-сем падразьдзяленьняў, а стала яшчэ адно, праўда? Трэба грошы, людзі, машыны, пэнсіі, і гэта ім добра. Тыя, што кажуць: давайце будзем тут усё гэта легалізаваць патроху, каб быў кантроль нейкі, — таксама, я думаю, маюць свой інтарэс. Мабыць, такі, як у Аль Капонэ. Ён бы ніколі ня стаў мільянэрам і не было б таго Аль Капонэ, каб не забаранілі алькаголь. Ёсьць свая рацыя ў тым, што тады, маўляў, яно будзе больш празрыста. Мы будзем бачыць — што ў нас, хто ў нас і калі. Але адна справа, калі ты вязеш гэта празь мяжу і можаш кулю ў лоб атрымаць або гады ў турме адсядзець. А можна так — завозіць ня тону, а толькі паўтоны ці цэнтнэр, які ўжо легальна і прадаваць».
Калі гаварыць пра двух маладых людзей, якія ў Горадні ў гаражы наладзілі вырошчваньне канапель, то ці выправіць іх турма ў выпадку, калі будзе даказана, што яны не для сябе асабіста вырошчвалі, а — на продаж?
«Гэта ўжо як тая формула, даказаная і біхэвіяральнай псыхалёгіяй у тым ліку, што пакараньні — яны не выпраўляюць. Я магу прыклад прывесьці з мастацтва. З Жанам Габэнам быў францускі фільм, дзе ён граў ролю чалавека, які няўдала абрабаваў банк. Яго злавілі, і ён сядзеў шмат гадоў у турме. І чым ён там займаўся? Ён займаўся тым, што прадумваў такі плян, каб яго не злавілі. Герой Жана Габэна выходзіць з турмы і рабуе той жа самы банк. І камісар паліцыі яму кажа: „Я ведаю інтуітыўна, што гэта ты зрабіў, але ў мяне няма доказаў“.
Што атрымліваецца: чым больш жорсткае будзе пакараньне, тым больш вынаходлівыя будуць схемы дастаўкі наркотыкаў, вырошчваньня. Вось і гэтыя хлопцы, што ў гаражы вырошчвалі — усё, купілі лямпы, купілі зямлю. То гэта яны рабілі ў гаражы. А іншым разам яны заедуць далей, знойдуць падвал нейкі. І калі на продаж, то пакуль іх зловяць, то яны й нажывуцца. Жорсткасьцю яшчэ ніхто нічога не дабіўся».
Мацнейшае змаганьне з наркотыкамі азначае, што больш спатрэбіцца супрацоўнікаў з пагонамі. Псыхоляг Аляксандар Прудзіла, аднак, скептычна глядзіць на шанцы дамагчыся перамог, калі міліцыянтаў паболее:
«А калі ўспомніць яшчэ лічбы, то ў нас праваахоўных органаў, міліцыянтаў, на душу насельніцтва, як я ведаю — 144 на 10 тысяч насельніцтва. Мы на першым месцы ў сьвеце, і гэта ж афіцыйна. Давайце зробім 180. І што? Наркаты стане менш, наркаманаў, алькаголікаў? Не, ня стане. Тут, мабыць, ісьціна ляжыць пасярэдзіне».