Зьміцер Падбярэскі працаваў у заснаванай Пятром Марцавым газэце «Имя».
«Пётар, як і я, выпускнік філфаку, і розьніца ў нас — 10 гадоў. Але побач зь ім я сябе заўсёды адчуваў нейкім вучнем. Працаваць зь ім было вельмі цікава, гэта сапраўды творчы чалавек. І галоўнымі для мяне як для шараговага журналіста былі такія ягоныя якасьці, як тое, што ён вельмі давяраў тым, хто працуе ў ягоных выданьнях, і ён вельмі ўхваляў, калі ініцыятыва ішла зьнізу, вельмі ўхваляў, калі яму прапаноўвалі нейкія арыгінальныя ідэі. Прымаў, вядома, ня ўсё, але заахвочваў да гэтага.
Я думаю, на той час і газэта „Имя“, і „Белорусская деловая газета“ па арганізацыі працы былі бадай што ўзорнымі. У кожным разе я вельмі ганаруся, што працаваў разам з Марцавым, і шмат з таго, што я атрымаў ад яго як вучань, выкарыстоўваў і ў далейшай працы і стараўся разьвіваць».