Сяргей Дубавец: Мне ўдалося напісаць кнігу пра нерэальнае

Сёньня а 18 гадзіне ў кнігарні «логвінаЎ» адбудзецца прэзэнтацыя новай кнігі нашага калегі Сяргея Дубаўца. Мы папрасілі аўтара прыадчыніць покрыва невядомасьці.

Ян Максімюк: Кніга, якую ты будзеш прэзэнтаваць у «Логвінава» 17 верасьня — «Сіні карабель у блакітным моры плыве» — каторая на тваім асабістым уліку?

Сяргей Дубавец: Цяжка сказаць, можа, якая восьмая ці дзявятая... Я не лічыў сваіх кнігаў, таму што яны ўсе такія розныя і ў радок не складаюцца...

Максімюк: Можаш крыху патлумачыць яе загаловак?

Дубавец: Гэта сакрэт. Гэта такая мантра, сакрэт якой раскрываецца ў самым канцы кнігі. Калі яе дачытваеш, тады разумееш, чаму яна так называецца.

Максімюк: Ясна. Пытаць у цябе, пра што гэтая кніга, я не зьбіраюся, бо зьбіраюся яе прачытаць, але ўсё ж запытаю пра жанр — гэта што: раман, зборнік апавяданьняў, лірычныя замалёўкі, драматургія?

Дубавец: Гэты жанр... Мне даўно хацелася напісаць прозу ў жанры «кніга». Здаецца, мне гэта цяпер удалося. Гэта такія фантасмагорыі пра людзей, якіх не бывае; пра падзеі, якія не бываюць; нават пра рухі, якіх не бывае... Гэта кніга толькі пра тое, чаго ў прынцыпе ня можа быць на сьвеце.

Максімюк: Гучыць як нешта новае ў тваім выпадку. У некаторых з тваіх папярэдніх кнігаў, а хутчэй за ўсё і ва ўсіх, вельмі выразна праяўляўся, прабач за выраз, «дыдактычны пачатак». Агульна кажучы, ты растлумачваў чытачам, як трэба разумець розныя істотныя паняткі ў беларускай прасторы з гледзішча, прабач за наступны шаблённы выраз, «беларускага нацыяналізму». У гэтай кнізе таксама такое ёсьць?

Гэта не зусім фантастыка, гэта хутчэй тое, што я назваў фантасмагорыямі. Яно напісана ў жанры такіх літаратурных коміксаў. Усё тое, што там напісана, вельмі проста можна было б перадаць малюнкамі. Але яно напісана словамі

Дубавец: Не, у гэтай кнізе няма абсалютна нічога, што было б хоць неяк зьвязанае з рэальнасьцю. Гэта кніжка абсалютна пра нерэальнае. Ня ведаю, наколькі мне гэта ўдалося, але, па-мойму, у беларускай літаратуры нічога такога яшчэ не было. Калі казаць пра нейкія сусьветныя аналягі або пра тое, на што я арыентаваўся — а прасьцей кажучы, пра тое, што мне зь дзяцінства падабалася чытаць — то я б мог згадаць Стругацкіх, Станіслава Лема, Рэя Брэдбэры... Вось нешта такое. Гэта не зусім фантастыка, гэта хутчэй тое, што я назваў фантасмагорыямі. Яно напісана ў жанры такіх літаратурных коміксаў. Усё тое, што там напісана, вельмі проста можна было б перадаць малюнкамі. Але яно напісана словамі.

Максімюк: На заканчэньне такое пытаньне. Калі глядзіш на тое, як табе ўяўляліся лёс Беларусі 25 гадоў таму і свой удзел у гэтым лёсе, з пэрспэктывы сягоньняшняга дня, то што адчуваеш у першую чаргу — расчараваньне, злосьць, гонар, задаволенасьць, фрустрацыю? І на каго гэтае адчуваньне скіраванае ў першую чаргу — на сябе, ці на тых і тое, што навокал цябе?

Дубавец: На сябе абсалютна нічога не скіравана. А навокал я адчуваю вялікую асалоду і неверагодны аптымізм перад тым, што яшчэ можна зрабіць. Я зараз узяўся пісаць новую кнігу, і гэта будзе вельмі пэсымістычная кніга, але, як мы ведаем, літаратура пэсымізму найлепш перадае аптымізм. Што нам, напрыклад, даказвае прыклад Васіля Быкава.