Пра гэта сёньня заявіў, адказваючы на пытаньні журналістаў, міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей. Ён нагадаў, што першы раўнд перамоваў на гэтую тэму ўжо прайшоў ў Менску, і цяпер экспэрты з абодвух бакоў напружана працуюць над зьместам гэтага пагадненьня.
«Я праціўнік таго, каб называць зараз нейкія канкрэтныя даты. Для нас галоўнае — якасьць гэтага пагадненьня. Мы настойваем на тым, каб, паводле яго, роўныя правы набывалі як грамадзяне Беларусі, якія хочуць наведаць Эўразьвяз, так і грамадзяне краінаў, што ўваходзяць у Эўразьвяз, якія пажадаюць прыехаць да нас у Беларусь», — сказаў міністар замежных спраў Беларусі.
Уладзімер Макей сказаў, што ён разьлічвае, што наступны раўнд перамоваў з эўрапейцамі адбудзецца да канца году. Напярэдадні Ўладзімер Макей і міністар абсорбцыі Дзяржавы Ізраіль Софа Ландвэр падпісалі пагадненьне аб бязьвізавым рэжыме для грамадзян Ізраіля і Беларусі.