У адказ на санкцыі ЭЗ і ЗША Расея можа ўвесьці абмежаваньні на ўвоз лядоўняў, а таксама на пастаўкі прадукцыі нафтахіміі, заявіў кіраўнік мінэканомразьвіцьця Аляксей Улюкаеў.
«Гэта тычыцца перш за ўсё прамысловай вытворчасьці, аўтамабіляў, іншай тэхнікі, напрыклад, кампрэсараў, лядоўняў. Вялікая колькасьць машынабудаўнічай прадукцыі, а таксама прадукцыі нафтахіміі можа быць у гэтым выпадку таксама ўключана ў мэханізм ахоўных мер», – сказаў міністар.
Паводле яго, неабходнасьць увядзеньня гэтых мер пакуль прапрацоўваецца ва ўрадзе.
Раней памочнік прэзыдэнта Расеі Андрэй Белавусаў паведаміў, што другі пакет мер у адказ на санкцыі Захаду ўжо гатовы, і ім можа быць абмежаваны імпарт аўтамабіляў, перш за ўсё патрыманых.