Ва Ўкраіне мае быць люстрацыя

Сутыкненьні прыхільнікаў люстрацыі зь міліцыяй каля будынка парлямэнту ў Кіеве 16 верасьня

Вярхоўная Рада Ўкраіны з трэцяй спробы прыняла закон аб ачышчэньні ўлады, вядомы як закон аб люстрацыі.

За прыняцьце гэтага закону ў выніку прагаласаваў 231 дэпутат пры неабходным мінімуме 226 галасоў. Пасьля таго, як першая спроба прыняць законапраект ня ўдалася, дэпутаты некалькі разоў галасавалі за вяртаньне яго на галасаваньне.

Дэманстранты, якія 16 верасьня сабраліся каля будынка парлямэнту ў Кіеве, патрабавалі прыняцьця закону аб люстрацыі. Люстрацыя — адно з асноўных патрабаваньняў актывістаў Майдану.

Закон аб ачышчэньні ўлады прадугледжвае працэдуру адпаведнай праверкі пры вырашэньні пытаньняў аб магчымасьці прызначэньня асобы на тую ці іншую пасаду ва ўладзе.

Раней заканадаўства Ўкраіны не прадугледжвала працэдуры люстрацыі. Зараз дакумэнт павінен паступіць на подпіс да прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі.