Ён заявіў, што нельга дапусьціць, каб Украіна засталася сам-насам перад тварам расейскай агрэсіі і што Ўкраіне цяпер асабліва неабходная падтрымка з боку ЗША. Украінскі прэзыдэнт папрасіў Кангрэс пацьвердзіць «асаблівы» статус бясьпекі ва Ўкраіне і заявіў, што Ўкраіна хоча ня выйграць вайну, а захаваць мір.
Анэксію Расеяй Крыму ўкраінскі прэзыдэнт назваў «адным з самых цынічных актаў здрады ў сучаснай гісторыі». Парашэнка дадаў, што ніколі, ні за якую цану і ні пры якіх умовах Кіеў ня зьмірыцца з акупацыяй. Ён заклікаў ЗША ўвесьці дадатковыя санкцыі супраць Расеі, якую ён назваў, агрэсарам.
Паводле ацэнкі Парашэнкі, Расея грэбуе свабодай і правамі чалавека. Гэта відаць з таго, як яна ставіцца да правоў крымскіх татараў, — адзначыў прэзыдэнт Украіны. «Мы хочам, каб усе былі вольныя, у тым ліку і жыхары Крыму», — падкрэсьліў ён.
«Пандэмія нянавісьці павінна быць спыненая», — заявіў Парашэнка. «Мы гатовыя працягнуць руку міру Расеі і лічым, што вайна павінна быць спыненая — рана ці позна. Лепш рана, чым позна, і я гатовы абмяркоўваць усё, што заўгодна, каб усталяваць мір, акрамя незалежнасьці і тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны», — падкрэсьліў Парашэнка.
Шэраг тэлеканалаў, у тым ліку Бі-Бі-Сі, вялі прамую трансьляцыю выступу прэзыдэнта Украіны.
Раней сёньня Вашынгтоне Пятро Парашэнка правёў перамовы з дзяржсакратаром ЗША Джонам Кэры. «Бакі абмеркавалі вынікі дамоўленасьцяў з нагоды рэжыму спыненьня агню, дасягнутыя ў Менску, а таксама крокі, якія робіць прэзыдэнт Украіны дзеля рэалізацыі свайго мірнага пляну», — паведамляе прэсавая служба ўкраінскага прэзыдэнта.
Таксама чакаецца сустрэча прэзыдэнта Ўкраіны з амэрыканскім прэзыдэнтам Баракам Абамам.