Вярхоўная Рада і Эўрапарлямэнт ратыфікавалі Дамову аб асацыяцыі Ўкраіны і Эўрапейскага Зьвязу. Як гэта можа паўплываць на Беларусь?
Палітоляг Аляксандар Класкоўскі выказаў такое меркаваньне:
«На сёньняшні дзень для Беларусі пытаньне пра заключэньне такой дамовы чыста тэарэтычнае, таму што зараз мы бачым, што фактычна развальваецца Ўсходняе партнэрства і ўся гэтая задума, каб неяк прыцягнуць усходнія постсавецкія краіны да Эўропы.
Іншая рэч — украінскае пытаньне, натуральна, уплывае на Беларусь, і, я думаю, беларускае кіраўніцтва будзе працягваць вось гэтую палітыку лявіраваньня. Урэшце, і Эўропа, і афіцыйны Кіеў мусяць ісьці на кампраміс, таму што, як вядома, адкладзена ўступленьне ў сілу зоны вольнага гандлю з Эўразьвязам. І Беларусь тут будзе старацца займець нейкія бонусы чыста прагматычныя. Таму што, напрыклад, з Украінай ужо ідуць перамовы, каб Беларусь стала такім лабістам у прасоўваньні ўкраінскіх тавараў на рынак Мытнага саюзу, каб яны ўсё ж такі траплялі ў Расею і Казахстан. А ўзамен беларускі бок хоча пашырыць прысутнасьць сваіх тавараў на рынку Ўкраіны.
Я думаю, што будзе ісьці вось такі прагматычны торг.
Што ж тычыцца нейкага палітычнага складніку, то, ва ўсялякім разе, гэта ня тая сытуацыя, каб беларускія апазыцыйныя сілы сёньня як прыклад паказвалі: „вось Украіна сёньня пайшла ў Эўропу“. Таму што занадта там драматычная сёньня сытуацыя».