Лідэр Шатляндзкай нацыянальнай партыі Алекс Салманд, выступаючы перад прыхільнікамі незалежнасьці ў Эдынбургу, камэнтаваў гэтыя вынікі так: «Шатляндыя большасьцю галасоў вырашыла на дадзеным этапе не рабіцца незалежнай краінай. Я прымаю гэты вэрдыкт народу». Салманд таксама адзначыў, што ня будзе вяртаньня да звычайнага стану адносінаў і націскаў на тое, што брытанцы павіны выканаць свае абяцаньні і даць Шатляндыі вялікія паўнамоцтвы.
Прэм’ер-міністар Вялікабрытаніі Дэйвід Кэмэран заявіў, што ён «у захапленьні» ад таго, што Шатляндыя адмовілася ад незалежнасьці і пацьвердзіў намер наданьня ёй вялікіх паўнамоцтваў. «Калі б я ўбачыў, што Вялікабрытанія падышла да канца, гэта б разьбіла маё сэрца», сказаў Кэмэран. Паводле прэм’ера, шатляндзкі парлямэнт атрымае больш паўнамоцтваў у такіх ключавых галінах як падаткаабкладаньне, выдаткі бюджэту і ў сацыяльных праграмах. Праекты адпаведных законаў будуць апублікаваныя ў студзені. Галасы, пададзеныя супраць незалежнасьці Шатляндыі, паводле Кэмэрана азначаюць, што пытаньне для гэтага пакаленьня вырашанае.
Але многія выбарцы, што казалі «так», не адкідаюць надзеі, што яны атрымаюць яшчэ адзін шанец галасаваць за незалежнасьць зноў — зь іншым вынікам. Намесьнік лідэра Нацыянальнай партыі Шатляндыі Нікала Старджэн выказала шкадаваньне, што «нам не хапіла крыху-крыху, каб забясьпечыць станоўчы вынік галасаваньня». Паводле яе, вынікі паказалі, што «жаданьне зьмены ў Шатляндыі ёсьць і што краіна была зьмененая назаўжды.»
Яшчэ раніцай, калі стаў ясны вынік, Кэмэран павіншаваў Элістэра Дарлінга, кіраўніка шатляндзкай кампаніі супраць незалежнасьці. Дарлінг назваў гэта «знакавым рашэньнем» і сказаў, што выбаршчыкі абралі «пазытыўныя зьмены, а ня грубы падзел».
Найбольш галасоў за незалежнасьць было аддадзена ў Глазга, найбуйнейшым горадзе Шатляндыі, праціўнікі незалежнасьці пераважалі ў сталіцы, Эдынбургу. Навіна пра стабільнасьць брытанскай дзяржавы выклікала рост брытанскага фунта на азіяцкіх рынках — фунт дасягнуў двухгадовага максымуму ў дачыненьні да эўра.